Вы тут

Том Хупер схібіў кінаадаптацыяй мюзікла «Кошкі»


Чаго толькі не даводзіцца глядзець. На гэтым рэцэнзію можна было б скончыць, але пра новы англа-амерыканскі кінамюзікл «Кошкі» зараз столькі кажуць, у тым ліку на ўручэнні прэміі «Залаты глобус», што хочацца ўставіць слова. Альбо, хутчэй, падтакнуць тым, што ўжо ўстаўлены. Вядучы цырымоніі Рыкі Джэрвейс, спіч якога стаў навіной у галоўных медыя свету, спаслаўся на рэцэнзію, у якой сказана, маўляў, гэты мюзікл — найгоршае, што здаралася з кошкамі пасля сабак. Ён можа таксама стаць найгоршым, што здаралася ў вашым глядацкім досведзе.


Рэжысёр Том Хупер, аўтар аскараноснага фільма «Кароль гаворыць», маштабнага мюзікла «Адвержаныя» паводле Гюго і карціны пра змену полу «Дзяўчына з Даніі», гэтым разам адаптаваў да вялікага экрана паспяховы мюзікл брытанскага кампазітара Эндру Лойда Уэбера, што ставіўся і ў Лондане, і на Брадвеі, і ў розных краінах свету. Па сюжэце каты і кошкі збіраюцца з розных куткоў на штогадовы каціны баль, на якім стары важак Дзьютэронамі павінен абраць таго, хто адправіцца ў рай і перародзіцца для іншага жыцця.

Каб быць абраным, кожны прэтэндэнт павінен спець песню і расказаць у ёй, чым ён выключны. У працэс умешваецца кот-разбойнік Макавіці і выкрадае важака, а станоўчыя героі мусяць выратаваць Дзьютэронамі і разам завяршыць распачатае. Зрэшты, у фільме гэта не важак, а важачка ў выкананні не каго-небудзь, а Джудзі Дэнч.

Нават па беглым пераказе зразумела, што для кіно, уладкаванне якога ўсё ж адрозніваецца ад тэатра, сур’ёзнасці перыпетый яўна малавата. Калі на сцэне з «Кошак» можна стварыць бліскучае шоу, дзе апранутыя ў каціныя касцюмы артысты — чалавечыя твары герояў тут хоць бы апраўданы — будуць спяваць перад гледачамі як апошні раз, то што з такім умоўным сюжэтам можа зрабіць кінарэжысёр? Дадаць катам рэалістычнасці праз камп’ютарную графіку і дэманізаваць Макавіці, каб узмацніць канфлікт? Гэта быў бы жарт, але Том Хупер адаптаваў брадвейскае шоу да вялікага экрана менавіта такім чынам і больш асабліва не турбаваўся. Каты нават захавалі чалавечыя твары — анімаванае кіно, па-добраму, дазваляе такую пачвару не ствараць, але ж як бы тады фільм падкупіў гледачоў тварамі Тэйлар Свіфт, Джэйсана Дэрула ці Іэна Макелена? Няўжо іх бы пазналі па голасе?

Асур’ёзванне сцэнарыя між тым атрымалася так сабе, бо як ні выціскай з заснаванага на вершах Томаса Эліата сюжэта падзейнасць, выціскаецца дрэнна — мюзікл можа дазволіць сабе схематычнасць гісторыі, а ў пазбаўленым вялікай часткі тэатральнай умоўнасці і непасрэднасці фільме гісторыя пра катоў, якія спяваюць, каб адправіцца ў каціны рай, выглядае амаль што вар’яцкай галюцынацыяй. Некаторыя спробы зрабіць мюзікл кінематаграфічным творам аўтары, канешне, зрабілі. Напрыклад, Макавіці ў кінакарціне — гэта каб накруціць інтрыгу — перш чым сцягнуць каціную важачку, аднаго за адным выкрадае некалькі будучых гасцей балю. Станоўчую і адмоўную лініі аўтары такім чынам запаралелілі, не зацягваючы, але прапісаць матывацыю дзеянняў забылі: злачынцу патрэбна толькі важачка і нават у момант, калі ён мог бы шантажаваць Дзьютэронамі пагрозай палонным, гэтага не робіць, каты нават не ўдзельнічаюць у яе выратаванні, што і казаць — у развіцці гісторыі таксама. І так ва ўсім — у фільме адбываецца немаведама што, але — напэўна, таму што гэта казка — даваць зразумець, напрыклад, чаму Макавіці раптам страціў свае звышнатуральныя здольнасці (а галоўнае, адкуль яны ў яго, усе ж, наколькі гэта магчыма, «нармальныя»), ніхто не лічыць патрэбным. Так, гэта не тое, што ставіць мюзікл па «Адвержаным» Гюго, зрэшты, і яны не выклікалі ў крытыкаў уздыханняў.

Макавіці, адкрытага ворага «харошай» суполкі катоў, іграе афраамерыканец Ідрыс Эльба. Штука ў тым, што другую агідную суполцы істоту, а іх такіх яўных усяго толькі дзве, Грызабэлу іграе Джэніфер Хадсан, таксама афраамерыканка. Галоўную ролю грацыёзнай кошачкі Вікторыі, вачыма якой мы назіраем за катамі і ўваходзім у іх дзіўную каманду, а таксама ролі важачкі і ўсіх, апроч аднаго, больш-менш важных персанажаў, іграюць белыя. Свет як бы раздзяліўся на чорны і белы, і да якога належыш ты, вызначае колер скуры. Прынамсі, фемінісцкі рух аўтары прынялі да ўвагі і на ролю важака запрасілі Джудзі Дэнч.

Значыць, танцы Вікторыі (у яе няма партыі, але выведзеная на першы план гераіня павінна неяк вылучацца), песні катоў, фокусы-покусы — і ў мізэрных падкопах Макавіці суполка перамагае. Так, каты з чалавечымі тварамі — яшчэ, аказваецца, куды б ні ішло: на фоне песень-танцаў грунтоўнасць сюжэта ўсё яшчэ важная, але перыпетыі фільма кульгаюць у тым ліку з-за цалкам непераканаўчай з-за сваёй дробязнасці гісторыі, якая ў гэты ж час прэтэндуе на нешта без ценю іроніі грандыёзнае.

«Кошкі» добрыя хіба тым, што ў кінатэатры можна паслухаць песні з вядомага мюзікла, які ў беларускіх тэатрах не ідзе. Ці найлепшае тут для іх візуальнае суправаджэнне — я моцна сумняваюся, прынамсі, гэтыя істоты ў якасці персанажаў здольныя вас пацешыць.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.