Вы тут

Героі 2019-га года


Страшная сітуацыя — выйсці на вуліцу або ехаць па дарозе і ўбачыць, што недзе гарыць дом. Але калі здавалася, што ўжо нічым не дапамагчы, знаходзіліся відавочцы падзей, якія як мага хутчэй беглі ў палаючыя дамы, каб выратаваць людзей, якія там знаходзіліся. Вашай увазе — некалькі гісторый са шчаслівым канцом, якія адбыліся сёлета ў нашай краіне.


«Вова гарыць!!!»

Драма разыгралася ўвечары 20 верасня ў адной з вёсак у Пухавіцкім раёне. На сваю дачу восеньскім вечарам пятніцы прыехалі муж і жонка з Мінска. І неяк мужчына заўважыў, як з-пад летняй страхі суседняга дома пачынае курыцца дымок...

Што было далей? Дамо слова герою нашага аповеда — Мікалаю Фярагу.

— Здарылася гэта ці то а пятай, ці то а шостай гадзіне. Верасень, рабіць на дачы асабліва няма чаго. І вось жонка прапанавала абабраць цыбулю. А рабіць мы гэта вырашылі на вуліцы. Ветру не было, ды і цягаць лішняе смецце з хаты нам не хацелася. Вось я і адправіўся па вядро цыбулі. І літаральна праз некалькі хвілін прыбягае да мяне ў хату жонка і крычыць: «Коля, Вова гарыць!!!» Уладзімір — гэта стрыечны брат маёй жонкі. Нашы дачы знаходзяцца па суседстве. Вось мы і пабеглі туды. Прычым басанож — нават не было часу абуцца.

Я ведаў, дзе ў доме стаіць ложак. Зайшоў туды — а праз дым бачнасць амаль нулявая. Навобмацак знайшоў ложак, сваяка і пачаў яго выцягваць на вуліцу. Тым часам на дапамогу падаспела жонка. Я ёй крычу: паглядзі, што тут гарыць, і, калі трэба, выключы спярша з разеткі. Выцягнуў я Уладзіміра на вуліцу, сам схапіў вядро, пабег у басейн па ваду. За гэты час жонка адключыла абагравальнік і тэлевізар. На шчасце, аднаго вядра вады хапіла. Адкрытага агню я не бачыў, але закурана была падушка, матрац пачаў тлець... Выйшаў я на вуліцу, абуўся, бачу: а сваяк знік. Бягу назад у дом — а наш пацярпелы ляжыць на сваім ранейшым месцы, якое ледзь не стала для яго эшафотам. Ну што ж, з закуранай хаты пацягнулі назад на вуліцу яшчэ раз. Апаліў ён тады скуру на руцэ добра так... Тым часам падаспелі пляменнік з жонкай, якія і паехалі разам з ім на «хуткай».

«Згарэў тэлевізар, аплавіўся тэлефон...»

22 лістапада прыйшла прыемная вестка. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў медалём «За выратаванае жыццё» 23-гадовага сяржанта міліцыі Антона Сямякіна, які служыць у Дрыбінскім раённым аддзеле ўнутраных спраў. Ён выратаваў на пажары старога чалавека.

— Сам інцыдэнт адбыўся 8 красавіка, — згадвае намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні РАУС Міхаіл Акінчыц. — Паведамленне аб тым, што загарэўся дом у вёсцы Белая, прыйшло а шостай гадзіне раніцы. Трывогу ўзняў сусед, які ўбачыў, што з вокнаў валіць дым. Ён патэлефанаваў на нумар 101, ну а адтуль дыспетчар перадаў інфармацыю ў нашу дзяжурную часць. Паселішча гэтае знаходзіцца прыблізна за 30 кіламетраў ад Дрыбіна. Там жыве некалькі нашых супрацоўнікаў. З імі мы і вырашылі звязацца. Вось да Антона першага і дазваніліся... Калі ён падбег да дома, то ўбачыў, што побач стаіць сусед, які і паведаміў пра пажар. Ён сказаў, што там, магчыма, унутры нехта ёсць. Антон зайшоў праз дзверы, унутры ўсё было, як у моцным тумане. І быў гаспадар, 71-гадовы дзядуля. Ён трымаўся за сцены ў зале ў шокавым стане. Антон вывеў небараку на вуліцу, і якраз у гэты час пад'ехалі пажарныя, якія і патушылі агонь у спальні. А ўзгаранне там было вельмі сур'ёзнае. Я пасля прыязджаў у гэты дом. Тэлевізар згарэў цалкам, моцна аплавіўся мабільны тэлефон...

