Вы тут

Што адбываецца на астравах Раства?


Навагоднія святы традыцыйна мяжуюць з каляднымі. Каталікі ўжо адзначылі Раство, а праваслаўныя рыхтуюцца яго сустракаць. У гонар свята названы шэраг паселішчаў і тэрыторый. Назва загадкавай прыроднай з'явы Эль-Ніньё (з іспанскай — «немаўля», «хлопчык») таксама звязана з Калядамі. А яшчэ ў свеце цэлых два астравы Раства: адзін з іх у Індыйскім акіяне, а другі — у Ціхім.


Аскепак Гандваны

У кожнага з астравоў Раства свае адметнасці. Іх, бадай, яднае тое, што назва гэтых тэрыторый пайшла ад часу іх адкрыцця еўрапейцамі — падчас калядных свят. Невялікі астравок, які знаходзіцца ў Індыйскім акіяне, цяпер афіцыйна з'яўляецца часткай Аўстраліі. Ён быў адкрыты ў 1643 годзе капітанам англійскага карабля «Роял Мэры» пад кіраўніцтвам Уільяма Майнарса. Мараплавец са сваёй камандай па заданні Брытанскай Ост-Індскай кампаніі займаўся даследаваннем усходняй часткі Індыйскага акіяна. Даследаваць востраў было вельмі складана. Перашкоду ўяўляла непраходная паласа рыфаў. Яна, дарэчы, знаходзіцца на адлегласці 200 метраў ад берага. Унікальнасць вострава — камфортнасць для пражывання разнастайных відаў дзікай прыроды, але з іншага боку — цяжкадаступнасць і нават небяспека для чалавека. Востраў Раства вулканічнага паходжання і фактычна ўяўляе сабой вяршыню старажытнага вулкана. Гэта падняты над вадой каралавы рыф вышынёй 357 метраў. Калі ж вымяраць вышыню вострава не ад паверхні акіяна, а ад падножжа падводнай гары, якую ён вянчае, то яна акажацца роўная вышыні Эльбруса. Гэты пакрыты джунглямі аскепак старажытнага суперкантынента Гандвана не мае прыбярэжнай водмелі (дно рэзка сыходзіць на глыбіню, якая складае прыкладна пяць кіламетраў) і акружаны вострымі скаламі.

Не дзіўна, што на працягу доўгага часу да вострава ніхто не мог падабрацца. Падрабязнае апісанне гэты невялікі ўчастак сушы атрымаў толькі праз 40 гадоў дзякуючы Уільяму Дэмпіру — англійскаму мараплаўцу, які ўмела сумяшчаў навуковую дзейнасць (вывучаў вятры і плыні) з пірацкім промыслам. Гэты шукальнік прыгод, які лічыцца адным з самых вядомых карсараў у гісторыі, з'яўляўся членам Брытанскага каралеўскага таварыства. Дэмпір — першы чалавек, які здзейсніў тры кругасветныя падарожжы.

Вялікая навуковая экспедыцыя 1887 года сабрала тут узоры чыстага фасфарыту. Вялікабрытанія абвясціла востраў Раства сваёй уласнасцю, пачалася яго каланізацыя. Вельмі паспяховая, трэба прызнаць. Ужо ў 1900 годзе гэты востраў стаў часткай англійскай калоніі пад назвай Сінгапур. Потым была Другая сусветная вайна. У ходзе яе востраў Раства быў акупаваны Японіяй. А ў 1958 годзе яго і ўвогуле перадалі Аўстраліі. І па гэты дзень кіраванне востравам ажыццяўляе афіцыйны прадстаўнік урада Зялёнага кантынента.

