Вы тут

Чыімі галасамі загучыць «Песня года — 2019»?


Нязвыклы ажыятаж выклікала гэтым разам інтэрнэт-галасаванне айчыннага тэлепраекта «Песня года». Амаль мільён чалавек аддалі свае галасы за найлепшую песню Беларусі на сайце тэлеканала АНТ. Усяго ж на працягу двух месяцаў 60 прэтэндэнтаў змагаліся за ўвагу публікі.


Апоўначы 23 снежня на сайце тэлеканала завяршылася народнае інтэрнэт-галасаванне. Самым папулярным стаў гурт LАS VЕGАS, які сабраў 33 857 галасоў. Сярод лідараў па версіі інтэрнэт-карыстальнікаў таксама аказаліся гурт Lіtеsоund, Кэйсі, Хеlеnа Mеrааі, гурты «Тяни-толкай», «Дразды», Іскуі Абалян, Алена Ланская, Кірыл Гуд, гурт J:МОРС. Аднак, анлайн-галасаванне — важны, але не асноўны спосаб трапіць на галоўнае песеннае шоу. Бо выбар публікі стане толькі адной з падстаў для фарміравання фінальнага трэк-ліста. У канчатковым варыянце спіс удзельнікаў гала-канцэрта складзе тэлеканал АНТ з улікам меркавання інтэрнэт-карыстальнікаў, афіцыйных звестак радыёстанцый па ратацыях песень, а таксама асабістага ўкладу аўтараў і выканаўцаў у развіццё беларускай нацыянальнай музычнай культуры.

На працягу некалькіх месяцаў знаёміцца з прэтэндэнтамі на «Песню года — 2019» можна было ў рубрыцы «Раніца. Кава. Паспяваем», якую вядзе на тэлеканале АНТ Анжаліка Пушнова.

— Паколькі сёлета ў аснове адбору ляжыць галасаванне аўдыторыі, то мы вырашылі даць магчымасць пазнаёміцца бліжэй з прэтэндэнтамі, каб потым не ўзнікала пытання: хто ўсе гэтыя людзі? А яно ўзнікае часта, у прыватнасці, у адносінах да маладых выканаўцаў, — расказвае вядучая. — Іх кліпы і інтэрв'ю можна было на працягу апошніх некалькіх месяцаў бачыць у маёй рубрыцы. З панядзелка да чацвярга адбываюцца сустрэчы ў музычнай кавярні. А па пятніцах спатканні з артыстамі праходзяць наўпрост у студыі гуказапісу, дзе мы размаўляем пра іх творчасць, жыццё і чуем іх выкананне тых ці іншых кампазіцый ужывую.

Па словах вядучай, галоўная мэта — паказаць, чым жывуць і што ўяўляюць сабой маладыя артысты, а таксама адкрыць па-новаму ўжо вядомых беларускіх выканаўцаў. Так, напрыклад, Анатоль Ярмоленка выконваў «Алесю» ў стылі рэп, а Аляксей Хлястоў прымерыў
на сябе новы вобраз. Спецыяльныя заданні для кожнага госця заўсёды дэманструюць гасцей у студыі з невядомага гледачам ракурсу.

Пры такім раскладзе ўзнікае заканамернае пытанне, ці не спрыяе такая праца ўласнаму самапіяру, паколькі Анжаліка прафесійна рэалізоўвае сябе адразу ў дзвюх сферах, як тэлевядучая і як спявачка.

— Я ў гэтым плане крыху забываю пра сябе, паколькі даўно хацела такога кшталту рубрыку, то ўкладаю ў яе стварэнне шмат часу і сіл. Да прыкладу, што датычыцца пятнічных выпускаў, то раблю ўсё сама ад выбару госця да напісання сцэнарыя і мантажу адзнятага матэрыялу. Але паколькі ўмовы для ўсіх аднолькавыя, то ў адным з выпускаў я прыйшла ў госці сама да сябе, — смяецца Анжаліка. — Безумоўна, мне б хацелася і я нават пачала прадумваць, як можа прагучаць мая песня на фінальным шоу «Песня года — 2019». І калі я ўсё ж траплю ў лік артыстаў, якіх публіка пачуе на канцэрце, то хачу аб'яднаць сваю рубрыку і песню.

Музычная прэмія пройдзе 18 студзеня ў Палацы спорту і збярэ на адной сцэне як маладых, так і ўжо даўно вядомых беларускаму гледачу артыстаў. Поўны спіс удзельнікаў канцэрта будзе вядомы 10 студзеня, а адным з хэдлайнераў канцэрта стане папулярны малады выканаўца Ціма Беларускіх. Білеты на музычнае шоу ўжо можна набыць у касах горада.

Бліц-інтэрв'ю з Анжалікай Пушновай:

1. Якія песні вы спяваеце ў душы? — Я не ведаю, чаму так, але заўсёды гэта не мае кампазіцыі.

2. Хто вашы фаварыты на «Песні года — 2019»? — Усе тыя, хто прыходзіць да мяне ў госці ў рубрыцы «Раніца. Кава. Паспяваем» па пятніцах.

3. Чаму беларускім артыстам, каб стаць папулярнымі ў нас, спачатку трэба заявіць пра сябе за мяжой? — На жаль, наш глядач так прывык. Мы не заўсёды пакуль яшчэ ўмеем любіць сваё.

4. Новы год ці Каляды — якое свята вам бліжэйшае? — У нашай сям'і прынята адзначаць усе святы. Але Новы год у мяне асабіста выклікае больш пачуццяў, бо гэта заўсёды адчуванне казкі, чараўніцтва.

5. Калі ўявіць, што жыццё — гэта кастынг, то на якія праекты вам хочацца трапіць? — Мне хочацца быць там, дзе змагу аддаваць дастаткова ўвагі як сям'і, так і любімай справе. Тады я буду самая шчаслівая.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Анжалікі ПУШНОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.