Вы тут

«Прышэлец» у выглядзе ёлкі


Пакуль я рэзала на суп агародніну і размаўляла з сяброўкай па тэлефоне, Арцёмка залез на зэдлічак і сцягнуў аблупленую бульбіну. Я, вядома, гэта заўважыла, але адбіраць не спяшалася: пазабаўляецца і кіне. З гэтай думкай пасля размовы і пайшла шукаць «скрадзены» інгрэдыент, але каля вялікага пакоя раптам пачула, як дзед кажа ўнуку: «Смачны яблычак?» Карціна Рэпіна, як кажуць, «Не чакалі» — Цёмка сядзіць побач з дзедам і есць не яблык, а... сырую бульбу.


Нічога страшнага, вядома, не здарылася. Як і тады, калі Цёмік упершыню з'еў «чупа-чупс». Каб вы разумелі: нічога саладзейшага ён дагэтуль не каштаваў. У мяне на гэты конт строгія правілы да бабуль і дзядуль, а таксама іншых добранькіх сваякоў: ім забараняецца частаваць свайго любімчыка цукеркамі і шакаладнымі прысмакамі. А тут сама ўзяла ды купіла (хутчэй пагадзілася на гэта, калі малы сцягнуў чупа-чупс каля касы). Шчыра скажу, пашкадавала Цёміка, які апошнія дні хварэў і вельмі дрэнна спаў. А колькі ў малога было радасці, калі ён, зашыўшыся каля сцяны на канапе, прагна набіў поўны рот глазіраваным сырком, што вымушана была даць замест шакаладнай цукеркі, якую мела неасцярожнасць пакласці на стол да гарбаты.

Не, я не вораг свайму дзіцяці. Пад забаронай у нас, напэўна, толькі цукеркі. І я патлумачу чаму. Мужаў пляменнік, які ўпісваў іх за абедзве шчакі без меры з маленства, пакутаваў на зубы, якія яму ніяк не хацелася лячыць — нават у платных дактароў, што і казку раскажуць, і цацку падораць (за бацькоўскія грошы, вядома). Не было іншага выйсця, як вазіць малога ў Мінск і лячыць зубы пад анестэзіяй. А зубы непакояць, як вы разумееце, не раз у жыцці.

Ёсць і другая прычына, чаму я пільна сачу за тым, каб Цёмік не еў цукерак. Ён у нас і так неўсяедны, галаву трэба зламаць, каб прыдумаць, чым яго накарміць. А салодкае не на карысць апетыту. Я не супраць, калі сынок з'есць пячэння, фруктаў, кукурузных палачак альбо шматкоў, але толькі пасля таго, як прычыніцца да асноўнай стравы.

А цяпер прысмакі ў выглядзе мандарынаў ці бананаў Цёмік знаходзіць яшчэ і пад ёлачкай. Сёлета доўга думалі, ставіць гэтую лясную прыгажуню ці не: спакойна пастаяць ёй папросту не дасць самы вялікі шкоднік у свеце. Усё ж такі рызыкнулі — якое свята без ёлачкі, агеньчыкаў, падарункаў пад ёй! Доўга тлумачылі гэта і Арцемію, калі той чарговы раз запусціў шкляны шарык у сцяну. А калі ўсе ўпрыгажэнні памянялі на такія, што не б'юцца, ён знайшоў іншы спосаб разабрацца з незнаёмым яму «прышэльцам» — уехаў у яго сваёй вялікай машынай.

У той жа вечар я гатова была разабраць ёлку і засунуць яе туды, дзе яна знаходзіцца большасць часу, — на антрэсолі. Дзедаў здаровы сэнс перамог, і ёлачка ўціснулася на стол, на якім і без яе мала месца з-за вазонаў, што схаваліся на вышыні ад малога шкодніка. Праўда, Цёмік усё роўна ўмудраецца «паваяваць» з лясной прыгажуняй, шпурляючы ў яе сваімі цацкамі.

Трошкі супакоіўся, калі ў першую раніцу новага года ўбачыў пад ёй новенькі цацачны смеццявоз, якім ён шалёна захапіўся, калі ўбачыў, як гэтая вялікая машына вывозіць у нас з-пад вокнаў смецце. Пэўна, ужо пачаў разумець, што калі б не ёлачка, не знайшоў бы ён каля яе на Раство Хрыстова і пажарнай машыны з метр у даўжыню?

Вераніка КАНЮТА

Прэв'ю: meaculpa.gr

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».