Вы тут

Самыя цікавыя выстаўкі снежня ў гарадах Беларусі


У краіне пачалася пераднавагодняя мітусня. Усе кудысьці спяшаюцца і бягуць. Настрой выдатны, але не забывайце: адпачываць таксама трэба. І што можа быць лепшым за прастору новых уражанняў. Галерэі, музеі і бібліятэкі Беларусі ў снежні плённа папрацавалі і падрыхтавалі для наведвальнікаў праекты, цікавыя і канцэпцыяй, і навізной.


1. Брэсцкая абласная навукова-тэхнічная бібліятэка

Сёння ў сценах бібліятэкі адкрылася экспазіцыя ўнікальнай выстаўкі рэтрачамаданаў. Здавалася б, што ў гэтым цікавага? Але, як запэўніваюць арганізатары, выстаўка расказвае незвычайныя гісторыі звыклых для нас рэчаў. Чамадан, сакваяж, кошык, кардонка... Усё гэта для нас проста функцыянальныя прадметы быту. Але ж калі зірнуць глыбей, то можна сутыкнуцца з унікальнымі фактамі.

Першыя чамаданы ў звыклым для нас разуменні з’явіліся ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Пры ўяўнай прастаце канструкцыі яны адрозніваліся памерамі, матэрыяламі, абіўкай, унутранай канструкцыяй і прызначэннем. Чамадан, які прыйшоў на змену мяхам, куфрам і кошыкам, неўзабаве стаў выцясняць больш зручныя для кароткіх паездак партфелі, сакваяжы і іншыя дарожныя сумкі.

На выстаўцы можна прасачыць, як мяняліся гэтыя аксесуары, паглядзець на няхітрыя прадметы, якія бралі з сабой у дарогу ў мінулым стагоддзі і яшчэ сёння можна знайсці ў старых, забытых чамаданах. Экспанаты для выстаўкі прадаставілі дабрачынны фонд «Фартыфікацыя Брэста», музей «Брэст тэатральны», чытачы, а таксама сябры бібліятэкі.


2. Карцінная галерэя імя Гаўрыіла Вашчанкі

Выстаўка «Савецкія ёлачныя ўпрыгажэнні і навагоднія паштоўкі 1940—80-х гг.» пачала працаваць у Гомелі яшчэ 5 снежня. Гледачы з задавальненнем ідуць у галерэю, каб успомніць трапяткія моманты падрыхтоўкі да Новага года, якія так ярка і цёпла нагадваюць пра дзіцінства, калі ўсёй сям’ёй разам упрыгожвалі ёлку, гатавалі аліўе і глядзелі «Іронію лёсу».

З парога нібы трапляеш у навагоднюю казку. Бо шмат у каго з нас хутчэй за ўсё дзесьці ляжаць тыя самыя цацкі з дзяцінства, а можа, нават з дзяцінства бацькоў. Домікі, звяркі, марскія жывёлы, шышкі, Дзяды Марозы і Снягуркі, казачныя героі і ледзяшы. І ўсё гэтае багацце — са шкла, такое крохкае і прыгожае. Міжволі пускаешся ва ўспаміны, калі чакаеш цуду, калі ўпрыгожванне ёлкі — самая важная і чаканая падзея. Сямейныя вячоркі, прадчуванне падарункаў, ліст Дзеду Марозу з запаветнымі жаданнямі. Усё гэта — Новы год.

Кранальныя паштоўкі савецкага часу з традыцыйнымі казачнымі сюжэтамі, фотапаштоўкі 1950—60 гг., ёлачныя цацкі з розных серый («Ягады», «Птушкі», «Цырк. Цыркавыя артысты», «Прадметы побыту», «Хаткі», «Гадзіннік» і многія іншыя), крамлёўскія цацкі для вялікай ёлкі, рэдкія асобнікі з серый да розных казак («Гадкае качаня», «Шэрая Шыйка», «Казка пра залатога пеўніка», «Руслан і Людміла», «Доктар Айбаліт», «Срэбны капыток»), ёлачныя цацкі з кардону, шкляныя гірлянды. Усё гэтае царства навагодняга чараўнітва падорыць святочны настрой і не пакіне публіку абыякавай.


