Вы тут

Ці можна падабраць тэрапію для зняцця болю ў спіне?


У мяне зрушэнне пазванка L4 уперад адносна ніжэйшага L5 на 0,45 см. Месяц я правяла ў бальніцы, але гэта не дапамагло. Спіна не турбуе, а вось левая нага баліць у галёнцы. Не магу хадзіць, нават калі ляжу ці сяджу — усё роўна боль не сціхае. Заснуць таксама цяжка, нягледзячы на тое што п'ю перад сном абязбольвальныя. У стацыянары рабілі ўколы мелбэку, мідакалму, артаксану, ставілі кропельніцы, давалі таблеткі, але лепш не стала. Цяпер я дома, прапісалі толькі абязбольвальныя сродкі. Няўжо гэтая немач зусім не лечыцца?

Я прайшла МРТ, заключэнне такое: МР-прыкметы астэахандрозу і дэфармуючага спандылаартрозу паяснічна-крыжавага аддзела пазваночніка, дэгенератыўны спандылалістэз 1-й ступені на ўзроўні сегмента L4-5, дарсальныя пратрузіі міжпазванковых дыскаў L3-4, L5-S1, гемангіёма ў пазванку L1.

Раскажыце, калі ласка, пра гэтае захворванне. Ці можна падабраць тэрапію для зняцця болю?

Ніна А., Мастоўскі раён.


Адказвае ўрач-рэфлексатэрапеўт, урач-неўролаг 11-й гарадской паліклінікі Мінска Алена Гарбунова:

— Боль у спіне — адзін з найчасцейшых паталагічных сімптомаў. Перш за ўсё ён звязаны з такім захворваннем, як дыскагенная радыкулапатыя. Гэта пашкоджанне карэньчыкаў спіннамазгавых нерваў. Найчасцей яно абумоўлена вертэбральнымі прычынамі: наяўнасцю грыж і пратрузій (паталагічны працэс, пры якім міжпазванковы дыск разбухае ў пазваночны канал без разрыву фібрознага кольца) міжпазванковага дыска, дэгенератыўнымі зменамі ў міжпазванковых суставах, вузкім пазваночным каналам. Пашкоджанне карэньчыкаў таксама можа быць звязана з новаўтварэннямі, прыроджанымі анамаліямі, інфекцыямі, запаленчымі захворваннямі і эндакрыннымі расстройствамі.

Самай характэрнай прыкметай паяснічна-крыжавай радыкулапатыі з'яўляецца боль у спіне і назе па ходзе сядалішчнага нерва. Пацыенты звычайна лакалізуюць свае болевыя адчуванні ў строгай адпаведнасці з яго размяшчэннем: у паясніцы, па задняй паверхні сцягна, у падкаленнай ямцы, у галёнцы (пераважна па яе вонкавай паверхні), у ступні і пальцах. Абавязкова прысутнічаюць — у розных камбінацыях — сімптомы выпадзення ў зоне інервацыі (нервовага забеспячэння) пашкоджанага карэньчыка (гіпестэзіі, гіпа- ці атрафіі мышцаў з фарміраваннем перыферычных парэзаў, зніжэнне ці выпадзенне сухажыльных рэфлексаў). Найчасцей сціскаюцца карэньчыкі L5 і S1. Гэта тлумачыцца перш за ўсё больш раннім зношваннем дыскаў L4-L5 і L5-S1.

Лячэнне ў такіх выпадках прызначаецца камбінаванае: медыкаментознае (нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты, міярэлаксанты, вітаміны групы В), а таксама фізіяпрацэдуры, лячэбная гімнастыка, іголкарэфлексатэрапія. Даўжыня і выяўленасць болевага сіндрому строга індывідуальныя і залежаць перш за ўсё ад дэгенератыўных змен пазваночніка.

З улікам даўжыні болевага сіндрому ў пацыенткі і адсутнасці эфекту ад медыкаментознага лячэння магчыма прымяненне іголкарэфлексатэрапіі (пры адсутнасці супрацьпаказанняў), а таксама кансультацыя нейрахірурга.

Падрыхтавала Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Калі баліць спіна...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.