Вы тут

Карэліцкімі сцежкамі


Гартаю старонкі альманаха “Жырандоля”, які выпускае Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў. Сярод іншых аўтараў — берасцейская пісьменніца Раіса Раманчук, якая нарадзілася на Гродзеншчыне: у вёсцы Літараўшчына Карэліцкага раёна. Закончыла Варанчанскую сярэднюю школу. Затым — Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці. Працавала ў Баранавіцкім вытворчым баваўняным аб’яднанні. Аўтар кніг паэзіі “Сцежка ў дзяцінства”, “Рамонкавы ранак”, “Звон верасовы”, “Дабрыня”. А ў “Жырандолі” надрукаваная казка Раісы Раманчук “Цікаўны дожджык”. Гэтая публікацыя падштурхоўвае да такой ідэі: чаму б не выдаць кнігу анталагічнага характару “Карэліччына літаратурная”?.. Можна б сабраць у ёй лепшыя творы аўтараў, якія там, у тых мясцінах нарадзіліся, і тых, хто ў розныя гады вандраваў карэліцкімі сцежкамі, а мо й падоўгу жыў, працаваў у Карэліцкім краі.


Ігнат Дамейка

І тады, несумненна, знойдзецца ў такога кшталту анталогіі месца й творам, якія напісалі госці ды ўраджэнцы карэліцкай зямлі — Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Вінцэнт Каратынскі, Янка Брыль…

Вінцэнт Аляксандравіч Каратынскі (1831–1891) — з карэліцкай вёскі Селішча. Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Бацька ягоны — Аляксандр Каратай — атрымаў вольную ад свайго пана Яна Залескага. Адукацыю Вінцэнт атрымаў самавукам: пад наглядам мясцовага арганіста. Працаваў хатнім настаўнікам, абышоў многія мясціны Наваградчыны. У 1850–1862 гадах працаваў сакратаром Уладзіслава Сыракомлі. Разам з рускім празаікам Мікалаем Лясковым падарожнічаў па прасторах Паўночна-Заходняга краю. Пакінуў пасля сябе многія гістарычна-краязнаўчыя нататкі, у тым ліку — і пра Наваградак, Наваградскі край, мясціны, блізкія да Карэлічаў.

Родам з Сіняўскай Слабады — літаратуразнавец і крытык Уладзімір Калеснік (1922–1994). Вучыўся ў Ярэмічах. Во дзе сапраўднае літаратурна-мастацкае гняздо!.. Уладзімір Калеснік і партызаніў у роднай Карэліцкай старонцы. Пасля вайны, закончыўшы філалагічны факультэт Мінскага педінстытута, крыху папрацаваўшы ў Бабруйскім педінстытуце, Уладзімір Андрэевіч на ўсё жыццё звязаў свой творчы й жыццёвы лёс з Брэстам, Брэсцкім дзяржуніверсітэтам. Загадваў кафедрай беларускай мовы й літаратуры. Выдаў кнігі літаратурнай крытыкі, гістарычна-літаратурных матэрыялаў “Час і песні”, “Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі”, “Максім Танк”, “Янка Брыль”, “Тварэнне легенды”, “Усё чалавечае”… Разам з Алесем Адамовічам, Янкам Брылём стварыў кнігу “Я — з вогненнай вёскі”, у якой расказваецца пра лёсы жыхароў спаленых фашыстамі, паліцаямі вёсак. Кніга “Я — з вогненнай вёскі” перакладзеная на мовы розных народаў свету, выдадзена ў шэрагу краін замежжа.

Ярэмічы, Сіняўская Слабада, Рудзьма, Скорычы — “літаратурныя” вёскі. У Скорычах нарадзіўся паэт Алесь Мілюць (1908–1944): у звычайнай сялянскай сям’і. Друкавацца пачаў напрыканцы 1920‑х гадоў у заходнебеларускім друку. З таго часу засталіся вершы “Бярозы”, “Покліч”, “Мой ідэал”, “Вясною”. А калі надышло 17 верасня 1939 года і Гродзеншчына, Карэліччына аказаліся ў складзе Савецкай Беларусі, Алесь Мілюць пачаў друкавацца ў стаўбцоўскай раённай газеце. Пісаў пра сялянскую долю, апяваў хараство роднага краю. Цяпер вершы паэта можна прачытаць у калектыўных зборніках пасляваеннага часу — “Мы іх не забудзем”, “Сцягі і паходні”, “Крывёю сэрца”, “Ростані волі”. Мо прыйдзе час — і творы карэліцкага паэта, які ў кастрычніку 1944 загінуў у баі з гітлераўцамі ва Усходняй Прусіі, будуць выдадзены асобнай, няхай сабе й невялічкай кнігай…

