Вы тут

Аляксандр Каваленя: Багацце Беларусі мусіць прырастаць інтэлектам


Сярод тых, хто адзначаны высокай прэміяй «За духоўнае адраджэнне» па выніках 2019 года — аўтарскі калектыў у складзе акадэміка-сакратара аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандра Кавалені, галоўнага рэдактара РУП «Белкартаграфія» Галіны Ляхавай, дырэктара ДУ «Беларускі навукова-даследчы цэнтр электроннай дакументацыі» Вячаслава Насевіча. Узнагарода ім прысуджана за стварэнне фундаментальнага картаграфічнага выдання «Вялікі гістарычны атлас Беларусі».


Фота Яўгена Пясецкага

Доктар гістарычных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр КАВАЛЕНЯ, які, дарэчы, нядаўна быў прызнаны калегамі «Навукоўцам года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — 2019», згадвае, што напачатку аб'ём маштабнай працы не да канца ўяўлялі нават самі вучоныя — так, планавалася, што «Вялікі гістарычны атлас» змесціцца ў трох тамах, а атрымаліся чатыры, і сёлета ўжо гатовы да выхаду пяты, падагульняльны том. Наогул жа на стварэнне атласа спатрэбілася больш чым 10 гадоў!

«Яшчэ ў 2005 годзе, калі мяне толькі прызначылі дырэктарам Інстытута гісторыі, да нас звярнуўся мой настаўнік, прафесар Леў Раманавіч Казлоў з прапановай выдання шэрагу гістарычных картаў, на якіх адлюстраваныя падзеі, што адбываліся на беларускіх землях, — расказвае Аляксандр Каваленя. — У ходзе абмеркавання мы выйшлі на ідэю магчымасці падрыхтоўкі і стварэння гістарычнага атласа суверэннай Беларусі».

Па словах Аляксандра Аляксандравіча, складанасцяў у гэтай рабоце не адчувалася, бо аб'ектыўна збегліся спрыяльныя абставіны, «якраз супалі тры падзеі: нацыянальная дзяржаўная самастойнасць Беларусі, магчымасці сучасных камп'ютарных тэхналогій і вялізны навуковы матэрыял, назапашаны вучонымі Інстытута гісторыі». Прапанову па стварэнні гістарычнага атласа як надзвычай значнага палітычнага і гісторыка-культурнага праекта падтрымалі ў Прэзідыуме Акадэміі навук, Дзяржаўным камітэце па маёмасці і Дзяржаўным камітэце па архівах і справаводстве — агульнымі намаганнямі гэтага трыумвірату справа і перайшла з ідэі ў практыку. У падрыхтоўцы выдання ўдзельнічала не толькі вялікая група навукоўцаў — гісторыкаў і лінгвістаў з Нацыянальнай акадэміі навук і вядучых ВНУ краіны, але таксама архівісты, мастакі, спецыялісты прадпрыемства «Белкартаграфія». Дзякуючы апошнім, дарэчы, некаторыя карты ўдалося стварыць наўпрост з чыстага ліста, захоўваючы пры гэтым аб'ектыўнасць падачы матэрыялу, узаемасувязь і дынаміку тых ці іншых падзей.

Шырокая грамадскасць, натуральна, не заўважыла падводных камянёў, якімі суправаджалася гэтая няпростая праца — напрыклад, часта падрыхтаваныя карты атрымлівалі супярэчлівыя і нават супрацьлеглыя рэцэнзіі, іх даводзілася шмат разоў узгадняць і знаходзіць навукова абгрунтаваныя рашэнні. Але вынік быў таго варты — у чатырох тамах «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі» сабрана больш чым 400 унікальных картаў, кожная з якіх мае асновай арыгінальныя крыніцы, у тым ліку прадстаўлены буйнамаштабныя карты асобных тэрыторый, планы гарадоў, схемы знакавых бітваў. Кожны том атласа дапаўняюць генеральныя карты, на якіх паказаныя ўсе больш-менш значныя населеныя пункты адпаведнага часу з абазначэннем іх прыналежнасці. Геаграфічны паказальнік утрымлівае гістарычныя і сучасныя назвы ўсіх населеных пунктаў, размешчаных на генеральнай карце, з прыналежнасцю іх да паветаў і маёнткаў, часам першай згадкі ў крыніцах, варыянтамі і зменамі назваў... Дзякуючы прафесійнай, карпатлівай і зладжанай працы вучоных і картографаў першы том атласа ўбачыў свет ужо ў 2009 годзе, чацвёрты — у кастрычніку 2018 года. Цяпер найлепшыя карты і выніковая інфармацыя сабраныя ў асобным, падагульняльным томе «Вялікага гістарычнага атласа».

Цяжка пераацаніць значнасць праекта для навуковага і культурнага жыцця Беларусі. Справа нават не ў тым, што падобнага выдання няма ў краінах СНД і нават Еўропы. У гэтым выданні абагульнены вопыт гісторыі Беларусі, які раскрывае цэласную, аб'ектыўную гісторыю нашай краіны і з'яўляецца яе візітоўкай у дадатак да галоўных сімвалаў — герба, сцяга і гімна. Прымаючы віншаванні з высокай узнагародай, прафесар Аляксандр Каваленя пагаджаецца: аўтарскаму калектыву насамрэч ёсць чым ганарыцца.

«Мы паказалі і даказалі ўсяму свету, а найперш самі сабе, што беларусы не проста «паны сахі і касы», якімі мы сябе лічым, а народ з багатай гісторыяй, культурай і традыцыямі, які ўмее адказваць на выклікі часу, што мы — нацыя, здольная жыць і працаваць у вянку еўрапейскіх народаў і быць шмат у чым прыкладам для іншых. Такія працы, як «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці», як «Вялікі гістарычны атлас Беларусі», дазваляюць гаварыць аб тым, што мы высокаінтэлектуальны народ і што нашы навукоўцы здольныя вырашаць самыя складаныя задачы... У свой час Міхайла Ламаносаў гаварыў: «Багацце Расіі Сібірру прырастаць будзе», а сёння мы мусім прасоўваць у нашым грамадстве ідэю, што багацце Беларусі інтэлектам нацыі прырастаць будзе. Бо выжыць мы сёння можам, толькі захоўваючы гэтую аснову — настаўнік, школа, ВНУ, фундаментальная адукацыя і навука, — якая развівае інтэлектуальны рэсурс беларускага народа».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Аб іншых лаўрэатах прэміі «За духоўнае адраджэнне» мы раскажам у наступных публікацыях.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».