Вы тут

Невідушчым становіцца даступнае мора інфармацыі


Невідушчыя і людзі, якія слаба бачаць, незалежна ад узросту, полу і месца жыхарства цяпер змогуць «чытаць» газеты і электронныя кнігі, «глядзець» тэлевізар, весці перапіску і слухаць інтэрнэт-радыё. І ўсё гэта дзякуючы мультымедыйнаму плэеру Wеbbох. Гэтая інфармацыйная сістэма з'явілася ў нашай краіне дзякуючы шведска-беларускаму праекту «Штодзённы незалежны безбар'ерны доступ да інфармацыі для невідушчых у Беларусі» «Wеbbох: інфармацыйны рэсурс для кожнага».


Фота: sb.by.

— Мы стварылі інфармацыйную сістэму, якая дазваляе сляпым і людзям са слабым зрокам самастойна атрымліваць кантэнт, які ім патрэбны: гаворка ідзе пра газеты, тэлебачанне, радыё, у тым ліку інтэрнэт-радыё, электронныя кнігі, кнігі ў дыктарскім запісе ў розных фарматах і г. д., — кажа намеснік старшыні Цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, дырэктар «Цэнтра паспяховага чалавека» Міхаіл Антоненка. — Атрыманую інфармацыю таксама можна запісваць на дыск або флэшку, каб потым падзяліцца ёю з сябрамі. Акрамя таго, на плэер Wеbbох можна атрымліваць электронную пошту, навіны, з яго дапамогай можна даведацца пра надвор'е, курсы валют і іншыя рэчы.

У рамках праекта ўладальнікамі плэера сталі 44 чалавекі, якія жывуць у самых розных рэгіёнах нашай краіны. Больш за 12 тысяч чалавек узяло ўдзел у інфармацыйных мерапрыемствах, на якіх дэманстраваліся магчымасці гэтай прылады. І больш за 1100 невідушчых і слабавідушчых людзей ужо навучыліся карыстацца плэерам Wеbbох. Многія з іх — людзі сярэдняга і сталага веку, якія ў свой час па розных прычынах не асвоілі камп'ютар. Цяпер у іх з'явілася рэальная магчымасць доступу да самай рознай інфармацыі.

Зараз у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны завяршаецца работа над праектам дакумента, згодна з якім невідушчым і людзям са слабым зрокам можна будзе набыць мультымедыйны плэер Wеbbох самастойна і пасля атрымаць кампенсацыю за яго ад дзяржавы ў мясцовым органе па працы і сацабароне. Плануецца, што ў 2020 годзе такі дакумент будзе зацверджаны. На сённяшні дзень гэты плэер каштуе прыблізна 880 рублёў (або 375 еўра). Пастаўшчыком прылады з'яўляецца ўстанова рэабілітацыі інвалідаў па зроку «Цэнтр паспяховага чалавека».

— Мы правялі работу з вытворцам плэера, кампаніяй з Нідэрландаў, і дамагліся значнага зніжэння яго кошту, — кажа Міхаіл Антоненка. — У тых жа Нідэрландах плэер абыходзіцца канчатковаму спажыўцу ў 600 еўра. Мы працягваем шукаць дадатковыя шляхі зніжэння кошту. Калі пачне пашырацца кола яго карыстальнікаў і гэтыя плэеры стануць закупляць не па пяць штук, а буйнейшымі партыямі, магчыма, атрымаецца дамагчыся далейшага зніжэння яго цаны. Акрамя таго, практычна вырашана пытанне аб атрыманні растэрміноўкі пры пакупцы плэера Wеbbох, каб людзі маглі сабе дазволіць набыць яго.

Гэты праект, які фінансаваўся Швецыяй, ужо заканчваецца, але Беларускае таварыства інвалідаў па зроку прыняло рашэнне працягваць яго. Яно выплачвае зарплату шэрагу спецыялістаў, дарэчы, невідушчым, якія абслугоўваюць гэты сэрвіс. Больш за тое, для прыцягнення людзей да гэтай сістэмы і пашырэння доступу БелТІЗ збіраецца выкласці ў яе больш за тысячу кніг у аўдыёфармаце, запісаных яго Домам гуказапісу за ўсе гады існавання.

