Вы тут

Паясы з Валожыншчыны


Стракатыя ўзорыстыя “тасёмкі” нагадваюць паясы, захаваныя майстрамі для будучых пакаленняў


Адметная тэхналогія ткацтва паясоў “на ніту” — ці, як кажуць у Валожынскім раёне, “на назе” — была раней пашырана па ўсёй Беларусі. Паклон, вялікая ўдзячнасць наша носьбіткам унікальнага майстэрства Марыі Стасяловіч і Хрысціне Лямбовіч, якія змаглі паспяхова адрадзіць ды зберагчы адметную традыцыю на Валожыншчыне: у аграгарадках Сакаўшчына й Ракаў! Гэты элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў 2016 годзе быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Марыі Стасяловіч, якая валодала ўнікальным майстэрствам, адраджала ткацтва паясоў “на ніту”, тры гады таму не стала. Пакуль хапала сіл, нягледзячы на свае дзевяноста, працаўніца з радасцю перадавала досвед і веды, праводзіла майстар-класы й дома, і ў Сакаўшчынскім сельскім Цэнтры культуры. Хрысціна Лямбовіч, дырэктарка Ракаўскага цэнтра народнай творчасці, пераняла непасрэдна “з рук” тэхналогію ад Марыі Мікалаеўны. Цяпер яна кіруе гуртком “Ткачыкі” й дзеліцца досведам з юнымі ткачамі, ладзіць майстар-класы. Паясы Хрысціны Станіславаўны скарыстоўваюць у вясельных і радзінных абрадах, яны разыходзяцца па свеце як сувенірная прадукцыя з нацыянальным беларускім каларытам.

Валожынскія паясы

“Валожынскія паясы нагадваюць стракатыя ўзорыстыя “тасёмкі”, шырыня іх не перавышае двух сантыметраў, — распавядае спадарыня Хрысціна. — Раней у асноўным выкарыстоўвалі ніткі, спрадзеныя ў хатах. За аснову бралі якасныя кужоўныя (кужальныя) ніткі, на больш грубыя паясы — зрэбныя. Ільняныя звычайна й адбельвалі, а фарбавалі рэдка. Узор ткаўся з нітак суконных, спрадзеных з авечай воўны, якую падафарбоўвалі натуральнымі фарбамі: карой дуба, шалупіннем цыбулі ды іншымі. У Валожынскіх паясах, як і наогул у беларускіх, пераважалі адценні чырвонага, барвовага, белага ці шэрага. Дапаўнялі ж іх ніткі чорнага, зялёнага, жоўтага, фіялетавага, сіняга колераў.

Цяпер у Ракаўскім цэнтры народнай творчасці шмат робіцца, каб дакладна захаваць і перадаць нашчадкам у спадчыну традыцыю ткацтва: узоры, каларыстыку, назвы, абрады, звязаныя з паясамі… Як лічыць спадарыня Хрысціна, дасведчаную майстрыху бачна, калі пояс з‑пад яе рук атрымліваецца шчыльны, роўненькі. Як і ў любым рамястве, ткацтвам займаюцца самыя цярплівыя. “Пояс, як вядома, суправаджаў нашых продкаў ад нараджэння да смерці, — заўважае Хрысціна Станіславаўна. — Немаўлят абвязвалі, каб яны былі спакойныя, а ножкі роўныя. Калі пояс развязваўся, то ў народзе казалі, што чалавек “распаясаўся”: паводзіць сябе неадпаведна сітуацыі, занадта вольна, “развязна”. Калі дзяўчына збіралася замуж, ёй трэба было выткаць каля 100 паясоў! Бо паясамі ж усю радню мужа нявестка раней адорвала, і не толькі. Бабулі перадавалі майстэрства ўнучкам, таму дзяўчынкі ўжо ў 8–10 гадоў нацягвалі ніткі, замацоўвалі іх на нагах — і так маглі ткаць паясы нават у полі, калі пасвілі кароў.

Хрысціна Лямбовіч у традыцыйным шляхецкім строі канца ХІХ — пачатку ХХ ст., характэрным для Валожыншчыны

Цяпер традыцыі ткацтва паясоў “на ніту”, здаецца, не пагражае знікненне. На Валожыншчыне дзеці вучацца ствараць унікальныя вырабы ў Ракаве, у Доме культуры аграгарадка Сакаўшчына, дзе створаны пакой-музей традыцыйных паясоў. Аднак для паспяховага захавання ўнікальнай тэхналогіі таго мала, лічаць эксперты. Дарэчы, паясы й сёння могуць выконваць функцыі як дэкаратыўныя, так і практычныя. Імі ж можна падвязваць сучасныя сукенкі, насіць са штанамі, упрыгожваць валасы, выкарыстоўваць у якасці закладак для кніг... “Як носьбіты адмысловай традыцыі мы з пашанай і гонарам ставімся да таго, што засталося ад продкаў, бо тэхналогія ткацтва паясоў — важная частка мясцовай культуры, якую трэба захоўваць і перадаваць нашчадкам, — упэўнена Хрысціна Лямбовіч. — А як прыемна бывае бачыць радасныя твары юных майстроў пасля таго, як з‑пад іх рук з’явіўся першы пояс! Быццам узнікла нябачная повязь іх з далёкімі родзічамі”.

Раіса Марчук.

Фота Паўла Бакушава.

Нумар у фармаце ПДФ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.