3. Мастацкая галерэя імя Паўла Масленікава

Арт-праект Віктара Альшэўскага «Пункт прыцягнення» адкрыўся ў Магілёве. Ён размясціўся адразу ў некалькіх залах установы культуры — прадстаўлена каля 100 работ мастака, у тым ліку «Вавілонская вежа» — металічная канструкцыя каля 5 метраў вышынёй, па перыметры якой размешчаны 52 палотны розных форм і памераў з вобразамі гістарычных помнікаў і артэфактаў, сімваламі краін і эпох, аб’ектамі архітэктуры, геаметрычнымі фігурамі.

Віктар Альшэўскі з’яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскіх і міжнародных выставак, ініцыятарам і куратарам нацыянальных і міжнародных арт-праектаў. Яго работы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава, Цэнтральным доме мастака ў Маскве, мастацкіх галерэях Германіі, Нарвегіі, Польшчы, Італіі, Францыі, ЗША, Кітая і іншых краін.

Аўтар працаваў у творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску пад кіраўніцтвам Міхаіла Савіцкага. У 1984 годзе стаў сябрам Саюза мастакоў. З 2012-га па цяперашні час з’яўляецца сябрам савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Мастак нарадзіўся на Магілёўшчыне. Таму для яго выстаўка — асаблівы гонар: выстаўляцца на роднай зямлі атрымліваецца не так і часта.


4. Віцебскі музей прыватнага калекцыянавання

У Віцебску адзін з самых цікавых выставачных праектаў прысвечаны савецкім лялькам. Экспазіцыя «20.20. З Новым годам!» — святочны падарунак гораду ад калекцыянераў Алега і Алены Карпіцкіх.

Для навагодніх цудаў не існуе межаў і забарон. У гэты чароўны час магчыма ўсё, напрыклад, вяртанне ў дзяцінства. Усяго толькі трэба зазірнуць на выстаўку ў Музей гісторыі прыватнага калекцыянавання. Менавіта там, сярод савецкіх навагодніх цацак і лялек, кожны, нават самы скептычна настроены дарослы, адчуе сябе дзіцем, якое чакае чараўніцтва.

Экспанаты калекцыі — нешта большае, чым проста цацкі. Бо ў кожнага з іх свая гісторыя, энергетыка, лёс. У калекцыі сабраныя як цацкі масавай вытворчасці, так і ўнікальныя ўзоры ручной работы. Экспанаты выстаўкі дэманструюць, якімі бачылі вобразы казачных персанажаў людзі савецкай эпохі, бо ўсе цацкі, прадстаўлеыя на выстаўцы, вырабляліся на тэрыторыі СССР.


5. Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей. Новы замак

У Новым замку адбылося адкрыццё персанальнай выстаўкі беларускага мастака Андрэя Пяткевіча «Іншы погляд», дзе прадстаўлены работы аўтара, над якімі ён працаваў на працягу 20 гадоў.

Карціны зачароўваюць з першых хвілін прагляду і заахвочваюць да разважанняў. У станковым жывапісе мастак працуе ў тэхніцы акрылу, стварае складаныя тэматычныя кампазіцыі. Заўважная ўнутраная дынаміка твораў. З дапамогай гульні слоў і візуальнага выўлення ў кантэксце той ці іншай карціны аўтар стварае новы сэнс, узмацняе прачытанае і адкрывае гледачам новы погляд на асноўную праблематыку твораў.

У манументальна-дэкаратыўным мастацтве майстар працуе ў тэхніцы вітража, мазаікі, сграфіта. Ён выканаў мазаікі ў храме-капліцы Святых Царскіх Пакутнікаў, роспісы ў зале Палаца Незалежнасці, стварыў мазаіку ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры, сграфіта на вежы Старога замка ў Гродне. Работы Андрэя Пяткевіча знаходзяцца ў асабістых калекцыях Германіі, Польшчы, Кітая, Канады, Літвы, Латвіі, Расіі, Беларусі

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.