Вы тут

Магіляўчанка на пенсіі пачала ствараць музыку


Анатоль Вярцінскі неяк прыслаў ёй паштоўку з цёплымі словамі ўдзячнасці за цудоўную мелодыю да яго вершаў. Якаў Навуменка збіраўся ўключыць некалькі яе твораў у свой рэпертуар. На жаль, спявак заўчасна пайшоў з жыцця, і супрацоўніцтва не атрымалася. Але песні на музыку Святланы Жоравай спяваюць вакальна-харавыя калектывы ў розных кутках Беларусі. Нядаўна ў Магілёве быў выдадзены трэці зборнік яе песень. Прычым на вершы выключна беларускіх паэтаў.


У новым зборніку 14 песень з каментарыямі. Еўдакія Лось, Генадзь Бураўкін, Сяргей Панізнік — спрэс гучныя імёны. Іх вершы з вялікім сэнсам, душэўнай пранікнёнасцю, глыбокімі перажываннямі набылі яшчэ большую кранальнасць і лірычнасць, атрымалі прыгожую музычную агранку, заззялі новымі фарбамі. У самадзейнага кампазітара вельмі тонкае адчуванне слова. Яна часам нават уносіць праўкі ў вершы, вядома ж, з дазволу аўтараў, якія пагаджаюцца, што так сапраўды лепш.

У зборніку ёсць дзве песні на словы Анатоля Вярцінскага. «З ім мы наогул пазнаёміліся пры цікавых абставінах, — расказвае суразмоўца. — Я даслала тэкст пра бацьку — скульптара Абрама Жорава ў адно беларускае выданне. У размове з рэдактарам сказала, што ў мяне ёсць песні на словы Вярцінскага. А яны аказаліся сябрамі! І ён даў мне нумар яго тэлефона. Я пазваніла, сказала: «У вас ёсць цудоўны верш пра жанчыну, які называецца «Позірк з космасу», а я зрабіла з яго песню і перайменавала ў «Падары святло». Бо жанчына — самае яркае свяціла на зямлі». Ён даў свой адрас, каб я даслала ноты і тэкст. Праз нейкі час прыйшла прыгожая паштоўка, у якой Вярцінскі напісаў, што яму ўсё спадабалася. Паведаміў, што быў у гасцях у знаёмай музычнай сям'і, дзе самі складаюць і выконваюць песні. Гаспадыня села за фартэпіяна, і... песня ўсім спадабалася. Мы нават станцавалі, прызнаўся паэт».

Талент складаць музыку Святлана Жорава адкрыла ў сабе нечакана нават для самой сябе — прачытала верш Уладзіміра Фірсава «Некрасивых на свете немало встречается», а ён загучаў у галаве як песня. Кажа, села за фартэпіяна і заспявала. «Я запісала яе на магнітафон, праслухала і зразумела, што са мной адбылося нешта важнае», — напісала яна ў прадмове да свайго зборніка. Хоць усё лагічна. Яе бацька рабіў прыгажосць у скульптурах, а дачка — у мелодыях. Мастацтва, яно ж без межаў, можа выліцца ў любую форму. А ў Святланы Жоравай да таго ж яшчэ і моцныя музычныя карані. Яе дзядуля, напрыклад, быў цудоўны скрыпач. Яна і сама скончыла музычную школу. «Каб ствараць музыку, трэба быць і артыстам, і мастаком, і музыкантам», — упэўнена жанчына. І ў яе лёсе ўсё сышлося.

Аранжыроўкі да самых яе першых песень рабіў магілёўскі кампазітар Уладзімір Брайлоўскі, а вядомы беларускі барытон Алег Кавалеўскі нават запісаў некалькі з іх. Але мелодыі нараджаліся вельмі хутка — адна за адной, і трэба было шукаць пастаяннага суаўтара. І ён знайшоўся — у музычнай школе, куды жанчына пайшла па дапамогу. Дырэктар установы для пачатку прапанавала ёй спець і была ўзрушаная. Што-што, пяе Святлана Жорава добра — у свой час актыўна ўдзельнічала ў самадзейнасці, нават скончыла тэатральную студыю ў Магілёве і спявала ў аперэце.

У музычнай школе ёй прапанавалі супрацоўніцтва з выкладчыкам па класе баяна Яўгенам Маланковым. Хутка свет убачыў і першы зборнік для баяна «Бэзавы май». Другі зборнік ствараўся ўжо мэтанакіравана для калектыву магілёўскага Дома настаўніка, а там быў патрэбны фартэпіянны варыянт. У выніку «Падару табе лісце клёна» дапамагалі рабіць некалькі музыкантаў — Наталля Барынава, выкладчыца музычнага вучылішча і Уладзімір Брайлоўскі. Што датычыцца беларускага зборніка, то ён не мог не з'явіцца. Бо па сваёй адукацыі аўтарка — выкладчыца беларускай і рускай мовы і літаратуры. І вельмі захапляецца беларускай паэзіяй.

Самадзейная кампазітарка хутка пачала карыстацца вялікім поспехам, яе песні ўключалі ў рэпертуар вядомыя калектывы. Так было з акадэмічным хорам ветэранаў, якім кіруе выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Мікалай Хвісюк.

— Хор выконвае маю песню «Дарагая планета Зямля» на верш Петруся Броўкі, — расказвае суразмоўца. — І Мікалай Хвісюк прызнаўся, што гэта адна з іх паспяховых песень. Яна вельмі ўрачыстая, сапраўдная ода зямлі. А пазнаёміліся мы з кіраўніком хора Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі дзякуючы педагогам магілёўскага музычнага вучылішча, якія расказалі яму пра мяне, калі ён прыязджаў у Магілёў.

Наогул усё сваё жыццё Святлана Жорава мела справу з творчымі людзьмі. Пэўны час працавала загадчыцай дзіцячага сектара ў Доме культуры чыгуначнікаў. Потым вырашыла авалодаць замежнай мовай і дыстанцыйна вучылася чатыры гады на курсах павышэння кваліфікацыі для выкладчыкаў з вышэйшай адукацыяй у Кіеве. А калі з'явіўся ў праграме прадмет «марксісцка-ленінская этыка і эстэтыка», засвоіла і яго — закончыла курсы ў Магілёве і Мінску. Потым выкладала ўсе гэтыя прадметы. Цяпер яна ўжо на пенсіі, але не ўпускае магчымасці заняцца чымсьці новым, каб прыносіць карысць грамадству.

— Цяпер вельмі не хапае песень з прыгожымі тэкстамі, — лічыць яна. — Але ж існуе шмат шыкоўных вершаў вядомых паэтаў. Чаму не звярнуць на іх увагу? Усе тыя песні, якія я стварыла, пастаянна ў рабоце. У Магілёве іх спявае вакальная студыя пры Доме настаўніка. Адна з маіх песень «Сэрцам мы з табой, Магілёў», якая была створана да 750-годдзя горада, увайшла ў пяцёрку найлепшых і адзначана дыпломам. Мае песні ёсць у рэпертуары Шклоўскага дома культуры. Мясцовыя артысты двойчы выязджалі на конкурс ветэранскіх калектываў менавіта з маімі творамі. Іх ведаюць і ў Цэнтры культуры і вольнага часу аграгарадка Александрыя. Нават падарунак мне прывезлі ў падзяку — прыгожае дрэва з бісеру. Якаў Навуменка, які, дарэчы, там працаваў, высока ацаніў мой зборнік песень. Мы былі асабіста знаёмыя, і ён збіраўся на тры мае песні зрабіць аранжыроўкі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Адчуванне... музыкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».