Вы тут

Топ-10 самых наведвальных матэрыялаў «Звязды» ў 2019 годзе


Напрыканцы снежня прынята падсумоўваць вынікі адыходзячага года. Таго, што за гэты час было пражыта, адчута, інтэрпрэтавана і… адлюстравана ў радках журналісцкіх твораў. Прапануем топ-10 матэрыялаў на сайце “Звязды”, якія карысталіся ў 2019 годзе найбольшай папулярнасцю сярод чытачоў*.


10. Шорт-ліст распачынае рэпартаж Нэлі Зігулі «Як працуе ўчастковы інспектар у вёсцы, адкуль роўна два гады таму прапаў 10-гадовы Максім Мархалюк». У маёра міліцыі Андрэя Болбата не самы просты ўчастак. Тут і запаведнікі, і гушчары, і дзікія балоты... Адным словам, Белавежская пушча. Менавіта ў гэтых лясах заблукаў Максім, якога два гады шукала амаль уся краіна. У той час Андрэй Болбат працаваў інспектарам ДАІ і ў ліку першых накіраваўся на яго пошукі.


9. Заметка «Што зменіцца пры налічэнні заробкаў педагогам?» заняла дзявятае месца. Нагадаем, што ў Міністэрстве адукацыі растлумачылі, што ў заробку педагагічных работнікаў асобныя выплаты будуць аб'яднаныя і змененыя са студзеня 2020 года. Як менавіта гэта адбудзецца - расказана ў матэрыяле.


8. Восьмае месца – у аднаго з выпускаў рубрыкі «Моўны практыкум». «Як з рускай мовы перакласці на беларускую выраз «его уже нет в живых»? Зрэшты, не будзем раскрываць таямніцу, ключ да якой знаходзіцца па спасылцы вышэй. Скажам толькі, што  матэрыялы рубрыкі ствараюць вельмі дасведчаныя ў філалагічнай справе спецыялісты — стыльрэдактар «Звязды» Алесь Саламевіч і перакладчык Леў Глушыцкі.


7. Рэпартаж Маргарыты Ушкевіч «Почему молодая семья из российского Мурманска выбрала для жизни белорусский Гродно» заняў сёмы радок у нашым спісе. У гэтай гісторыі няма нічога экстрэмальнага, нікому не пагражалі, ніхто не ратаваўся ад ваенных дзеянняў ці прыродных катаклізмаў. Зрэшты, кліматычны фактар ўсё ж такі меў месца. Але не гэта галоўнае. Проста людзям хацелася выбраць прыгожы і ўтульны горад. І такі знайшоўся.


6. Шостае месца – у артыкула Наталлі Капрыленкі «Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі». Ён распавядае пра тое, як хітрыя дзялкі прадаюць наборы каструль па вельмі высокіх коштах. І нярэдка – пенсіянерам. За прыгожай абстаноўкай і цёплымі словамі часам хаваюцца кабальныя ўмовы дагавору, пад якімі старыя людзі, не асабліва раздумваючы, ставяць свае подпісы…


5. «Верхнюю» палову нашага рэйтынгу мы пачынаем з фотанататкі Анатоля Клешчука «Ёсць у бацькі тры дачкі». Летась у жніўні Аляксандр і Дар'я Славуцічы са Слуцка пабраліся шлюбам, а сёлета, таксама ў жніўні, у іх нарадзіліся ажно тры дачушкі. Трайняты! Для раённага цэнтра гэта сапраўдная падзея.


4. Чацвёртая пазіцыя – у артыкула Ірыны Сідарок «Ці атрымаюць беларусы дывідэнды з чэкаў «Маёмасць»? Для большасці гэта ўжо, хутчэй, сувенір з мінулага, аднак многія яшчэ памятаюць, што каштоўныя паперы можна абмяняць на акцыі прадпрыемстваў. Некаторыя ж імкнуцца ўвогуле выменяць іх на грошы. Ці можна гэта зрабіць, куды ўкласці сертыфікаты і ці варта чакаць да 2021-га, калі тэрмін абарачэння чэкаў скончыцца і можна будзе атрымаць за іх ад дзяржавы кампенсацыю? Усе гэтыя пытанні хвалявалі нашага чытача. І мы пастараліся даць на іх адказ.


3. І вось мы дабраліся да тройкі лідараў. Яе адкрывае інтэрв’ю Аксаны Яноўскай з тэлевядучай Святланай Бароўскай і яе маці Кацярынай Дзмітрыеўнай, прысвечанае адвечнай праблеме «бацькоў і дзяцей».  Не будзем, аднак, «спойлерыць» і пераказваць сэнс гэтай вельмі цікавай гутаркі. Скажам толькі тое, ідэальных адносін паміж рознымі пакаленнямі не бывае. Але ўсе непаразуменні вырашальныя.


2. Серабро – у рэпартажа Нэлі Зігулі «Што шукаюць сем'і, якія едуць да айца Валерыяна ў пасёлак Смілавічы?» Калі хварэе цела, не трэба тлумачыць, куды ісці. А калі чалавек знешне здаровы, але ўнутры яго творыцца нешта незразумелае? Тое, што прымушае яго рабіць усе гэтыя страшныя крокі? Пра такіх заўсёды казалі, быццам бы ў іх «нячысцік усяліўся». І лічылася, што дапамагчы справіцца з ім могуць толькі экзарцысты — тыя, хто выганяюць нячыстага. Карэспандэнт «Звязды» меў магчымасць паназіраць, як з гэтым спраўляецца адзіны дзеючы ў краіне праваслаўны экзарцыст.


1. А пераможцам нашага спісу сёлета стала заметка Святланы Бусько «Стаж работы ў бюджэтнай сферы будзе вылічацца па-новаму». Справа ў тым, што з 2020 года налічваць заработную плату бюджэтнікам будуць па-іншаму. Але як бы там ні было, але зніжацца заробак настаўнікаў, выкладчыкаў, выхавацеляў і іншых спецыялістаў, якім грошы плацяцца з бюджэту, не павінны. На гэта звяртаў увагу і Прэзідэнт. Як вынік – у невялікага, але вельмі актуальнага тэкста амаль 18 тысяч праглядаў.

*Рэйтынг складзены па дадзеных Яндэкс-метрыкі і Google Analytics., а таксама сацыяльнай значнасці матэрыялаў.

Прэв'ю databy.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?