Вы тут

Прэзідэнт: Прынцыпы дзяржаўнай эканамічнай палітыкі застануцца нязменнымі


Сёння на нарадзе Прэзідэнта з кіраўніцтвам Савета міністраў вынесены шэраг прапаноў, якія выпрацаваны ва ўрадзе з удзелам мясцовых органаў улады, праваахоўных структур, іншых зацікаўленых ведамстваў. Яны закранаюць шырокі спектр: пасрэдніцтва, жыллё, пераапрацоўка смецця, прафесійнае страхаванне.


Па словах кіраўніка краіны, прынцыпы дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, якую ў Беларусі фарміравалі гадамі, застануцца нязменнымі, як бы хто не рыдаў і не стагнаў, што камусьці трэба перамены. «Перамены патрэбныя, і яны ідуць, і будуць ісці, таму што жыццё не спыняецца. Калі хтосьці хоча перамен, якія будуць накіраваны на злом той палітыкі, што праводзіцца, — гэтага не будзе, — адзначыў Прэзідэнт. — Вось будуць выбары, будуць альтэрнатыўныя кандыдаты, прапануюць злом старой сістэмы і новыя перамены, народ вызначыцца. Мы будзем спакойна, мэтанакіравана рэалізоўваць тыя замыслы, якія ёсць. І перамены гэтыя будуць абсалютна спакойнымі, не рэвалюцыйнымі».

Паводле слоў Прэзідэнта, у цэнтры дзяржаўнай палітыкі застануцца людзі: іх інтарэсы і дабрабыт. «Якая б складаная і надзённая праблема ні была сёння паднятая, неабходна ацэнка таго, як яе вырашыць і як гэта паўплывае на канкрэтнага чалавека», — сказаў лідар краіны.

На парадку дня было некалькі асноўных пытанняў. Першае, якое знаходзіцца на стале Прэзідэнта, — праект Указа аб павышэнні эфектыўнасці работы дзяржаўных прадпрыемстваў шляхам выключэння ў іх дзейнасці нядобрасумленных формаў пасярэдніцтва. На гэты конт не раз Прэзідэнтам даваліся даручэнні прымаць меры, якія павінны не толькі павысіць канкурэнтаздольнасць рэальнага сектара, але і забяспечыць эфектыўнае расходаванне сродкаў. Ад 30 па 50 працэнтаў у цане прадукцыі — гэта пасрэдніцкія паслугі.

«Дажыліся да таго, што тавары, якія ствараюцца ў Беларусі, праз пасрэднікаў прадаюць беларускім жа прадпрыемствам. Гэта што, нармальна? Гэта ненармальна. І ніякай аргументацыі тут быць не павінна»,— абурыўся Аляксандр Лукашэнка.

Найважнейшае пытанне — імпартазамяшчэнне і кантроль над тым, як адказныя асобы ім займаюцца.

У сваім дакладзе першы намеснік прэм’ер-міністра Дзмітрый Крутой паведаміў, што ад неабгрунтаванага пасярэдніцтва пакутуюць нават самыя прасунутыя эканомікі свету і адзіных рэцэптаў, як вырашыць гэта, пакуль не існуе.

«Разам з тым зацікаўленымі органамі, у тым ліку сілавымі адзначана, што поўнае ўвядзенне забароны на ўдзел пасярэднікаў у закупках немэтазгодна, таму што ў многіх выпадках яно неабходна і дазваляе вытворцу эканоміць на збытавых і транспартных затратах, звязаных з прасоўваннем сваіх тавараў», — сказаў Дзмітрый Крутой.


Будаўнічыя прадпрыемствы могуць развівацца пры пяціпрацэнтнай рэнтабельнасці

Прэзідэнт адзначыў, што за апошнія гады ў рэспубліцы шмат зроблена для павелічэння аб’ёмаў жыллёвага будаўніцтва: у гарадах выраслі цэлыя кварталы, у сельскіх населеных пунктах будуюцца новыя дамы. Пры гэтым пабудаваць уласнае жыллё для беларусаў усё яшчэ досыць часта застаецца недасягальнай марай, заўважыў ён.