«У акне стаяць пенсіянеры і крычаць немым голасам»

Увечары 23 жніўня ратавальнікам паступіла паведамленне пра тое, што гарыць прыватны дом у аграгарадку Калодзішчы, што знаходзіцца пад Мінскам. Калі пажарныя прыехалі на месца падзей, яны ўбачылі, што аднапавярховы драўляны дом гарыць адкрытым полымем. Але яшчэ да іх прыбыцця два браты вывелі з дома суджэнцаў-пенсіянераў, якія на момант пажару знаходзіліся ў доме.

— Мы ўвечары ехалі ад бабулі, дзе святкавалі яе дзень нараджэння, — расказвае Аляксандр Анціпаў. — Ехалі дадому да сябе разам з братам Яўгенам, дзецьмі, падвозілі маці... І вось Яўген здалёк заўважыў дым. Кажа: можа, крама гарыць? Вырашылі пад'ехаць бліжэй, паглядзець, што ж там адбываецца. А пасля павярнулі на адну з вуліц і ўбачылі, што гэта не крама гарыць, а франтон жылога дома. Карціна была жудасная: у акне стаяць пенсіянеры, крычаць немым голасам, шчоўкае ад агню шыфер, побач сабралося шмат дарослых людзей, падлеткаў, але ў дом не пайшоў ніхто. Баяліся яны ці што там... Разам з Яўгенам выбілі брамку, пасля — аконную шыбу і вывелі старых на вуліцу. Яшчэ б пара хвілін — і яны б згарэлі там. Вывесці іх праз уваходныя дзверы мы б не здолелі — яны былі адрэзаны агнём. Ды і ад дома мала што засталося: даху няма, столі няма, месцамі бярвенне прагарэла наскрозь.

Меркаваная прычына таго пажару — кароткае замыканне электраправодкі.

* * *

Зусім нядаўна, 20 снежня, у аграгарадку Сошна, што месціцца пад Пінскам, 27-гадовая дзяўчына вынесла з палаючага дома яго 69-гадовага гаспадара. Яна знайшла пенсіянера на ложку ў жылым пакоі. Паколькі пажар адбыўся ноччу, то агонь заўважылі толькі тады, калі ён ужо разгуляўся на поўную. У выніку полымя знішчыла дах, моцна пашкодзіла перакрыцці і маёмасць.

Аўтаномны пажарны апавяшчальнік дапамог выратаваць чалавека 26 лістапада ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці. А шостай гадзіне вечара паведамленне аб пажары паступіла на пульт ратавальнікам, але яшчэ да таго высветлілася, што гаспадара жылля выратаваў участковы інспектар капітан міліцыі Юрый Вількевіч. У гэты час ён якраз ішоў па вясковай вуліцы, калі пачуў гук ад працуючага апавяшчальніка. Дзверы былі незачыненыя, міліцыянер трапіў у дом лёгка. На печцы ён знайшоў гаспадара, які спаў. А на ім ужо тлела коўдра. Юрый Вількевіч зараз жа раскатурхаў небараку і вывеў яго на чыстае паветра, а ачаг агню заліў вядром вады.

...І з іншых стыхій

Першы лёд, які сёлета ўсталяваўся ў пачатку снежня, быў з-за слабых маразоў вельмі крохкі і нетрывалы. Разам з тым некаторых аматараў падлёднай рыбалкі гэтая акалічнасць не спыняла. Вось толькі стаўка пры такой бесклапотнасці — жыццё.

Па інфармацыі старшага інспектара Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Вольгі Нехарошых, а трэцяй гадзіне дня 8 снежня паступіла паведамленне аб тым, што ў затоцы Дняпра каля вёскі Палавінны Лог тонуць двое мужчын. Але яшчэ да прыбыцця ратавальнікаў відавочцы выцягнулі з вады 64-гадовага рыбака. Ён быў шпіталізаваны з дыягназам «агульнае пераахалоджанне». На жаль, яго 49-гадоваму напарніку дапамагчы з берага было немагчыма. Яго пасля знайшлі на адлегласці 10 метраў ад берага без прыкмет жыцця.