Сто мільёнаў крабаў

Цяпер мясцовых жыхароў няшмат: на востраве жыве ўсяго каля 2000 чалавек, тры чвэрці якіх «прапісана» ў сталіцы з вельмі рамантычнай назвай Флаінг-Фіш-Коўв (з англійскай «пячора лятучай рыбы»). Затое ў яго ёсць уласны сцяг, на якім намалявана птушка — белахвосты фаэтон. Дарэчы, сталае насельніцтва на гэтым цяжкадаступным востраве з'явілася, калі тут знайшлі вялікія радовішчы фасфатаў і пачалі актыўна іх распрацоўваць. Да працэсу былі прыцягнуты шматлікія наёмныя работнікі з Сінгапура, Малайзіі і Кітая, нашчадкі якіх цяпер засяляюць гэты ўчастак сушы. Сучасныя астраўляне ў большасці сваёй вызнаюць будызм, але нямала тут і хрысціян, так што Раство таксама святкуюць.

Здабыча фасфатаў многія дзесяцігоддзі была адзіным значным відам эканамічнай дзейнасці, але ў снежні 1987 года ўрад Аўстраліі з прычыны нізкай рэнтабельнасці закрыў мясцовыя шахты. Праўда, у 1991-м яны былі «рэанімаваныя» прыватным кансорцыумам, ён уключаў многіх колішніх шахцёраў, якія выступалі ў якасці акцыянераў. Цікава, што ў 2001 годзе аўстралійскія ўлады пагадзіліся падтрымаць стварэнне камерцыйнага касмадрома на востраве Раства. Аднак рэалізацыя гэтага праекта пакуль яшчэ застаецца пад пытаннем.

Каб хоць неяк дыверсіфікаваць эканоміку, мясцовыя ўлады пры падтрымцы аўстралійскага ўрада ў 1993 годзе адкрылі курортны комплекс з казіно Сhrіstmаs Іslаnd Саsіnо & Rеsоrt, будаўніцтва якога абышлося ў 34 мільёны долараў. Гэты праект быў закліканы стымуляваць развіццё турызму. Але ў 1998 годзе ён быў закрыты ў сувязі са спадам попыту на фоне сур'ёзнага эканамічнага крызісу ў Азіі. А ў 2011-м — зноў адкрыты, цяпер ужо без казіно, на дзейнасць якога аўстралійскі ўрад не выдаў ліцэнзію.

Востраў пазіцыянуецца як адно з самых лепшых месцаў у свеце для экатурызму. Ён адметны тым, што яго геаграфічная ізаляванасць прывяла да вельмі высокага працэнта эндэмічных відаў як сярод раслін, так і сярод жывёл. Таму прырода тут уяўляе вялікую цікавасць для навукоўцаў. Значная частка вострава (63 працэнты) выдзелена пад Нацыянальны парк, на тэрыторыі якога ёсць у тым ліку некалькі ўчасткаў першаснага лесу (гэта значыць лесу, які ніколі не змяняўся ні пад уздзеяннем гаспадарчай дзейнасці, ні з прычыны прыродных стыхійных бедстваў).

Яшчэ адна «фішка»: востраў з'яўляецца пунктам, праз які штогод мігруюць мільёны крабаў. Гэтыя членістаногія не маюць тут натуральных ворагаў, таму іх колькасць такая вялікая (тут жыве прыкладна 3-5 крабаў на 10 квадратных метраў). Міграцыя такой колькасці крабаў (да 100 мільёнаў!) прызнана адным з цудаў свету. Улады вострава Раства ўсяляк іх ахоўваюць: праклалі для жывёл спецыяльныя дарогі, пабудавалі надземныя масткі і ў перыяд міграцыі перакрываюць праезд па востраве. Яшчэ б: дзіўнае відовішча, якое ўяўляе сабой вірлівы паток чырвоных крабаў па дарожках, беласнежным пяску наўпрост у ваду, прыцягвае сюды турыстаў з усіх канцоў свету.

