Вы тут

Чым «чапляе» хакеістаў з розных краін свету Калядны турнір


Міжнародны Калядны турнір аматараў хакея нездарма называюць неафіцыйным чэмпіянатам свету. За той час, што ён праводзіцца, — а сёлета гэта быў ужо шаснаццаты раз — спартыўны форум набыў аўтарытэт сярод вядомых хакеістаў з многіх краін. З кожным годам на яго з'язджаюцца ўсё новыя каманды — як з «нехакейных» краін, напрыклад Кітая і Арабскіх Эміратаў, так і з тых, для якіх гэты від спорту адзін з асноўных, — да заўсёднікаў турніру зборных Расіі і Фінляндыі сёлета далучылася каманда ЗША.


У чым сакрэт нязменнай папулярнасці гэтых спаборніцтваў у хакеістаў, якія з прафесіяналаў перайшлі ў аматары? Адказ на гэта пытанне даў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка — ініцыятар і пастаянны непасрэдны ўдзельнік турніру — падчас сустрэчы з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІHF) Рэнэ Фазелем (прысутнасць спартыўнага функцыянера такога рангу на адкрыцці турніру таксама сведчыць аб статуснасці спаборніцтва). «Для спартсменаў гэта проста свята, калі яны сустракаюцца на лёдзе праз дзясяткі гадоў пасля таго, як пайшлі з прафесійнага спорту», — сказаў беларускі лідар, заўважыўшы, што хакеісты заканчваюць кар'еру ўжо ў 30—35 гадоў і толькі некаторыя гуляюць даўжэй. За гады, прысвечаныя спорту, яны прывыклі да апладысментаў і запоўненых арэн. Вярнуць і хакеістам, і балельшчыкам, якія любяць гульнявыя віды спорту, адчуванне свята — галоўная мэта задуманага калісь Каляднага турніра. І задуму ажыццявілі на ўсе сто. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што гэтыя спаборніцтвы ў Беларусі працягнуць падтрымліваць, магчыма, павялічваючы лік камандаў-удзельніц: «Ахвотных прыехаць — велізарная колькасць. Але мы пакуль з розных прычын абмяжоўваемся 12 камандамі. Хацелася б, каб іх было больш».

Хакей, які аб'ядноўвае людзей

Самі хакеісты, якія прыязджаюць на турнір, з задавальненнем дзеляцца прыемнымі ўражаннямі. «Канкурэнцыя на Калядным турніры — далёка не галоўнае. Гэта больш пра хакей, які аб'ядноўвае людзей. Мы ўдзельнічаем і атрымліваем асалоду ад гульні. Дасылаем навіны з спаборніцтваў дадому ў Эстонію, людзі бачаць, што тут дружная сям'я, — адзначыў абаронца зборнай Балтыі Юры Рооба. — Нам вельмі падабаецца арганізацыя гэтага турніру. Бываў не раз на розных спаборніцтвах самага высокага ўзроўню і магу сказаць, што ў Мінску ўсё зроблена ані не горш, а шмат у чым нават лепш». Джым Слэйтар, капітан амерыканскай дружыны, якая ўпершыню выступае ў беларускай сталіцы, не хаваў эмоцый: «Калі нам паведамілі, што будзем гуляць супраць Прэзідэнта Беларусі, усе хлопцы сказалі — гэта проста фантастыка. Але адна справа пачуць пра гэта, а зусім іншая — выйсці на адзін лёд з кіраўніком дзяржавы. Уражанні проста казачныя». А Васіль Якубоўскі, нападаючы зборнай Украіны, якая сёлета вярнулася ў турнір, не шкадаваў добрых слоў на адрас арганізатараў: «Па арганізацыі, атмасферы — гэта вялікае свята. Дзякуй вашаму Прэзідэнту, што ён праводзіць такія спаборніцтвы. У Беларусі створаны ўсе ўмовы для развіцця хакея, пачынаючы ад арганізацыі і заканчваючы інфраструктурай. Тое, што зроблена ў вас, вартае самай высокай пахвалы».

На тое турнір і Калядны...

Чым яшчэ «чапляе» хакеістаў з розных краін свету Калядны турнір, дык гэта нязменным дабрачынным складнікам. Ужо каторы год Прэзідэнцкі спартыўны клуб разам з Федэрацыяй хакея Беларусі ладзіць акцыю «Калядная традыцыя», у межах якой удзельнікі турніру з падарункамі едуць да дзяцей, якім патрэбныя асаблівая ўвага і клопат. Падчас такіх мерапрыемстваў ладзяцца вясёлыя гульні і майстар-класы, дзеці дзеляцца сваімі ўменнямі і талентамі. Сёлета хакеісты наведалі выхаванцаў чатырох дзіцячых дамоў кватэрнага тыпу Фрунзенскага раёна сталіцы. Не абышлося і без патрэбных падарункаў. Каманда Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў прывезла барабанную ўстаноўку, зборная Германіі — электраакустычныя гітары, а каманда Прэзідэнта падарыла дзецям гіраскутары і электрасамакаты.

Да таго ж упершыню ў гісторыі спаборніцтваў выручка ад продажу білетаў на вячэрнія матчы, якія праходзілі на вялікай арэне (на ўсе астатнія матчы ўваход быў бясплатны) будзе накіравана на дабрачыннасць: сродкі пералічаць у Мазырскі дзіцячы дом.

Рэпетыцыя перад сусветным першынством

Шаснаццаты Калядны турнір адметны яшчэ і тым, што праводзіцца за год да чэмпіянату свету па хакеі, які налета прымуць Беларусь і Латвія. Наша краіна, якая стане гаспадыняй першынства другі раз, хоча зрабіць гэтыя сусветныя спаборніцтвы аднымі з найлепшых у гісторыі. Пра гэта кіраўнік нашай дзяржавы казаў на цырымоніі адкрыцця турніру: «Беларусь мае намер падарыць усім такое ж грандыёзнае спартыўнае свята, якім запомніўся нам чэмпіянат свету ў 2014-м». «Вы можаце не сумнявацца: мы разам з нашымі суседзямі на годным узроўні правядзём гэты чэмпіянат. Гэта будзе адзін з найлепшых чэмпіянатаў свету. Я вам гэта цвёрда абяцаю», — запэўніў Прэзідэнт і Рэнэ Фазеля.

Сумнявацца ў гэтым не выпадае. Асабліва калі згадаць сапраўднае хакейнае свята ў маі 2014-га або — далёка хадзіць не трэба — любы з шаснаццаці Калядных турніраў.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».