«Няма чаго граху таіць: у нас тыя прадпрымальнікі, прыватнікі, бізнесоўцы, якія займаюцца будоўляй, асабліва тыя, хто будуе жыллё (яны проста ірвуцца ў гэтую сферу, каб атрымаць кавалак зямлі, пабудаваць жыллё, а потым прадаць кватэру), усе яны сталі мільянерамі самае меншае. Доларавымі мільянерамі, — назваў адну з асаблівасцяў гэтай сферы Прэзідэнт. — Хутка, ва ўзросце ад 25 да 40 гадоў, усе тыя, хто сур’ёзна займаўся гэтым будаўніцтвам. Паўстае пытанне: адкуль такі спрыт? Нават Амерыка не ведала такіх тэмпаў. На Расію няма чаго раўняцца — там мільянеры, мільярдэры з’явіліся пасля прыватызацыі абвальнай, асабліва ў сыравінным сектары. Гэта дрэнна, у нас так не павінна быць».

Справа не ў самім багацці, а ў тым, якім чынам яно набытае, лічыць Прэзідэнт.

«Дзякуй Богу, што разбагацелі, — кажа Аляксандр Лукашэнка. — Няма пытанняў. Але багацець трэба за кошт уласнай працы. А не тое, што, спасылаючыся на нейкую рынкавую эканоміку, разбагацелі за кошт тых, хто купляе гэта жыллё. Гэта ненармальна».

Прэзідэнт падкрэсліў сваю пазіцыю: калі кіраўніцтва краіны, адказныя за гэту сферу высокапастаўленыя чыноўнікі, якія самі маюць жыллё, адчувае сябе, як кажуць у народзе, «у шакаладзе» і забылі аб патрэбах людзей, гэта дрэнна.

«Я пра гэта не забыў. І было даручэнне (пры гэтым яно было ўжо на практыцы апрабаванае) па цэнаўтварэнні на жыллё, якое будуецца», — нагадаў кіраўнік дзяржавы і папрасіў мэра сталіцы дакласці, як працуе Завод эфектыўных будаўнічых канструкцый, які мае пяць працэнтаў рэнтабельнасці і паспяхова працуе.

«А мне тут дакладаюць, што калі мы пойдзем гэтым шляхам, будуць вымывацца нейкія сродкі фінансавыя, і прадпрыемствы ў выніку загінуць, — паведаміў Прэзідэнт. — Яшчэ раз прашу: усе вы маеце жыллё, і нядрэннае. Не забывайце, што ёсць яшчэ тыя, хто мае патрэбы ў жыллі. І мы павінны ім дапамагаць. Наша дапамога перш за ўсё заключаецца ў тым, каб мы дапамаглі ім пабудаваць жыллё па даступных цэнах».

З пачатку эксперымента, які датычыцца Завода эфектыўных будаўнічых канструкцый, мінула некалькі гадоў, прадпрыемства, якое першапачаткова знаходзілася ў найцяжэйшым стане, цяпер мадэрнізуецца, укладае інвестыцыі.

«Значыць, прадпрыемства можа развівацца пры пяціпрацэнтнай рэнтабельнасці жылля, якое будуецца, — зрабіў вынік беларускі лідар. — Чаму іншыя не могуць? Не могуць, тады няхай чакаюць у чарзе: што застанецца, аддадзім ім. А тыя, хто жадае будаваць з пяціпрацэнтнай рэнтабельнасцю, груба кажучы, з меншымі затратамі, з больш нізкімі цэнамі, мы ім дадзім магчымасць будаваць жыллё. Мы не будзем тут выбіраць: прыватныя або дзяржаўныя. Вось цана — у яе трэба ўкласціся. У нас не багатыя людзі, каб плаціць падвойную цану за жыллё і дапамагаць багачам набіваць кішэні. Таму хацеў бы пачуць аргументы „за“ і „супраць“ перш, чым мы прымем адпаведнае рашэнне».

Яшчэ адна ўмова Прэзідэнта — прапаноўваць будаўніцтва жылля трэба тым арганізацыям, якія маюць вытворчую базу.

«Гэта ненармальна, калі прыходзіць чалавек з вуліцы: ні грошай, ні ведаў. Недзе ён кавалак зямлі вымаліў, выпрасіў і пачынае будаваць жыллё. Што ён, сам яго будуе? У яго людзі для гэтага ёсць? Ды няма нікога! Стол, табурэтка. Пайшоў у той жа будаўнічы трэст — у асноўным яны дзяржаўныя, акцыянерныя таварыствы з кантрольным пакетам у дзяржавы — яны яму пабудавалі гэта жыллё. Ён нічога не рабіў, а атрымаў добрыя грошы. Таму трэба даваць будаваць жыллё тым, хто мае вытворчую базу, — будаўнічым арганізацыям, каб і яны развіваліся, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Размоў пра тое, што ў нас тут рынак, быць не павінна. Трэба сыходзіць з жыцця».

