Вы тут

Тэатр Янкі Купалы прадставіў публіцы даўно абяцаную трагедыю Шэкспіра — «Кароль Лір»


Перад адкрыццём сотага сезона — які, безумоўна, з'яўляецца выключным юбілеем, а значыць, вымагае і выключных падзей — Купалаўскі тэатр асобна анансаваў спектакль шэкспіраўскага «Караля Ліра» ў пастаноўцы свайго мастацкага кіраўніка Мікалая Пінігіна. Сезон у разгары — прэм'ера грыміць: 26 і 27 снежня ўся беларуская шляхта глядзела, як брытанскі кароль Лір дзеліць дзяржаву паміж трыма дочкамі і любімай не выдзяляе нічога. Страсці ў Брытаніі XІ стагоддзя, сапраўды, кіпяць няслаба. Каралеўскае самадурства, інтрыгі, здрады, вар'яцтва, забойствы — нясумнае відовішча, але галоўнымі вартасцямі спектакля ўсё роўна становяцца Віктар Манаеў у галоўнай ролі, сцэнаграфія Кацярыны Шымановіч і канцоўка.


З новым «Каралём Лірам» выпадае гаварыць пра акуратнае ўвасабленне топавай п'есы Уільяма Шэкспіра ў перакладзе Юркі Гаўрука з пэўнымі рэжысёрскімі рашэннямі, але не пра якую-ніякую аўтарскую інтэрпрэтацыю, што магла б узбагаціць класіка праз адмысловы канцэпт альбо прывязаць яго да сучаснага парадку дня. Значыць, увесь спектакль у трагедыйнасці і арыгінальным начыненні з пэўнымі акцэнтамі, а калі бачыш «Караля Ліра» шаснаццатага стагоддзя, а не хоць бы крыху дваццаць першага, канешне, сумуеш — зрэшты гэтаму лёгка парыраваць тым, што Шэкспір вечны, трагедыі яго захапляльныя заўсёды, а названая п'еса ніякім літаральным чынам усё роўна не кладзецца на нашу з вамі рэчаіснасць.

Так ці інакш, гэта пытанне падыходу, а гледачу, дазволю сабе такое дапушчэнне, дастаткова прасачыць за цудоўным вар'яцтвам у выкананні Віктара Манаева і яго значэннямі, каб у выніку парэкамендаваць сябрам і знаёмым збочыць у Купалаўскі.

Па сюжэце, нагадаю, кароль Брытаніі вырашае сысці на пенсію, а для гэтага раздзяліць каралеўства паміж дочкамі. Загадаўшы расказаць аб сваёй да яго любові, ён аддае Ганерыльі і Рэгане добрыя кавалкі зямлі, а любімую Кардэлію выганяе з каралеўства без аніякай спадчыны, бо тая ліслівіць адмаўляецца. Апошняя выходзіць замуж за французскага караля і знікае з радараў брытанскай дзяржавы, пакуль Ганерылья і Рэгана паказваюць бацьку сваё рэальнае аблічча і хто тут гаспадар, а ўрэшце пакідаюць яго ў ветраную ноч за брамай палаца, адным словам, выганяюць з хаты.

Свае інтрыгі гэтым часам пляце Эдмунд, пабочны сын вернага служыцеля караля графа Глостэра: ён падстаўляе свайго брата Эдгара, звязвае сябе як з Ганерыльяй, так і з Рэганай, у выніку «здае» бацьку. Адным словам, з адстаўкай караля Ліра пачынаецца вір сярэднявечных парадкаў, здрад, катаванняў, духу, несправядлівасці, а сам ён вар'яцее і знікае ў лесе, пакуль яго не знаходзіць Кардэлія, іх не хапаюць брытанцы і Эдмунд не аддае загад іх забіць.

