Вы тут

Канстанцін Касяк. Страх. Туман. Канцэрт


Канстанцін Касяк — самы даўні калумніст часопіса «Маладосць»: яго «Крэскі жыцця» выходзяць штомесяц з 2016 года. Але гэтым разам часопіс друкуе яшчэ і прозу аўтара — упершыню пасля дэбюту ў 2013 годзе. Ну як прозу? Рэалістычныя нататкі.


Страх

— Ці пішаш нешта? — пытае нечакана сябар за куфлем піва.

Звычайна мне не задаюць такіх пытанняў. Бывае, я нават сумняваюся ў тым, што хтосьці наогул чытае мае тэксты. Таму зняважліва называю іх пісулькамі.

Мы сядзім у звычайным мінскім бары, гаворым пра неабавязковыя рэчы. Позні вечар, спакойная атмасфера, нікога больш. Побач завіхаецца афіцыянтка, ладненькая такая дзяўчына гадоў дваццаці. Рыхтуецца да закрыцця. А я на пытанне таварыша адказаць не спяшаюся. Спачатку трэба адказаць сабе самому.

Вядома, я пішу. Шмат. Публікую, праўда, мала. У асноўным публіцыстыку — артыкулы на сайтах і калонку ў часопісе. Усё астатняе — у стол. Чаму? Відаць, баюся. Чаго? Простых рэчаў. Не вельмі хацелася б быць засмяяным, неапублікаваным, непатрэбным, нягеглым, нявартым. Працягваць можна бясконца.

Страх — гэта вельмі моцны інстынкт. Ён можа перавышаць здаровы сэнс. І так і павінна быць, у прынцыпе. Але ў некаторых рэчах варта ўсё ж сябе пераадольваць. Бо ў іншым выпадку што застанецца? Спісаныя абразкамі сшыткі ды дзённікі. А каму яны будуць патрэбныя, калі аўтар ноўнэйм? Ды нікому! Хаця бывае, што і тэксты вядомых аўтараў забываюцца. Я такіх занядбаных багоў еўрапейскай літаратуры ведаю. Але паўтарыць іх лёсы не хацеў бы.

— Хлопцы! Толькі вас чакаем! — кажа ладненькая афіцыянтка і ўсміхаецца. — Мы закрыліся!

Наперадзе бязлюдны сонны Мінск.

Туман

Даўно такіх туманаў не бачыў, каб увесь горад завалакло і ён ператварыўся ў прывід. Як з фільмаў жахаў. Тым больш каб адбывалася гэта ўзімку. Каторы год нешта не тое з надвор'ем...

Я заблукаў, вяртаючыся дамоў. Не адразу зразумеў, у якім баку жыву. А такое рэдка бывае са мною, з дзяцінства добрая памяць.

Раней я любіў туман. Калі ён спускаўся на Нёман, то мы, малыя падшыванцы, беглі да яго і забаўляліся на беразе да цемры. Пужалі адно аднаго. Самы эфектны спосаб — знайсці ўжо раскладзенае кімсьці вогнішча ды нацягаць з яго вугалькоў. Неблагія вочы монстра могуць атрымацца. А яшчэ мне падабалася, калі мы збіраліся каля агню ды распавядалі адно аднаму страшныя гісторыі. Часам досыць банальныя, як песні папулярнага ў той час «Караля і шута», але вяртацца дамоў потым было ўсё адно страшна.

Зараз мяне такім, натуральна, не ўразіш. Пэўна, цяпер не здзівіўся б, калі б сустрэў таго монстра з пякельнымі вачыма на вуліцы. Так і ўяўляецца ён мне — вялізны такі, большы за мяне, чорны чалавек з вачыма, якія палаюць. Выходзіць з туману і моўчкі павольна крочыць у мой бок...

Але ў горадзе было пуста. Пахла свежасцю і цеплынёй. Рэдкія машыны не давалі застацца ў абсалютнай адзіноце. Горад усё яшчэ абжыты, і ў ім ёсць людзі.

Зноў я так нікога і не сустрэў...

Канцэрт

Многія здзіўляюцца, калі я гавару, што люблю малалюдныя канцэрты. На пару дзясяткаў чалавек, не болей. І яшчэ каб знаёмыя былі не толькі ў зале, але і на сцэне. Ідэальны варыянт — акустыка. Тады музыка не напружвае, але дапамагае занурыцца ў сябе. Здаецца, ты разам з людзьмі, але ўсё ж адзін.

Сесці за вольны столік, замовіць сабе кавы, гарбаты, а можа, і чаго мацней. Усё залежыць ад настрою. Побач падсаджваецца адзін з музыкаў. Вітаемся, гаворым, зараз ён пойдзе рыхтавацца да выступлення. Тым часам на сцэне два хлопцы ўжо граюць чыкагскі блюз. Іх спевы, гітары і губны гармонік пераносяць у атмасферу 1920-х. Прынамсі, мне ўяўляецца менавіта гэтая эпоха, калі чую блюз або джаз. Вірлівы быў час!

Слухаючы, магу і напісаць нешта. Ад нядаўняга часу пішу толькі ў праграме на смартфоне. Раней больш падабалася папера, як Петэру Хандке, — нобелеўскі лаўрэат таксама нібыта ўсё піша ад рукі. Пісаць ад рукі карысна, але справа вельмі непрактычная — потым жа яшчэ і набіраць даводзіцца. У тым ліку і з гэтай прычыны ў мяне без патрэбы ляжаць спісаныя сшыткі. Лянота. Не хочацца да іх вяртацца. Кожны раз адкладаю набор і рэдактуру «на потым», але цяпер думаю, што гэтае «потым» можа ніколі ўжо і не настаць.

Музыка — вечная катэгорыя. Нават калі цябе даўно няма, яна будзе працягваць сваё жыццё. Твае песні падхопяць іншыя. Тое самае з кнігамі, карцінамі і фільмамі — існуеш, пакуль ёсць запатрабаванасць і цікавасць. Гэта і ёсць шлях у вечнасць.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.