Урад мае прапановы, як аптымізаваць цэнаўтварэнне на рынку жыллёвага будаўніцтва, сказаў кіраўнік дзяржавы, але ці прывядзе гэта да рэальнага зніжэння коштаў? Ці маюцца якія-небудзь недахопы ў прапанаваным рашэнні? Ён папрасіў удзельнікаў нарады перад падпісаннем адпаведнага ўказу даць адказы на гэтыя пытанні.


Калі Беларусь пачне зарабляць на смецці?

Яшчэ адна тэма нарады — абыходжанне з адходамі тавараў і ўпакоўкі. Яно знаходзіцца ў Прэзідэнта на асаблівым кантролі.

«Нельга дапусціць, каб нас спасцігла доля краін-суседзяў, калі людзі задыхаюцца ад колькасці звалак, а глеба на дзесяцігоддзі атручаная хіміяй, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Стан навакольнага асяроддзя — найважнейшая задача. Здароўе нашых грамадзян і наступных пакаленняў беларусаў неацэннае».

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што сёння гэта не толькі пытанне экалагічнага дабрабыту.

«Развітыя краіны, у якіх, як і ў нас, няма багатых запасаў прыродных выкапняў, навучыліся здабываць неабходныя рэсурсы фактычна са смецця», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў дакласці, як у распрацаваным праекце ўказа рэалізаваны яго даручэнні па навядзенні парадку ў гэтай сферы на аснове найлепшых сусветных практык і дасягненняў.


Датэрміновая пенсія для тых, хто працуе ў шкодных умовах

Прэзідэнт з кіраўніцтвам ўрада разгледзеў пытанне прафесійнага пенсійнага страхавання работнікаў, якія працуюць у неспрыяльных умовах.

«Ёсць прапановы аб тым, як мы маглі б іх падтрымаць, даць права атрымліваць датэрміновую пенсію. Прашу дакласці, ці магчыма прыняцце такога рашэння і ці ёсць для гэтага падставы, неабходныя сродкі», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да ўдзельнікаў нарады.


Дзмітрый Крутой.

Крутой: Лічбавізацыя ў сферы дзяржзакупак максімальна прыбярэ чалавечы фактар

Нядобрасумленнае пасярэдніцтва стала адной з галоўных тэм нарады з удзелам Прэзідэнта, паведаміў журналістам першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Дзмітрый Крутой.

«У першую чаргу кіраўніка дзяржавы цікавіла, як на практыцы працуюць тыя змены ў наш базавы закон (аб дзяржаўных закупках — "Звязда"), якія пачалі працаваць з 1 ліпеня 2019 года. Што атрымліваецца, што не? Якія магчымыя дадатковыя карэкціроўкі для рашэння праблемы неабгрунтаваных пасярэднікаў пры правядзенні закупак дзяржаўнымі, у першую чаргу, арганізацыямі і за кошт уласных сродкаў, і за кошт бюджэта, яшчэ патрабуецца прыняць», — паведаміў ён.

Навацыі закона датычацца тэмы інфарматызацыі, стварэння дзяржаўнай інфармацыйна-аналітычнай сістэмы, нагадаў першы віцэ-прэм’ер. Урад прыняў асобную пастанову, у якой дакладна прапісаныя функцыі аператара, уся работа інфармацыйнай сістэмы.

«Зараз яна функцыянуе ў тэставым рэжыме і мы спадзяемся, што з 1 красавіка гэтага года гэты інфармацыйны прадукт запрацуе ў поўным аб’ёме, і мы, акрамя інфармацыі пра базавых удзельнікаў працэсу, зможам фарміраваць канкрэтную аналітыку па канкрэтных закупках, — пракаментаваў Дзмітрый Крутой. — Мэта гэтай лічбавізацыі — максімальна выключыць чалавечы фактар і магчымыя карупцыйныя праявы ў працэсе дзяржаўных закупак».

Абноўлены закон таксама ўводзіць забарону на змяненне ўмоў дагавора закупкі ў працэсе яго выканання, дадаў Дзмітрый Крутой. Раней часта бывала, калі пераможцы адпаведных працэдур у працэсе выканання павялічвалі цану, змянялі тэрміны, аб’ёмы закупак. Прэзідэнт цікавіўся, як на практыцы працуе гэтая забарона.