Калі змест спектакля даводзіцца прыцягваць да сучаснасці ўласнымі намаганнямі і за вушы, то стыльнае вонкавае ўвасабленне, наадварот, да яе адсылае: сцэнаграфія і касцюмы, зробленыя Кацярынай Шымановіч, адлюстравалі XІ стагоддзе без крыўднай дакладнасці, якая можа стаць парадыйнасцю, затое з належнымі атмасферай і характарам, а некаторыя рэжысёрскія хады прапануюць дастаткова вынаходлівыя спосабы паказваць-глядзець жыццёвыя павароты знаёмых герояў. Так, скажам, шэрыя брамы, з якіх лёгка дастаюцца «мячы», перасоўваюцца па сцэне і становяцца антуражам для халодных у сваёй велічы персанажаў і падзей, пакуль фон у залежнасці ад сцэны мяняе свой колер. Цудоўнай знаходкай хваляцца ўжо першыя хвіліны спектакля: поўны энтузіязму кароль Лір з'яўляецца на сцэне і скідае сваю доўгую крывава-мясную мантыю, што становіцца картай каралеўства, прызначанай быць падзеленай паміж спадчынніцамі і разарванай пад адпаведны настойлівы гук.

Асобныя кароткія гукі, між іншым, у якасці акцэнтаў, якія нельга не заўважыць, бо яны заглушаюць уласныя думкі, суправаджаюць усю працягласць спектакля (кампазітарам выступіў Андрэй Зубрыч) — адзін з іх вянчае фінальную сцэну і ў комплексе з тым, што адбываецца, стварае дастаткова моцнае ўражанне, уласна, як і павінна быць з канцоўкай, хоць ты толкам не разумееш, ці сапраўды тут дарэчны па сэнсе біблейскі матыў.

У нейкія моманты спектакль працвярэжвае: калі Эдмунд пляце свае інтрыгі супраць брата і вешае бацьку локшыну на вушы як у пераносным, так і ў прамым сэнсе, метафара хоць і абыграная віртуозна, а шакіраваны граф Глостэр яшчэ і забірае з рук пабочнага сына каструлю, яна ўсё ж выбіваецца з кантэксту сваёй заезджанасцю, калі не банальнасцю, і стылявой непрыдатнасцю да антуражу тысячагадовай даўніны.

Акцёрскі склад — у спектаклі задзейнічана, здаецца, ледзь не ўся мужчынская яго частка — іграе «Караля Ліра» ў тым ліку ўжо знаёмымі мімікай і целарухамі: што Юлія Шпілеўская ў ролі Ганерыльі, што Алег Гарбуз у ролі графа Глостэра, што Дзмітрый Есяневіч у ролі герцага Корнуала. Двудушнасць Эдмунда ў выкананні Івана Труса захрасае ў ліслівай манеры так, што не верыш, што яму вераць, а гэта якраз спрошчана-несучасны падыход да ролі. Затое Аляксандр Казела ў ролі Блазна прыўносіць у калектыўную ігру нейкую нязмушанасць і неабмежаванасць.

Нарэшце, Віктар Манаеў у ролі Ліра феерычны — менавіта ён канцэнтруе ў сабе ўсе шырокія сэнсы спектакля і з поспехам іх у сабе ўтрымлівае. Пакуль ад катэгарычнага, імпульсіўнага і жорсткага самадура ён прыходзіць да безабароннага, мяккага, хоць і з хітрынкай вар'ята, мы бачым, напрыклад, якім цікавым бокам да нас паварочваецца ўлада — хутчэй яна як непадуладная стыхія кіруе людзьмі, а не наадварот. Падзеі напаўняюцца фаталізмам, кожны, хто ўтрымлівае ўладу ў сваіх руках — саму па сабе, каралеўскую, альбо ўладу нейкім адмысловым чынам паўплываць на жыцці іншых, — аказваецца не кіраўніком гульні, а толькі персанажам у гульні нечага звышнатуральнага і неаспрэчнага. Пад стыльную, ужыву менавіта гэтае слова, канцоўку, дзе ручкі павозак ператвараюцца ў надмагільныя крыжы, завяршаецца ўсведамленне, што жывём мы не толькі па прапісаных законах, а сапраўдная ўлада нам, ды і нікому, нябачная.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Фота Купалаўскага тэатра

Загаловак у газеце: Хто сапраўдны ўладар у «Каралю Ліру»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».