Вы тут

​Як за святы не пераесці, а потым хутка сябе ў форму прывесці


Навагоднія святкаванні працягваюцца, наперадзе нас чакаюць Каляды, стары Новы год... Часам стол ломіцца ад ежы, і ўсё хочацца пакаштаваць. А потым настае расплата. Нават калі з алкаголем не перабралі, то вагі абавязкова нагадаюць пра маянэзныя салаты, з'едзеныя ўначы. Як зрабіць раніцу пасля святочнага застолля прыемнай, атрымаць задавальненне ад ежы з мінімальнымі наступствамі, а таксама пазбавіцца ад лішніх складак, якія раптам з'явіліся на жываце ў першыя дні студзеня,
расказала ўрач-тэрапеўт медыцынскага цэнтра «ЛАДЭ» Алена СЕРЫК.


— Ці можна за навагоднія застоллі «наесці» лішнія кілаграмы? Даводзілася чуць, што гэта проста лішняя вадкасць у арганізме.

— За доўгія святы набраць лішнія кілаграмы сапраўды можна. Асабліва калі мала рухацца, нерацыянальна харчавацца, ужываць алкаголь. І гэта вага набіраецца за кошт вадкасці.

— Як тады правільна харчавацца на працягу дня, калі ўвечары чакае святочны стол?

— Існуе некалькі простых правіл, і калі іх прытрымлівацца, то можна камфортна і шчасліва правесці святы. Перш за ўсё, канешне, не галадаць днём, нават ведаючы, што самае смачнае вас чакае ўвечары за святочным сталом. Важна сытна паснедаць, добра паабедаць і нават з'есці падвячорак. Калі мы галадаем, арганізм не атрымлівае дастаткова энергіі на працягу дня, а потым проста не ў стане ператравіць тую ежу, якой мы яго нагружаем увечары. Не варта позна садзіцца за святочны стол. Лепш гэта зрабіць каля сямі вечара, бо стрававальныя і абменныя працэсы ўначы замаруджваюцца. Няхай асноўная стрававальная нагрузка прыпадае на час да 12 гадзін ночы.
А пасля лепш аддаваць перавагу лёгкім закускам, фруктовым ці гароднінным стравам, сырнай талерцы. Есці лепш невялікімі порцыямі, асабліва калі хочацца пакаштаваць усё. Варта пры гэтым не спяшацца і не забываць атрымліваць асалоду не толькі ад ежы, але і ад кантактавання.

— Звычайна на нашых сталах пераважаюць зусім не лёгкія закускі, а маянэзныя салаты, тлустая смажаная курачка ці свініна. Што самае небяспечнае для нашай стрававальнай сістэмы падчас свят?

— Самым небяспечным з'яўляецца алкаголь, прычым моцны. Ён сам па сабе каларыйны, да таго ж стымулюе апетыт — з ім мы незаўважна з'ядаем значна больш, чым планавалі. Да таго ж у спалучэнні з мясной прадукцыяй, каўбасамі, вяндлінай, марынадамі ён дае дадатковую нагрузку на печань, якая і так працуе ў надзвычайным рэжыме. Варта памятаць: усё, што мы з'ядаем, павінна пераходзіць у энергію. У адваротным выпадку, калі мы працягваем сядзець за сталом, ежа ператвараецца ў тлушч. Таму варта рухацца: танцы, конкурсы, выхад на вуліцу — любая актыўнасць карысная. Ну і дзесьці замяняць яду размовамі.

— Якія захворванні можа справакаваць вялікая колькасць тлустай і вэнджанай ежы, марынадаў у спалучэнні з ужываннем алкаголю?

— Падчас доўгіх святочных застолляў найбольш уразлівыя, зразумела, людзі з захворваннямі страўнікава-кішачнага тракту. Нязвыклая ежа, нязвыклае спалучэнне прадуктаў могуць выклікаць абвастрэнне гастрытаў, халецыстытаў, панкрэатытаў. У той жа час нельга забываць пра сардэчна-сасудзістыя захворванні. Алкаголь правакуе пад'ём артэрыяльнага ціску і можа выклікаць інсульт ці інфаркт, колькасць якіх у навагоднія святы павялічваецца. Таксама варта быць асцярожнымі з экзатычнымі фруктамі, незвычайнымі спалучэннямі прадуктаў, бо яны могуць выклікаць алергічныя рэакцыі, прычым розныя — ад крапіўніцы да ацёкаў і анафілактычных шокаў. Рызыкуюць людзі з захворваннямі нырак: алкаголь і саленні, а таксама недахоп вады могуць справакаваць абвастрэнні мочакаменнай хваробы і ныркавых колік. Пры няправільным захаванні салатаў і іншых прадуктаў нярэдка здараюцца і атручванні.