З прыярэміцкай вёсачкі Рудзьма — і празаік, ваенны журналіст Анатоль Смалянка (1936–2014). Ён — аўтар раманаў “Дзень і ўсё жыццё”, “Забітае каханне”, яшчэ добрага тузіна кніг мастацкай і дакументальнай прозы. Пра сваё ваеннае дзяцінства, падзеі, што адбываліся ў Рудзьме ды іншых ваколіцах Ярэміч (дарэчы, пасля Вялікай Айчыннай ужо Анатоль закончыў Ярэміцкую сярэднюю школу), блакаду ў Налібоцкай пушчы расказаў у дакументальнай аповесці “Мы не скарыліся”. Многія свае творы ўжо ў сталым узросце Анатоль Смалянка напісаў у карэліцкай старонцы, дзе ў яго было лецішча. Мне даводзіцца часта бываць у гэтым краі. Стараюся не мінаць Ярэміч, Турца, Загор’я, іншых паселішч паблізу Карэлічаў. Зазіраю ў мясцовыя праваслаўныя й каталіцкія храмы, праходжваюся рознымі сцежкамі, завітваю на мясцовыя могілкі.

Анатоль Жук

Непадалёк ад Ярэміч і Турэц, за 15 км на паўднёвы ўсход ад Карэлічаў, на дарозе Карэлічы — Мір. Вядомасць паселішча мае з XІІІ стагоддзя. Першы ўспамін — у Галіцка-Валынскім летапісе. У XVІ стагоддзі Турэц атрымаў статус мястэчка. Паселішча ўваходзіла ў склад Наваградскага павета, належала Хадкевічам. У XVІІ стагоддзі ў мястэчку ў адзін час дзейнічалі касцёл каталіцкі, грэка-каталіцкая царква ды праваслаўная драўляная Юр’еўская царква. Былі там і млыны, і корчмы, і крамы. Побач з мястэчкам — фальварак і маёнтак Ліпніцкіх і Свідзінскіх. У 1887‑м у Турцы нарадзіўся празаік, байкапісец Анатоль Дзяркач (быў рэпрэсаваны і ў 1937‑м расстраляны). Аўтар кніг “Пра папоў, пра дзядкоў, пра сялян-мужыкоў” (1925), “Міколава гаспадарка” (1927), “Нашы прыяцелі” (1928), “Звяры нашых лясоў” (1929), “Бог удвох” (1930), “Усім патроху…” (1930), “Качаргой па абразах” (1930)… У Турцы яшчэ ў дарэвалюцыйныя гады настаўнічаў будучы класік беларускай дзіцячай літаратуры Янка Маўр (1883–1971).

Давайце зазірнем і ў літаратурныя Карэлічы. Па-першае, па-добраму радуе, нават здзіўляе гарадская тапаніміка гэтага невялікага райцэнтра. Ёсць тут у вуліц самыя розныя пісьменніцкія назвы: Адама Міцкевіча, Скарыны, Якуба Коласа, Янкі Купалы…

А па-другое… У Карэлічах нарадзіўся яўрэйскі паэт, драматург, перакладчык Іцхак Кацэнельсон (1886–1944). Разам з бацькоўскай сям’ёю Іцхак пераехаў у польскую Лодзь. З пачаткам Другой сусветнай вайны Іцхак разам з жонкай і двума сынамі ўцёк у Варшаву. Там патрапіў у гета. Супрацоўнічаў з антыфашысцкім падполлем. 14 жніўня 1943 года Іцхака й яго сям’ю дэпартавалі ў Трэблінку. Прыняў удзел у паўстанні. Падпольшчыкі зрабілі для паэта дакументы грамадзяніна Гандураса. У выніку ён быў інтэрнаваны ў Францыю, ды адтуль усё ж патрапіў у Асвенцым. Там і быў забіты ўраджэнец Карэлічаў паэт Іцхак Кацэнельсон: 1 мая 1944 года. Яскравым мастацкім сведчаннем фашысцкіх здзекаў над яўрэямі з’яўляецца “Песня пра забіты яўрэйскі народ” Іцхака Кацэнельсона. Кампазітар Э. Раздоліна запісала па гэтым творы “Рэквіем пра катастрофу”.

