Вы тут

Зямельнае пытанне — няпростае


9 студзеня прыём грамадзян правёў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы.


Фота БЕЛТА

Прыём атрымаўся, можна сказаць, тэматычны. Заяўнікі звярталіся па адным пытанні — зямельным. І, як паказаў ход размовы грамадзян з Міхаілам Іванавічам, па вельмі злабадзённым пытанні. Так, пенсіянерка з Мінска Ядвіга Казіміраўна, якая даўно ўжо на заслужаным адпачынку, прасіла дапамагчы з выдзяленнем ёй у мясцовасці непадалёк ад сталіцы зямельнага ўчастка. Але ў райвыканкаме ёй адмаўляюць. Вось і прыйшла па дапамогу.

Міхаіл Русы ўважліва выслухаў жанчыну, задаў шмат удакладняючых пытанняў. А затым падказаў варыянты вырашэння праблемы. Напрыклад, прадаць сталічную кватэру і набыць камфартабельны загарадны дом з зямлёй. Ці куды менш радыкальны варыянт: знайсці пустуючы ўчастак у адным з садовых таварыстваў раёна, правільна аформіць яго і працаваць на зямлі ў сваё задавальненне. Калі так, то старшыня Пастаяннай камісіі гатовы пасадзейнічаць Ядвізе Казіміраўне. Яна сказала, што такі падыход яе задаволіў бы.

У яшчэ аднаго мінчаніна ўзнікла вострая калізія з мясцовай уладай раёна па зямельным пытанні. Нібыта ў сельсавеце ўсё загадзя вырашылі, з архітэктарам дамовіліся, з іншымі раённымі службамі таксама, а новы другі дом на ўчастку чамусьці не рэгіструюць. Аказваецца, супярэчыць закону, нельга было такі ўчастак дзяліць. Што рабіць? Пытанне сапраўды заблытанае. Наскокам яго не вырашыць. Таму Міхаіл Іванавіч паабяцаў дадаткова вывучыць зварот наведвальніка з удзелам спецыялістаў. А самому яму параіў паспрабаваць вырашыць пытанне праз суд.

У размове з журналістамі Міхаіл Русы адзначыў, што такія прыёмы грамадзян вельмі важныя для парламентарыяў, бо дазваляюць убачыць вузкія месцы ў зямельным заканадаўстве, наспелыя новыя праблемы і пытанні, якія ставіць жыццё.

Разгляд у Савеце Рэспублікі зваротаў грамадзян акцэнтуе ўвагу і яшчэ на адной актуальнай праблеме: слабай рабоце некаторых органаў мясцовай улады, тых жа выканкамаў пасялковых і сельскіх Саветаў, па падрыхтоўцы пярвічных дакументаў па зямельных пытаннях. Часам праяўляюцца юрыдычная неадукаванасць, вольнае трактаванне заканадаўчых актаў, безадказнасць. А ў выніку церпіць канкрэтны чалавек.

Леанід Тугарын

У тэму

Такі ж прыём грамадзян сёння, 10 студзеня, правяла старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА. Пра тое, з якімі пытаннямі звярталіся да спікера верхняй палаты парламента, мы раскажам у найбліжэйшым нумары «МС».

Між іншым, асабістыя прыёмы грамадзян, іх прадстаўнікоў і прадстаўнікоў юрыдычных асоб членамі Прэзідыума Савета Рэспублікі ў студзені будуць працягвацца:

14 студзеня прыём грамадзян правядзе старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна РУНЕЦ;

15 студзеня — старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей СІВЕЦ;

21 студзеня — старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар ЛІСКОВІЧ;

22 студзеня — старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей РАЧКОЎ.

Нагадаем: каб трапіць на асабісты прыём, неабходна папярэдне запісацца па тэлефоне 8 (017) 328 53 24. Прыёмы грамадзян праходзяць у Мінску па адрасе: вуліца Кірава, 4

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.