У пачатку чэрвеня ў краіне стаяла анамальная спякота. Тысячы людзей імкнуліся знайсці прахалоду каля вадаёмаў. Не стаў выключэннем і пляж на возеры Юбілейным у Гродне. У свой выхадны дзень туды адправіўся супрацоўнік Дэпартамента аховы сяржант міліцыі Аляксей Каратаеў. У нейкі момант ён пачуў крыкі і ўбачыў, што прыблізна за 70 метраў ад берага ў вадзе боўтаецца мужчына і кліча на дапамогу. Міліцыянер тут жа кінуўся ў ваду. Ён наблізіўся да небаракі, паспрабаваў яго супакоіць, а затым моцна схапіў яго і паплыў разам з ім да берага. Пасля мужчына растлумачыў, што хацеў пераплысці возера, але не разлічыў сілы і пачаў тануць...

Яшчэ адна гісторыя адбылася ў канцы верасня ў Пінску. Дзяўчынка выйшла на вуліцу разам з сабакам. Яна ішла да пляцоўкі, дзе звычайна выгульвала свайго чатырохлапага сябра, але... у цемры не заўважыла яму глыбінёй больш за тры метры. Яе выкапалі для дрэнажнай сістэмы. Дзяўчынка правалілася ў тую яму разам са сваім сабакам.

Праз некаторы час дадому са службы вяртаўся камандзір узвода роты міліцыі Пінскага аддзела Дэпартамента аховы капітан міліцыі Аляксандр Швец. Ён пачуў крыкі аб дапамозе, якія несліся аднекуль з-пад зямлі. Міліцыянер пайшоў на гук — і так знайшоў дзяўчынку разам з сабакам. Ён спусціўся ўніз і дапамог ёй вылезці наверх. А вось сабака моцна спалохаўся і не даваўся ў рукі чужынцу. Таму дзяўчынка пабегла дадому клікаць бацьку на дапамогу, а афіцэр застаўся разам з сабакам чакаць, пакуль яны вернуцца. Бацькі дзяўчынкі пасля прыйшлі ў аддзел Дэпартамента аховы і шчыра падзякавалі за дапамогу і неабыякавасць да тых, хто трапіў у бяду.

Як бачым, для таго каб дапамагчы іншаму чалавеку, часам неабавязкова валодаць навыкамі прафесійнага ратавальніка.

Інспектар ДАІ выратаваў жыццё... бяспраўніку

Гісторыя адбылася ў сакавіку. Старшы інспектар ДПС АДАІ Віцебскага РАУС капітан міліцыі Дзмітрый Лазука заступіў на дзяжурства на трасе Віцебск — Лёзна. Раптам кіроўца снегаўборачнай машыны перадаў трывожнае паведамленне: каля адной з вёсак ляжыць перакулены аўтамабіль.

Інспектары адправіліся на месца здарэння. Пад'язджаючы да меркаванага месца, яны сустрэлі аўтамабіль дарожнікаў, якія і знайшлі легкавік. У кабіне разам з імі ехалі два маладыя хлопцы. Былі яны не вельмі цвярозыя і папрасілі іх падвезці. Аднак цікава, што «галасавалі» хлопцы непадалёк ад таго месца, дзе адбылася аварыя.

Адзін з іх быў увесь перамазаны крывёй. Але пры гэтым ран на яго целе не заўважалася.

— Міліцыянер спытаў, чыя гэта кроў і ці быў у іх кампаніі трэці — той, хто сядзеў за рулём машыны, якая патрапіла ў аварыю, — паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Віцебскага аблвыканкама Віталь Сапроненка. — Хлопцы сталі актыўна адмаўляць свой удзел у ДТЗ і тое, што з імі быў нехта яшчэ.

Дзмітрый Лазука не паверыў словам і вырашыў знайсці кіроўцу, які, мяркуючы па ўсім, атрымаў сур'ёзныя траўмы. Афіцэр яшчэ раз уважліва агледзеў аўтамабіль і адправіўся шукаць яго ўладальніка. Інспектар аб'ехаў не адзін кіламетр мясцовых дарог і нарэшце заўважыў на адной з іх чалавека. Той ужо не мог самастойна рухацца. На галаве мужчыны была вялікая рана, якая сур'ёзна кроватачыла. Высветлілася, што гэта і быў той самы кіроўца, якога кінулі пасажыры. Ён вырашыў пакінуць месца ДТЗ. Праблукаў некалькі кіламетраў па дарогах і канчаткова страціў сілы...

Дзмітрый Лазука даставіў пацярпелага ў найбліжэйшую бальніцу. Медыкі здолелі яго выратаваць. А пасля расказалі інспектару: калі б ён знайшоў небараку-кіроўцу на некалькі хвілін пазней, то дапамагчы параненаму было б ужо немагчыма...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.