Вялікай праблемай быў і закрыты пералік умоў для аб’яўлення дзяржзакупак, нагадаў першы віцэ-прэм’ер. Пры фарміраванні адпаведных тэхнічных заданняў пад будучага канкрэтнага пераможцу выстаўляліся дадатковыя ўмовы, што выключала іншых удзельнікаў з канкурэнтнай барацьбы. Цяпер уведзены закрыты пералік усіх гэтых пазіцый і дадаткова патрабаваць нечага ад удзельнікаў конкурсу нельга, патлумачыў ён.

«Далей будзе надавацца больш пільная ўвага да такой працэдуры закупак, як „адна крыніца“, калі канкурэнтныя віды конкурсаў не адбыліся і прадпрыемства мае права закупляць нейкія тавары з адной крыніцы. На сёння, улічваючы, што электронны прадукт у паўнацэнным выглядзе пакуль не створаны, у гэтай сферы ў нас былі найбольшыя карупцыйныя праявы, — паведаміў першы віцэ-прэм’ер. — Цяпер пастаўлена дакладная задача таксама цалкам алічбаваць гэты працэс, каб экспертная суполка, журналісты, прэса маглі аналізаваць закупкі тых або іншых арганізацый. Да канца года гэта задача павінна быць вырашана».


Урад чакае зніжэнне кошту жылля для ўсіх катэгорый грамадзян

Менавіта такі эфект прагназуецца ад праняцця ўказа, які абмяжуе рэнтабельнасць забудоўшчыкаў у пяць працэнтаў.

Намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Кухараў паведаміў журналістам, што кіраўнік дзяржавы падтрымаў праект указа, у якім прапаноўваецца забудоўшчыкам жылля з прыцягненнем сродкаў грамадзян устанавіць найбольшую рэнтабельнасць у пяць працэнтаў.

«Таксама прапануецца ў выпадку, калі забудоўшчык будзе будаваць жыллё за кошт уласных сродкаў і потым яго рэалізоўваць грамадзянам, гэтую норму не распаўсюджваць. Акрамя таго, гэта норма не будзе распаўсюджвацца на будаўніцтва жылля для юрыдычных асоб», — дадаў Уладзмір Кухараў.

Таксама норма ўказа не будзе распаўсюджвацца цягам шасці месяцаў на інвестыцыйныя дагаворы, якія былі заключаныя да ўступлення дакумента ў сілу, паведаміў віцэ-прэм’ер.

«Мы лічым, што гэта дазволіць знізіць кошт жылля для ўсіх катэгорый грамадзян, — пракаментаваў ён. — Бо зараз для тых, хто мае патрэбу ў дапамозе дзяржавы, ужо будуецца жыллё з пяціпрацэнтнай надбаўкай і не больш. Зараз гэты нарматыўны акт будзе распаўсюджаны на ўсе катэгорыі грамадзян».

Уладзімір Кухараў запэўніў, што праведзеныя разлікі і набыты вопыт дазваляе гарантаваць, што будаўнічыя арганізацыі не пацерпяць ад увядзення такога абмежавання, якасць будаўніцтва таксама не пагоршыцца.

«Кошт самога працэса будаўніцтва будзе фарміравацца так, як і фарміраваўся, — патлумачыў ён. — Пытанне ідзе пра прыбытак, які атрымлівае забудоўшчык — гэта розніца паміж коштам пабудаванага жылля і яго цаной пры продажы квадратнага метра».

Зараз дыяпазон закладзенага прыбытку вельмі значны, заўважыў віцэ-прэм’ер. Сярэдні кошт квадратнага метра па краіне 2 078 рублёў, пры гэтым у Гродзенскай вобласці гэта — 1 200 рублёў, у Мінску — 2 700 рублёў.

Урад спадзяецца, што ўказ дазволіць вырашыць і пытанне з так званымі праблемнымі дамамі, дадаў Уладзімір Кухараў. Размова пра будаўніцтва за сродкі грамадзян, якое не завершана.

Марыя ДАДАЛКА

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На ўік-энд — па «жывыя вітаміны»

На ўік-энд — па «жывыя вітаміны»

Традыцыйны восеньскі кірмаш у Гомелі.

Грамадства

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Яркія колеры «Марафону адзінства»

Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».