— Пры якіх сімптомах варта звяртацца да доктара, а з чым можна адляжацца дома?

— Сапраўды, з некаторымі сітуацыямі можна справіцца самастойна: пякотка, уздуцце жывата, лёгкая дыярэя. Тут можна самастойна прыняць прэпараты, якія ёсць у кожнай дамашняй аптэчцы, і стан палепшыцца. Але калі раптам з'явіліся высокая тэмпература, рвота, боль, прычым інтэнсіўны (у страўніку, сэрцы, вобласці нырак), тут трэба звярнуцца па медыцынскую дапамогу.

— Як правільна спалучаць алкаголь і ежу?

— Асноўныя правілы такія: не ўжываць алкагольных напояў на галодны страўнік, не запіваць газіроўкай, не паніжаць градус і не змешваць напоі. Самымі ўдалымі для закусвання з'яўляюцца стравы з бульбай, у тым ліку салаты, вінегрэт і іншыя. Бульба — выдатны адсарбент. Вельмі дарэчы на святочным стале квашанні — капуста, гародніна. Яны ўтрымліваюць шмат вітаміну С, які таксама дапамагае выводзіць алкаголь з арганізма. Посныя прадукты, мясныя, морапрадукты нядрэнна падыходзяць. А вось есці перад ужываннем алкаголю нешта тлустае ці масленае не рэкамендуецца, бо такія прадукты падаўжаюць дзеянне алкаголю ў арганізме і стан ап'янення будзе цяжэйшы і больш працяглы. Калі падчас застолля вы ўжываеце паміж стравамі вадкасць, то лепш, калі гэта будуць морсы, вада з лімонам, мінералка без газу, дамашнія сокі, але ні ў якім разе не салодкія пакетаваныя і не газіроўка.

— Як пасля свят хутка скінуць набраныя кілаграмы і прывесці сябе ў форму?

— Хутка не атрымаецца, бо набраць вагу заўсёды лягчэй, чым ад яе пазбавіцца. Найперш дапамогуць разгрузачныя дні. Пры гэтым не варта галадаць ці прытрымлівацца монадыет. Дастаткова зрабіць свой рацыён менш каларыйным, і выключыць з яго алкаголь, мучныя прадукты, жывёльны тлушч, лёгказасваяльныя вугляводы. Трэба аддаваць перавагу гародніне, посным стравам. Для таго каб сышлі лішнія кілаграмы, варта прытрымлівацца рэжыму піцця. Тут можна парэкамендаваць кісламалочныя прадукты, зялёны і травяныя чаі, морс, ваду. Сутачную норму апошняй вызначайце з разліку 30 мл на кілаграм масы цела. Прытрымліваючыся гэтых простых правіл, можна пазбавіцца ад часткі набранай вагі.

— Колькі часу на гэта трэба?

— За тыдзень-два можна справіцца, калі гаворка ідзе пра пару кілаграмаў. Разгрузачных дзён не трэба баяцца — вы будзеце адчуваць сябе лягчэй, гэта карысна для ўсяго арганізма і асабліва для печані. Фізічныя нагрузкі павінны быць умераныя: не інтэнсіўныя сілавыя ў трэнажорнай зале, бо тут якраз самаадчуванне пагоршыцца. Лепш пайсці пакатацца на каньках, на лыжах, пагуляць на свежым паветры, больш хадзіць пешшу. Можна наведаць лазню пры ўмове, што ў вас няма супрацьпаказанняў для парылкі. Лазня актывізуе абмен рэчываў, хутчэй выводзяцца шлакі. І, што важна, паляпшаецца настрой.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Асцярожна: шчодры стол!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.