Людзі ў лодках

Цікава, што ад Аўстраліі востраў знаходзіцца на адлегласці 2600 кіламетраў, і толькі за некалькі сотняў кіламетраў ад узбярэжжа Інданезіі. Таму гэты куток доўгі час быў жаданай мэтай нелегальных мігрантаў з Паўднёва-Усходняй Азіі — так званых «людзей у лодках». Але лодкі неаднойчы ўразаліся ў вострыя рыфы, і бежанцы гінулі. Пасля таго як пачала ўвасабляцца дактрына прэм'ер-міністра Аўстраліі Джона Ховарда, вядомая як Расіfіс Sоlutіоn, паток лодачнікаў значна паменшыўся. Урад зацвердзіў праз парламент дакумент, які выключыў востраў з аўстралійскай міграцыйнай зоны, што азначала: бежанцы, якія прыбылі на востраў, не могуць аўтаматычна прэтэндаваць на атрыманне адпаведнай візы, якая дазваляе застацца ў Аўстраліі і атрымаць абарону.

Тут быў пабудаваны цэнтр утрымання для пражывання бежанцаў на 800 месцаў. Будаўніцтва абышлося ў $400 мільёнаў — удвая больш, чым першапачаткова меркаваная сума ў $210 мільёнаў. Цяпер на востраве тры цэнтры, якія прымаюць нелегальных мігрантаў. Колькасць бежанцаў, якія шукаюць прыстанішча, значна ўзрасла з 2007 года пасля прыходу ўрада лейбарыстаў. 2010-ы ўвогуле стаў рэкордным за 20 гадоў па колькасці караблёў, якія прыбылі, — 120. Усяго яны прывезлі шэсць тысяч мігрантаў.

Найвялікшы атол

Цёзка аўстралійскага вострава Раства адносіцца да дзяржавы Кірыбаці, яго яшчэ называюць Кірытаймаці. Ён знаходзіцца практычна ў самым цэнтры Ціхага акіяна за 10 800 кіламетраў на ўсход ад свайго сабрата. Гэта самы вялікі ў свеце каралавы востраў, які займае плошчу 321 квадратны кіламетр. Цікава таксама, што канцэнтрацыя марскіх птушак на яго тэрыторыі — адна з самых высокіх на планеце. А яшчэ на гэтым атоле размяшчаюцца цэлых пяць закрытых тэрыторый.

Яго рыф сыходзіць на глыбіню, якая дасягае 120 метраў. І абапіраецца, дарэчы, на вулканічныя скалы. Адметна, што ў гэтага каралавага вострава проста велізарная прыліўная лагуна, якая злучаецца на паўночным захадзе з акіянам. Яе плошча складае 16 тысяч гектараў. Але яшчэ некалькі сотняў невялікіх лагун раскідана ва ўсходняй частцы. Цікава, што салёнасць вады ў іх адрозніваецца вельмі моцна. Яшчэ ў гэтых лагунах знаходзяцца сотні невялікіх астраўкоў. Яны такія маленькія і невысокія, што большасць з іх падчас прыліву сыходзіць пад ваду.

Дарэчы, з 1960 года тэрыторыя была абвешчаная птушыным запаведнікам. А некалькі астраўкоў сталі закрытыя, і доступ на іх магчымы толькі з пісьмовага дазволу. Усё таму, што на іх тэрыторыях гняздуюцца птушкі выміраючых відаў і растуць рэдкія дрэвы. Калісьці на тэрыторыі Вострава Раства было каля 50 відаў экзатычных раслін. Аднак урад ЗША ў 1960-х гадах вырашыў праводзіць тут ядзерныя выпрабаванні ў рамках праекта «Дамінік». Усяго выбухаў было 22. У выніку некаторыя птушкі страцілі здольнасць да размнажэння, і гэта адбілася на іх папуляцыі. А частка раслін была знішчана незваротна.

Яшчэ ў пазамінулым стагоддзі на востраве з'явіліся каты. Яны сталі пагрозай птушкам, якія пачалі гнездавацца на астраўках у лагунах, куды жывёлы не могуць дабрацца.

Як бачым, абодва востравы Раства — прывабныя для турыстаў куточкі ў акіяне. Менавіта на развіццё сэрвісных паслуг тут робяць стаўку. І гэта апраўданы крок.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Каляды ў акіяне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?