Карэлічы — і радзіма яўрэйскага паэта, драматурга, публіцыста Давіда Эйнхорна (1886–1973). З 13 гадоў пісаў вершы на іўрыце. Супрацоўнічаў з рознымі перыядычнымі выданнямі. Выдаў у Вільні й Варшаве некалькі зборнікаў вершаў. У 1912 годзе быў арыштаваны за рэвалюцыйную дзейнасць. Пасля паўгода астрожнага затачэння вымушана пакінуў Расійскую імперыю. З таго часу жыў у Францыі, Швейцарыі, Германіі, з 1940 года — у ЗША.

Янка Брыль

Карэліччына — гэта край дзяцінства, юнацтва народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля (1917–2006). Хоць нарадзіўся ён, як вядома, у Адэсе, аднак у 1922‑м разам з бацькамі вярнуўся на радзіму продкаў: у вёску Загор’е (Загора) на Наваградчыну (цяпер гэта Карэліцкі раён). На Карэліччыне пачатак творчых, жыццёвых дарог пісьменнікаў, акцёраў Анатоля Жука (1949–2009) ды Пятра Ламана. Дарэчы, сёлета споўнілася 70 гадоў з часу іх нараджэння. Хлопцы з Ярэмічаў нават сядзелі разам у старэйшых класах мясцовай школы — пра тое цікава напісала Марына Казловіч у раённай газеце “Полымя” (05.09.2019). З Карэліччыны родам празаік, літаратуразнаўца Уладзімір Навумовіч, паэт, дзіцячы пісьменнік і мастак Мікола Бусько, празаік Яўген Крамко… У Карэлічах цяпер жыве пісьменніца-краязнаўца Святлана Кошур. Творы многіх мясцовых аўтараў друкуюцца ў карэліцкай раённай газеце. Ёсць у іх публікацыях цеплыня, шчырасць, прадвызначаныя, пэўна, энергетыкай гэтай слаўнай зямлі, яе працавітых і таленавітых людзей.

Алесь Карлюкевіч

Ад рэдакцыі. Далучым да ўраджэнцаў Карэліччыны, спрычыненых да мастацтва слова, Ігната (Ігнацы, Ігнася) Дамейку (1802–1889): вядомага вучонага, нацыянальнага героя Чылі. Не быў ён “прафесійным” літаратарам, але ж меў энцыклапедычныя веды, праявіў таленты як геолаг і мінеролаг, географ і этнолаг, фізік і батанік, біёлаг і металург, мовазнаўца й хімік, педагог і рэфарматар адукацыі. Ураджэнец вёскі Вялікая Мядзвядка (тады — Наваградскі павет, цяпер — Карэліцкі раён) быў адным з актывістаў віленскага Таварыства філаматаў, сябрам Адама Міцкевіча. Геніяльны паэт зрабіў яго адным з персанажаў паэмы “Дзяды” (пад філамацкай мянушкай Жэгота), акрэсліў вобраз сябра і ў паэме “Пан Тадэвуш”. Пры напісанні апошняй Жэгота быў Адаму, як піша Кастусь Цвірка ў прадмове да кнігі Ігната Дамейкі “Мае падарожжы” (Мн., “Беларускі кнігазбор”, 2002), незаменным памочнікам і кансультантам. Даследчык лічыць, што якраз Дамейку меў на ўвазе Адам Міцкевіч, напісаўшы пра той час: “І сябры тады памагалі сваімі расказамі, і для песні мне кідалі слова за словам”. Мяркуецца, што Жэгота стаў правобразам Яцака Сапліцы, аднаго з галоўных герояў твора, і паэму аўтар хацеў назваць: “Жэгота”.

Згаданая кніга Ігната Дамейкі — па сутнасці, першая сустрэча беларускіх чытачоў з ягонай творчасцю. Пабачыла свет кніга да 200-годдзя аўтара ў перакладзе Здзіслава Сіцькі з польскай мовы (кніг 1962-1963 гадоў, выдадзеных у Польшчы) і каментарамі перакладчыка ў серыі “Гістарычна-літаратурныя помнікі”. Так што Ігнат Дамейка не толькі ўскосна далучаны да літаратуры, але й сам — гісторык, літаратар. Пра кнігу “Мае падарожжы” Кастусь Цвірка піша: “Чытаеш гэтыя жывыя, непасрэдныя запісы вучонага-падарожніка — і дзівішся яго пісьменніцкаму майстэрству, дзівоснаму ўменню маляваць словам убачанае й перажытае”.

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.