Вы тут

Кліматычная зіма ў Беларусь пакуль так і не прыйшла


Снежань усё ж такі не апраўдаў сваёй назвы: сапраўды белы снег мы бачылі гэтай зімой толькі пару разоў. Тэмпература паветра за снежань 2019 года ў сярэднім па краіне склала плюс 1,9 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 5,2 градуса, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Гэта амаль самы цёплы апошні месяц года за ўсю гісторыю назіранняў, ён заняў другое месца пасля снежня 2006 года. Станоўчая анамалія тэмпературы паветра пашырылася на ўсю тэрыторыю краіны, дасягнуўшы найбольшых значэнняў у Магілёўскай вобласці, а найменшых — у Брэсцкай. Нават у студзені ў нас замест снегу ідзе дождж, а замест «марозу і сонца» — «туман і золь». У сувязі з анамальна цёплым надвор'ем у снежні ўстойлівы пераход сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз адзнаку нуль градусаў у бок паніжэння пакуль не адбыўся. А гэта значыць, што на тэрыторыю Беларусі кліматычная зіма яшчэ не прыйшла.

Айчынныя спецыялісты адзначаюць, што ўсе тры дэкады снежня былі цёплыя, асабліва трэцяя, сярэдняя тэмпература паветра ў якой аказалася вышэйшая за кліматычную норму на 6,5 градуса. Такая цёплая трэцяя дэкада снежня на тэрыторыі краіны адзначаецца ўпершыню за апошнія 40 гадоў.

У цэлым за месяц па Беларусі выпала 48,1 мм ападкаў, або 107 % кліматычнай нормы. Па тэрыторыі краіны ападкі размяркоўваліся нераўнамерна. Больш за ўсё іх выпала ў Віцебскай вобласці — 70 мм (143 % нормы). Менш за ўсё ападкаў назіралася на тэрыторыі Брэсцкай вобласці — 39,1 мм (89 %). Ападкі выпадалі ў выглядзе дажджу, снегу і мокрага снегу. Снежнае покрыва на працягу месяца неаднаразова ўтваралася і разбуралася. На апошні дзень месяца вышыня яго знаходзілася ў межах ад 0,1 да 11 сантыметраў.

У апошнія 30 дзён года на рэках пераважаў рост узроўню вады. Воднасць Заходняй Дзвіны аказалася трохі большая за норму, Заходняга Буга, Прыпяці і Сожа ў раёне Гомеля — значна меншая за норму, а Нёмана, Віліі, Дняпра, Бярэзіны і Сожа на ўчастку Крычаў — Слаўгарад — блізкая да звычайнай для гэтага часу года. У першай палове месяца на водных аб'ектах краіны назіралася разбурэнне ледзяных утварэнняў, у другой палове лёд цалкам адсутнічаў. Толькі ў апошнія дні снежня на асобных участках рэк ён зноў пачаў з'яўляцца.

Адносна цёпла будзе і далей — на другім тыдні новага года. Калі ў чацвер 9 студзеня чакаецца толькі мокры снег, то ў пятніцу — мокры снег з дажджом і месцамі проста дождж. Калі ў пачатку года тэмпературны фон хоць уначы дасягаў невялікага мінусу, то ў канцы тыдня на працягу сутак будуць трымацца слабыя, але станоўчыя значэнні.

Прыблізна такое ж надвор'е захаваецца да сярэдзіны студзеня. У атмасферы будзе пераважаць паўночна-заходні перанос паветраных мас, якія паступаюць з умераных шырот Атлантычнага акіяна. Тэмпература чакаецца на 4-6 градусаў вышэйшая за кліматычную норму. Імавернасць таго, што студзень акажацца такі ж анамальна цёплы, як і снежань мінулага года, вельмі высокая.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв'ю: dzerginsk.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.