Акрамя таго, па словах Міхаіла Антоненкі, цяпер вядуцца перамовы з міжнароднай бібліятэкай ІBS, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Швейцарыі, з тым, каб мець магчымасць карыстацца ёю. Маракешскі дагавор гарантуе людзям з інваліднасцю доступ да інфармацыі на бясплатнай аснове (тут маецца на ўвазе Маракешскі дагавор аб палягчэнні доступу сляпых і асоб з парушэннямі зроку ці іншымі абмежаванымі здольнасцямі ўспрымаць друкаваную інфармацыю да апублікаваных твораў. — Аўт.). Гэта значыць, аўтары не будуць прад'яўляць прэтэнзіі да людзей з інваліднасцю за тое, што тыя стануць карыстацца іх творамі бясплатна. Плануецца, што ўжо недзе ў маі наша краіна далучыцца да яго, і беларусы з інваліднасцю па зроку, а таксама з дыслексіяй змогуць атрымаць абаронены з дапамогай пароля доступ да карыстання рэсурсамі гэтай бібліятэкі. Зайсці ў яе можна будзе са звычайнага камп'ютара або смартфона.

***

Апошнім часам сталі шырока вядомыя і іншыя праекты, накіраваныя на тое, каб палегчыць жыццё невідушчым людзям. Так, сёлета «Цэнтр паспяховага чалавека» ў партнёрстве з шэрагам беларускіх кампаній распрацаваў вельмі дакладную навігацыйную сістэму «Крокі на гукі». Цяпер людзям са слабым зрокам і невідушчым стане прасцей перасоўвацца — у сталіцы і рэгіёнах пачынаюць з'яўляцца маршруты, дзе ўвесь шлях абсталяваны адмысловымі гукавымі прыладамі, якія дапамагаюць арыентавацца ў прасторы.

Карыстанне гэтай сістэмай ужо асвоілі 1430 чалавек, а ўсяго такіх сістэм на 1 снежня мінулага года ўстаноўлена 365. Плануецца таксама, што ёю будуць аснашчаны выбарчыя ўчасткі краіны, каб невідушчы чалавек меў магчымасць не толькі самастойна прымаць рашэнне і галасаваць (яна ў людзей ужо ёсць), але і самастойна прыйсці на ўчастак для галасавання.

Таксама пачынаючы з 2015 года ў «Цэнтры паспяховага чалавека» прайшлі працоўную адаптацыю шэсць чалавек. З іх пяць паспяхова працуюць.

Працягваецца праект «Вучымся кіраваць фінансамі самі» — па навучанні фінансавай граматнасці людзей з інваліднасцю па зроку ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. А канкрэтна — па карыстанні мабільнымі банкаўскімі праграмамі. На сённяшні дзень па лініі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны інвалідам па зроку выдаюць смартфоны за 20 % кошту. Трэба толькі ўсталяваць банкаўскую праграму і навучыць чалавека, як правільна зарэгістравацца, як завесці карт-рахунак, якія віды плацяжоў ёсць, як бяспечна працаваць са сваімі грашыма ў гэтай сістэме і г. д. — што і робіцца ў рамках праекта.

Шведска-беларускі праект «Штодзённы незалежны безбар'ерны доступ да інфармацыі для невідушчых у Беларусі «Wеbbох: інфармацыйны рэсурс для кожнага» рэалізоўваўся Цэнтральным праўленнем ГА «БелТІЗ» сумесна з установай рэабілітацыі інвалідаў па зроку «Цэнтр паспяховага чалавека» пры фінансавай падтрымцы міжнароднага форуму SYD на працягу 2018—2019 гадоў.

Святлана Бусько.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Міністр аховы здароўя расказаў пра стан медыцыны ў краіне

Міністр аховы здароўя расказаў пра стан медыцыны ў краіне

У 2019 годзе медыцынскую дапамогу ў Беларусі аказвалі на належным узроўні.

Грамадства

У чым сутнасць вішынгу — аднаго з відаў махлярства

У чым сутнасць вішынгу — аднаго з відаў махлярства

З выкарыстаннем сацыяльнай інжынерыі. 

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.