Уважліва выслухала кожнага заяўніка падчас прамой тэлефоннай лініі старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая. Званкоў, як заўсёды, было даволі шмат. Некаторыя пытанні вырашыліся на месцы, іншыя будуць вывучаны з удзелам профільных спецыялістаў, з выездам на месца, а людзі атрымаюць адказы. Дадам, што людзей хвалявалі самыя розныя жыццёвыя праблемы: яны датычыліся сацыяльных, камунальных аспектаў, камфортнага пражывання, развіцця інфраструктуры, транспартных зносін, здароўя.
Аляксандр Віктаравіч з вёскі Карсакавічы Барысаўскага раёна — інвалід ІІ групы. Здароўе, вядома, і так, мякка кажучы, не волатаўскае. А апошнім часам самаадчуванне значна пагоршылася. Мужчына прасіў пасадзейнічаць яму ў лячэнні.
Наталля Віктараўна патэлефанавала галоўнаму ўрачу цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандру Дразду і растлумачыла сітуацыю: чалавек скардзіцца на моцны галаўны боль, недамаганне.
— Я лічу, што пра яго трэба паклапаціцца, магчыма, яму неабходная шпіталізацыя, — параіла яна.
— Мы добра ведаем нашага пацыента, неаднаразова прапаноўвалі такі варыянт, але ён адмаўляўся, — канстатаваў Аляксандр Анатолевіч.
— Вы гатовы ехаць у бальніцу? — запыталася старшыня аблсавета ў заяўніка. — Сёння зможаце за ім адправіць «хуткую»? — пацікавілася яна ў галоўнага ўрача.
Спецыяліст даў сцвярджальны адказ.
— У такім разе не пярэчце, збірайцеся на лячэнне, — параіла Наталля Якубіцкая пенсіянеру.
З Салігорскага раёна патэлефанавала Таццяна Якаўлеўна, інвалід ІІ групы. Жанчына прасіла паратунку ад суседзяў, якія не даюць спакойна жыць. Яе кватэра знаходзіцца на другім паверсе, а на першым жыве маці з адзінаццацігадовым сынам. Хлопчык, як сцвярджае Таццяна Якаўлеўна, увесь час крычыць, тупае, бегае, аж люстра на столі трасецца. І так можа працягвацца суткамі. «У мяне цэлы букет хвароб, мне патрэбны адпачынак. Сёння заснула толькі а пятай гадзіне раніцы, калі падлетак супакоіўся. Скардзілася неаднойчы ў домаўпраўленне, міліцыю. Прыязджаюць на выклікі, але ніхто не можа нічога зрабіць з агрэсіўным хлапчуком. Куды можна звярнуцца, каб уціхамірылі падлетка?» — ледзьве не плакала ў трубку жанчына.
— Мы будзем шукаць нейкія варыянты, каб дапамагчы вам, — паабяцала Наталля Віктараўна. Яна адразу ж патэлефанавала старшыні раённага Савета дэпутатаў Але Калеевай і кіраўніку раёна Андрэю Жайловічу і растлумачыла ім сутнасць справы.
— Магчыма, ёсць неабходнасць стварыць камісію з ліку спецыялістаў сістэмы адукацыі, аховы здароўя, якія б абследавалі дзіця, падлячылі, — прапанавала яна.
— Думаю, з гэтым не будзе праблем, — запэўніў старшыня райвыканкама.
Тамара Сцяпанаўна жыве ў вёсцы Чурылава Уздзенскага раёна. У населеным пункце закрылі стацыянарную краму. А аўтакрама, якая павінна прыходзіць сюды два разы на тыдзень — у сераду і суботу, — не вытрымлівае графік, можа і наогул аб'ехаць Чурылава бокам. Рэч у тым, што Уздзенскі райспажыўсаюз далучылі да Дзяржынскага, і, магчыма, таму склалася такая сітуацыя. Наталля Віктараўна набрала нумар тэлефона намесніка старшыні па эканоміцы Уздзенскага райвыканкама Веры Барысевіч і папрасіла разабрацца ў сітуацыі. Пры гэтым абавязкова паведаміць Тамары Сцяпанаўне, калі чакаць «краму на колах» у вёсцы.
У Таццяны Сяргееўны са Смалявіч у адным з пакояў не грэюць батарэі. А ў яе на руках малое дзіця. Вядома, маці хвалюецца, каб немаўля не захварэла. Жанчына звярталася ў мясцовую ЖКГ, райвыканкам, прыходзілі майстры, але прычыну выявіць не могуць.
Гаспадыня расказала, што ў гэтым доме жыве два гады. Летась з ацяпленнем усё было нармальна, сёлета пры яго падключэнні — таксама. Наталля Віктараўна звязалася з выканаўцам абавязкаў старшыні райвыканкама Мікалаем Парамонавым, які курыруе сферу ЖКГ, і папрасіла ўзяць пытанне пад асабісты кантроль і неадкладна выправіць становішча.
Віктар Віталевіч са Смалявіч звярнуўся да старшыні абласнога Савета дэпутатаў ад імя бацькоў студэнтаў. Апошнім часам дабрацца да месца вучобы дзецям стала праблематычна, бо адмянілі цягнікі эканомкласа. А хуткія цягнікі ў бок Віцебска і ў адваротным напрамку спыняюцца толькі ў Барысаве, пралятаючы Смалявічы і Жодзіна. Наталля Якубіцкая паабяцала накіраваць запыт у Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі.
Адразу трое членаў жыллёва-будаўнічага вытворчага кааператыва «Дружны—2011» з Мінскага раёна паскардзіліся, што дом здадзены з недапрацоўкамі.
— Мне тэлефанаваў старшыня вашага кааператыва Сяргей Грыдзін. Мы гэтым пытаннем займаемся, быў у мяне і старшыня Мінскага райвыканкама Іван Крупко. Перад заказчыкам — Упраўленнем капітальнага будаўніцтва — пастаўлена задача па вашым доме. Яны будуць выходзіць на Салігорскі домабудаўнічы камбінат, які з'яўляўся падрадчыкам. Гэтая праблема агучана на ўсіх узроўнях. Таму мы яшчэ раз пралангуем гэтае рашэнне, — запэўніла Наталля Якубіцкая.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Фота з архіва "МС"
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.