Вы тут

Што трэба для шчасця?


Ці многа пераднавагодніх жаданняў у вас збылося? У мяне, можна сказаць, сто працэнтаў — бо ніводнага не загадала. Так склалася, што ўжо некалькі гадоў ніякіх рытуалаў пад бой курантаў не выконваю. Хіба сёлета дачка ўгаварыла зрабіць імбірнае печыва з прадказаннямі, сама панапісвала паперак-пажаданняў, сама ў цеста схавала, а потым сама ж запэўніла, што ва ўсіх усё загаданае абавязкова спраўдзіцца. «У мяне ўжо збылося, — смяецца наша бабуля, — я выцягнула «адпачынак», а са студзеня якраз выйшла на пенсію. Як казаў паштальён Печкін, я, можа, толькі жыць пачынаю».


Сама дачка таксама радавалася — натуральна, і падарункам ад бацькоў, родных і Дзеда Мароза, і ласункам, і працяглай навагодняй культурнай праграме, і школьным канікулам. Але больш за ўсё... снегу, які выпаў у апошнія дні снежня. «Ура! Снег! Я якраз яго ў Дзеда Мароза прасіла — цяпер дакладна ведаю, што ён атрымаў мой ліст!» Ці ўчора зранку тэлефануе, радасць у голасе звініць: «Мама, я так хацела схадзіць на выстаўку акварыумных рыбак, а мы ў школьным лагеры якраз на яе ідзём — выдатна, праўда?»

«Напішы, што ўсё гэта лухта, можна вінаградам не давіцца і сурвэткі з напісанымі жаданнямі не паліць, — зазірае цераз плячо каляжанка. — Я вось тры гады запар загадваю, каб сустрэць сваю палавінку, і дуля з макам, а не рамантыка!» — «Ага, памятаю я твой пералік патрабаванняў да кандыдата — я ўжо на сярэдзіне сказала, што такіх не бывае», — нагадваю ў адказ. — «Ну, можа, і не бывае, але памарыць хоць можна?»

На гэтым моманце я чамусьці згадала Людмілу з фільма «Масква слязам не верыць», якая казала: «Не магу я шчасце па частках атрымліваць, мне ўсё адразу патрэбна!» — і была шчыра перакананая, што аднойчы ёй пашанцуе. Аднак у рэшце рэшт усё аказвалася «не тым», «не так» і «не тады, калі трэба». І хто ведае, у чым карані праблемы — у інфантыльным чаканні чараўніка на блакітным верталёце, які прыляціць і сам усё зробіць? Альбо ў тым, што жаданні мусяць хоць неяк карэляваць з рэчаіснасцю, у якой жывеш? Ці ў неабходнасці фармуляваць свае мары больш акрэслена, бо калі загадваеш «што-небудзь гэткае», то што-небудзь такое і атрымаеш?

А можа, пытанне ў агульнай спажывецкай псіхалогіі, «жадаю, каб усё і адразу». Бачыла нядаўна на адным вялікім мерапрыемстве дабрачынны спіс рэчаў, якія можна падарыць насельнікам інтэрнатаў. Дзве траціны — усякія гаджэты, фітнес-браслеты, смартфоны, модныя навушнікі і г. д. І тут, раптам... «Гель для душу». У мяне вочы на мокрым месцы; купіла набор і ціхенька паклала ў вялікую скрыню для падарункаў. А самой так сорамна стала за тое, што не парадавалася разам з дачкой ні першаму снегу, ні гэтай выстаўцы акварыумных рыбак.

Цяпер зноў думаю: у які момант развучваешся радавацца простым рэчам? І як хочацца навучыцца нанова і моцна запомніць, як часам мала трэба для шчасця. Ведаеце, што зрабіў добры дзясятак дарослых у маім двары з першым снегам? Правільна, вынеслі выбіваць дыванкі і дарожкі. 
А дзеці — пабеглі ляпіць снегавіка напалам з пяском, а калі яшчэ снегам і горку прысыпала, у чаргу з санкамі і «ватрушкамі» сталі, і не было нікога шчаслівейшага за іх у той дзень...

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Прэв'ю: lapinoskrynia.lt

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.