29 верасня, аўторак

Вы тут

Як правільна падрыхтаваць глебу для расады


Расада таматаў, перцаў, баклажанаў, агуркоў і капусты будзе моцная і здаровая, калі вырошчваць яе ў правільным субстраце.

У залежнасці ад культуры, якая вырошчваецца, глебавая сумесь для расады можа складацца з розных кампанентаў. Але ў любым выпадку яна павінна адпавядаць агульным патрабаванням:

  • глеба для расады павінна быць урадлівая, то-бок у ёй павінны прысутнічаць усе пажыўныя рэчывы, неабходныя расліне для нармальнага росту і развіцця;
  • састаў кампанентаў павінен быць збалансаваны — акрамя арганікі, патрэбны макра- і мікраэлементы ў даступнай для раслін форме;
  • па структуры глеба павінна быць лёгкая і друзлая, каб карані раслін атрымлівалі дастатковую колькасць паветра;
  • яшчэ адзін важны параметр — вільгацяёмістасць: глебавая сумесь для расады павінна добра ўбіраць і ўтрымліваць вільгаць;
  • узровень кіслотнасці (Ph) павінен быць у межах 6,5-7,0 (то-бок трэба, каб глеба мела нейтральную рэакцыю);
  • у сумесі не павінна быць хваробатворных мікробаў, насення пустазелля, спор грыбоў і падобных рэчаў, здольных загубіць маладыя расліны;
  • якасная глеба для расады павінна быць абсалютна чыстая, без прымешак цяжкіх металаў, адходаў шкодных вытворчасцяў і іншых шкодных рэчываў.

З чаго прыгатаваць?

Добрым лічыцца такі глебагрунт, у якім прысутнічаюць як арганічныя, так і неарганічныя кампаненты.

У якасці арганічных кампанентаў для глебавай сумесі можна выкарыстоўваць:

  • дзярновую зямлю (яе нарыхтоўваюць загадзя — улетку наразаюць дзёран квадратамі і ўкладваюць у штабелі);
  • зямлю на агародзе (бяруць проста з градак);
  • ліставую зямлю (кампост, прыгатаваны выключна з апалага лісця);
  • перагной;
  • кампост;
  • нізавы торф (верхавы торф занадта кіслы і не падыходзіць для расады);
  • мох сфагнум;
  • луску сланечніка;
  • здробненае яечнае шкарлупінне;
  • драўняны попел.

Да неарганічных адносяцца:

  • рачны пясок;
  • перліт (экалагічна чысты матэрыял, які мае нейтральны Ph і не ўтрымлівае цяжкіх металаў);
  • вермікуліт (сітаваты, экалагічна чысты матэрыял, змяшчае невялікую колькасць калію, кальцыю і магнію);
  • гідрагель (палімер, які мае высокую вільгацяёмістасць);
  • керамзіт;
  • здробнены пенапласт.

Расадны грунт — гэта сумесь арганічных кампанентаў (торф, агародная зямля, кампост, драўняная кара і г. д.) з прымешкай неарганічных (пясок, перліт, мінеральныя ўгнаенні і іншыя).

Расадны субстрат — гэта ўсё, што можа замяніць глебу (пілавінне, перліт, гідрагель, пясок, мінеральная вата і іншае).

Чаго ў глебасумесі быць не павінна

Калі хочаце вырасціць якасную расаду, сачыце за тым, каб у глебасумесь не трапілі кампаненты, якія актыўна раскладаюцца, і гліна.

Рэч у тым, што пры даданні ў грунт свежага гною, неперапрэлага лісця або чайнай заваркі можа пачацца працэс іх гніення, пры якім будзе выдзяляцца цяпло і памяншацца колькасць азоту ў субстраце. А для маладых раслін і тое і другое вельмі шкодна.

Калі тэмпература глебы падымецца вышэй за 30 °С, карані расады могуць загінуць.

Таксама ні ў якім разе не дадавайце гліну — з ёй грунт стане шчыльны, цяжкі, будзе горш прапускаць паветра і вільгаць. У такім субстраце далікатныя сеянцы будуць хварэць і ў рэшце рэшт могуць нават загінуць.

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Адноўлены Тураўскі крыж паказалі ў Мінску

Вячэрняе набажэнства у саборы прайшло, авеянае дарагімі для ўсіх сімваламі вяртання і адраджэння духоўных традыцый.  

Культура

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

75 гадоў таму адкрылася першая экспазiцыя музея Янкi Купалы

Давайце з нагоды пачэснага юбiлею пройдземся па залах музея, у кожнай з якiх свае цiкавосткi.