Вы тут

У ліку лаўрэатаў конкурсу «100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» — 10 маладых навукоўцаў


Аб'яўлены лаўрэаты конкурсу «100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» за 2019 год. У іх ліку — 10 маладых навукоўцаў.


Сярод лаўрэатаў намеснік загадчыка цэнтра «Фізіка плазмы» Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава, кандыдат фізіка-матэматычных навук Максім Усачонак; вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі фізікі магнітных плёнак Навукова-практычнага цэнтра НАН па матэрыялазнаўстве, кандыдат фізіка-матэматычных навук Аляксей Труханаў; старшы навуковы супрацоўнік аддзела крыягенных даследаванняў Навукова-практычнага цэнтра па матэрыялазнаўстве, кандыдат фізіка-матэматычных навук Дзмітрый Якімчук; старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі бялковай інжынерыі Інстытута біяарганічнай хіміі, кандыдат хімічных навук Яраслаў Дзячэнка; дырэктар Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук, доктар фізіка-матэматычных навук Сяргей Лысенка; вучоны сакратар Навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах, кандыдат біялагічных навук Марына Шабета; старшы навуковы супрацоўнік шматпрофільнай дыягнастычнай лабараторыі Інстытута фізіялогіі НАН, кандыдат біялагічных навук Таццяна Хрусталёва; старшы навуковы супрацоўнік аддзела найноўшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі, кандыдат гістарычных навук Аляксей Капліеў; загадчык сектара кааперацыі Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК, кандыдат эканамічных навук Ягор Гусакоў і старшы навуковы супрацоўнік аддзела тэхналогій мясных прадуктаў Інстытута мяса-малочнай прамысловасці НПЦ НАН па харчаванні, кандыдат тэхнічных навук Ірына Калтовіч.

Конкурс «100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» ўпершыню праводзіўся ў 2018 годзе. Ён мае на мэце замацаванне таленавітай моладзі ў навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферах, стварэнне маладзёжных навукова-даследчых груп і амаладжэнне кадравага складу навуковых арганізацый НАН Беларусі, забеспячэнне пераемнасці паміж вучонымі розных пакаленняў.

У конкурсе могуць прымаць удзел маладыя навукоўцы НАН Беларусі, якія абаранілі кандыдацкую дысертацыю ва ўзросце да 30 гадоў або атрымалі навуковую ступень доктара навук ва ўзросце да 40 гадоў. Лаўрэаты ўключаюцца ў банк даных «100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» з выдачай адпаведнага сертыфіката і ў рэзерв кіруючых кадраў НАН Беларусі. Акрамя таго, яны атрымліваюць аднаразовы грант на ўдзел у міжнародным навуковым мерапрыемстве на працягу аднаго каляндарнага года з моманту абвяшчэння вынікаў конкурсу. Пры ўмове здавальняючай ацэнкі гадавой справаздачы аб навукова-даследчай, педагагічнай і інавацыйнай дзейнасці лаўрэатам конкурсу выплачваецца штогадовая прэмія ў памеры да 50 базавых велічынь у перыяд уваходжання ў банк даных «100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Кандыдаты навук могуць знаходзіцца ў банку да 35-гадовага ўзросту, дактары навук — да 45 гадоў.

Агульная колькасць маладых навукоўцаў, якія адначасова ўваходзяць у банк даных «100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», не можа перавышаць 100 чалавек, а штогадовая колькасць лаўрэатаў конкурсу — не больш за 20 чалавек.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: У банку талентаў новыя лаўрэаты

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».