Вы тут

«Столькі выдумкі ў народзе...» Добры жарт заўсёды ў модзе!


Як нараджаюцца традыцыі? Ды рэч вядомая: нешта робіцца першы раз, а потым як быццам і выбару няма — трэба вяртацца, рабіць яшчэ і яшчэ. Так атрымалася са звяздоўскім «...Народам на провадзе!», так — з конкурсам на лепшы подпіс да здымка. Чытачы (ці паверыце — гадоў з дваццаць ужо!) практыкуюцца: нешта прыдумляюць, дасылаюць у рэдакцыю... Лепшыя варыянты потым друкуюцца, аўтары найлепшых — узнагароджваюцца квартальнай падпіскай на «Звязду»... Усё, здавалася б, добра, адзінае...

Здымак друкуецца раней, пераможцы называюцца  пазней...

І толькі ў апошнім нумары года «карцінка поўная». Усмешачку!


«Месцы ёсць — з дурною славай,

Ды «разумным» — абы сплаваць...»

У працоўны час Мікіта

На прыроду вывез

«світу»:

Нехта смажыць

шашлычкі,

Нехта з вудай ля ракі,

Хтось падаўся у грыбы,

Хто — ўдваіх —

яшчэ куды...

А ў Мікіты нуль турботаў:

Спіць хлапец

і сушыць боты.

Мікалай Касмачэўскі, г. Наваполацк

 

— Ты, вятрыска, раскажы,

Дзе і з кім цяпер мужы?

— Ды пілі гарэлку, піва...

Як заўсёды, не хапіла...

Па дабаўку

па Віллі

Дружна ў краму паплылі,

І занесла малайцоў

Проста ў лапы пагранцоў.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск

 

Кіроўца, едучы з работы,

Пад прыдарожныя кусты

Адкінуў гумавыя боты,

А мог — крый божа — капыты.

Карына Цануніна, г. Вілейка

 

Боты, што купіў Пятро,

Прапускаюць «аш два о».

А калі прамочыш ногі,

Няма лепшай дапамогі,

Чым «цэ два

аш пяць о аш».

Ды кіроўца — не алкаш.

І ДАІ «пасе» дарогі...

Значыць, трэба церці ногі.

Мікалай Старых, г. Гомель

 

«Муж званіў з камандзіроўкі,

Што купіў сабе абноўкі...»

Пачала рамонт

кватэры —

Мігам зніклі кавалеры...

Ты ж —

як хочаш:

клей шпалеры,

Столь бялі

і вешай дзверы,

Мяняй плітку, унітаз...

Ці хаця б —

не засмучайся,

У аб'явы учытайся:

Можа, прыйдзе...

муж на час?

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы

 

Маляра, красуню Леру,

Пакідаюць кавалеры.

Канстанцін пайшоў

да Танькі,

Бо яна працуе ў банку.

Павел —

у дакторкі Томы

(Тая носіць спірт

дадому).

Не злажылася

й з Антосем,—

Паху фарбы не выносіць.

Мікалай Старых, г. Гомель

 

Распышэлі

Тома з Грышам:

Мы сягоння

нуварышы,

Трэба нам такі палац,

Што не мела

 нават знаць...

І муштруюць рабацяг:

Тут не гэтак,

там — не так.

Заганялі да знямогі:

Не дай божа свінням рогі!

Любоў Чыгрынава, г. Мінск

 

Муж званіў

з камандзіроўкі,

Што купіў сабе абноўкі...

Ёй жа

трэба столь бяліць,

А галовачка —

баліць:

Для каго

ён там прыбраўся?

Мо, крый божа,

закахаўся?

Што ён есць?

Дзе ляжа спаць?

Як дадому прычакаць?

Мікалай Касмачэўскі, г. Наваполацк


«Ля ракі на гэты раз

Ясь знайшоў... процівагаз»

З прамзоны

ці не першы раз

На хутар выехаў Сярожа.

На твар надзеў процівагаз —

Азонам дыхаць ён не можа.

Наталля Шкут, в. Прудок, Светлагорскі раён

 

Той, хто любіць пахі лета

Ды хвароб баіцца,

Хай запомніць,

што вось гэтак

Можна бараніцца:

Усцягнуў процівагаз —

І гуляй, як дзікабраз.

Мікола Кісель, г. Мінск

 

Паглядзіце, ягамосці, —

Гэта з будучыні госці...

Стрэнеш недзе

ды сам-насам —

Каб не стаў заікам часам.

Валянціна Гудачкова, г. Жыткавічы

 

Не пабіла грады градам,

Не пужаў нажом бандыт...

Ясь застаўся з голым задам

Праз даляравы крэдыт.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск

 

Ля ракі на гэты раз

Ясь знайшоў... процівагаз

І на кумпал свой надзеў...

Да сябе кіруе ў хлеў...

Кажа: «Ўсякая драбніца

Калі-небудзь ды згадзіцца...»

Ну а я зрабіў выснову:

Перад намі Плюшкін новы.

Мікалай Старых, г. Гомель

 

«Ёсць ідэя ў дзеўкі Веры,

Як прывабіць кавалераў...»

Столькі выдумкі ў народзе...

Чыгункі — глядзіце — ў модзе!

Хто іх выкінуў учора,

Аж чарнее сёння з гора!

Я вось здымак разглядаю —

Толькі локці не кусаю:

Каб наперад моду знала,

Я б таксама шыкавала!

Ніна Кандрашонак, г. Петрыкаў

 

Зацікавіў дзевак новы

Невядомы быт вясковы.

А таму мінчанка Жанка

Не паненка ўжо — сялянка.

Ў кухні бачыць чыгуны:

Можа, служаць як званы —

Каб склікаць людзей

на збор?

Можа — галаўны убор?

Мікалай Старых, г. Гомель

 

Аддаём даніну модзе:

Ледзь вясна —

без шапак ходзім.

А калі мароз знянацку?

Ці мяцеліца, снягі?

Трэба, значыць, уцяпляцца,

А то вымерзнуць мазгі!

Віктар Сабалеўскі, г. Узда

 

Закарцела неяк Свеце

Зоркай стаць у інтэрнэце,

Ідэя фікс —

ні даць, ні ўзяць —

Болей лайкаў атрымаць.

Ёй, каб спраўдзіць

гэту мару,

Чыгунок і той да твару!

Наталля Шкут, . Прудок, Светлагорскі раён

 

У каго «кацёл» не варыць,

Таму новенькі падараць...

Затаварылася крама —

Рознай можа быць рэклама.

Валянціна Гудачкова, г. Жыткавічы


«З кірмашу без бабы дзед прыкаціў дадому...»

Рэкс трымае

пад сакрэтам,

Што ляжыць у возе гэтым.

Можа, грошы,

можа, дровы

Пад пасцілкай

адмысловай...

Каб пажыць

хоць трохі ў шчасці,

Шмат спрабуючых украсці.

Сужэнцы Астроўскія, г. Мінск

 

«Жулік спец!»

ды «Жулік ас...»

«Жулік выцягне калгас!»

Спадзяваліся — дарма,

Бо й каня ужо няма!

...Цюцька

так бы не сказаў —

Не па ім маркоціцца:

Гаркне з воза сваё «гаў!»,

І хай Мурка носіцца.

Ніна Бурко, в. Капланцы, Бярэзінскі раён

 

Прыязджайце,

 ягамосці,

У сядзібу дзядзькі Косці!

Жыўнасць

розная

тут ёсць

Ды чысцюткае паветра.

І адна у горле «косць»:

А куды ж

схадзіць да ветру?

Любоў Чыгрынава, г. Мінск

 

Мурка з Жучкай

свайму дзедку

Памагалі цягнуць рэпку,

Сцераглі усё, што сеяў,

Ад мышэй і ад зладзеяў.

Вось і дзед перад зімою

Забірае іх з сабою —

Не кідае ў чыстым полі

Зімаваць адных на волі.

Мікалай Старых, г. Гомель


Любіць Пеця шашлычкі,

паляндвіцу, кумпячкі...»

У загончыку Ігнат

Дрэсіруе парасят:

Пятачкі пазадзіраюць,

Па камандзе падбягаюць...

На арэну павязе?

Ці...

быць салу-каўбасе?

Іна Алісевіч, в. Мякаты, Уздзенскі раён

 

У вясковым у двары —

Мытная застава.

Іншаземцы-вепрукі

Добра знаюць справу.

Як паедзеш каштаваць

З душамі аладкі,

То з кішэні даставай

Свінкам... шакаладкі.

Іван Сіманёнак, г. Паставы

 

Скажу вам праўду,

не зманю:

З прывагай будзеш

і з прыплодам,

Калі в'етнамскую

свінню

Карміць цукеркамі

заўсёды.

Карына Цануніна, г. Вілейка

 

Паважаю я свіней,

Што ў маёй суседкі.

Бо не ў кожнага

з людзей

Чыстыя шкарпэткі.

Валерый Гаўрыш, г. Чавусы

 

Свінням гэткае пароды

Ў нас прастора

і выгоды:

Загародку ў двары

Ладзім мы,

гаспадары.

Каб з падворка

не ўцяклі,

Каб здаровымі былі:

Каб не чуць

і век не бачыць,

Што такое грып

свінячы!

Мікалай Касмачэўскі, г. Наваполацк


Апошні (у прыватнасці, сёлета) агляд конкурснай пошты і, адпаведна, здымак, да якога трэба прыдумаць подпіс, змешчаны 4 снежня. Даўнавата — многія з чытачоў ужо даслалі свае творы і творыкі. Многія, хочацца верыць, яшчэ дашлюць, бо конкурс, як вы зразумелі, будзе працягвацца (нічога ж не зробіш — традыцыя). А гэта значыць, што далучыцца да кагорты яго ўдзельнікаў (згадзіцеся: цуд якая кампанія, дзе многія ўжо знаёмыя — спісваюцца-стэлефаноўваюцца, нават сябруюць) аніколі не позна. Так што пішыце: варушыце мазгамі, варушыцеся самі! І тады мы сустрэнем не толькі 2020-ы, але і...

Адной з нашых адданых чытачак днямі споўніцца сто! Бяда ў чалавека: трэба пашпарт мяняць! Дык і ў вас хай большай не будзе!

...Што да «Звязды», то яна, як вы ведаеце, з 1917-га!

І пры гэтым па-ранейшаму прымае і кампліменты, і віншаванні накшталт (ад спадарыні Валянціны Гудачковай):

Не стамляйся ж ты, стогадовая!

Да людзей прыходзь заўжды

новая!

Бо з табою сіл прыбаўляецца,

Што задумаеш — атрымаецца!

Вось за гэта ўжо можна выпіць! І жыць далей — дасць бог, са «Звяздой»!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».