Вы тут

Кацярына Касцюшка. Шчаслівая будучыня


Аўтарка лічыць, што незвычайныя гісторыі здараюцца з кожным — трэба толькі прыкмячаць іх.


— Едуць! — ускрыкнуў святочна апрануты хлопчык гадоў пяці, узбягаючы па сходках на веранду.

— І сапраўды едуць, — глянула я ў акно. Азірнулася: сярод блакітных, мятных, пяшчотна-фіялкавых убораў толькі адна сукенка была белая. І толькі адзіны твар сярод агульнай весялосці выглядаў усхваляваным. Нявесцін.

— Воля, ідзі, не месца табе на парозе!

Тая ўсміхнулася і, падабраўшы вэлюм, пайшла ў пакой — хутка там будзе яе прынц.

— Ну што, дружкі! Памятайце, Волька ў нас адна. Але пастарайцеся не абабраць маладога да ніткі, можа спалохацца, — дзяўчаты зарагаталі і выйшлі на вуліцу.

Я зірнула ў люстэрка, паправіла доўгую ружовую сукенку і ўзяла са століка кошык з атрыбутамі для выпрабавання маладога. Яшчэ ў ім ляжалі кветачкі, якія ўжо праз паўгадзіны мае юныя прыяцелькі прышпіляць да пінжакоў дружак. А я, сведка, да пінжака таго, з кім мне прыйдзецца весці вяселле.

Узброіўшы найлепшай усмешкай, выйшла насустрач гасцям, якія ўжо паспелі адкупіцца ад «брамы» суседзяў. Жаніховы сябры гаманілі, жартам патрабавалі аддаць нявесту адразу, без гэтых камедый і катаванняў. Нашы ж дзяўчаты ўсміхаліся, перагаворваліся, хто каму прыглянуўся, сачылі вачыма за ўпадабанымі хлопцамі.

Святочная працэсія, наперадзе якой ішоў малады — Генка, — наблізілася, і я прывітала гасцей. Штосьці гаварылі сваты, штосьці адказвалі дружкі. Нарэшце я ўбачыла сведку. Убачыла — і ледзь не страціла прытомнасць: перада мной стаяў Выдрык — маё першае каханне, з якім і мы маглі б зладзіць вяселле. Але не зладзілі.

Выдрыкам Косцю «ахрысціла» мая мама. Ёй не падабалася яго прозвішча — Выдра: «Ну чаму яно такое непрыгожае? У маіх родных мясцінах, калі каго абразіць ці раззлаваць хацелі, так і казалі: «Ну ты і выдра!» Ужо б хоць які Выдрык». Так і звыкліся: Косцік, Костусь, а за вочы — Выдрык.

Пад такім імем ведала Косціка і Волька. Таму, калі Генка сказаў, што сведкам з яго боку будзе нейкі далёкі сваяк Канстанцін, сяброўка мая нават не скумекала, з якой іроніяй лёс зводзіць мяне з носьбітам гэтага рэдкага ў нашы дні імя. Справа ў тым, што для Гены было прынцыпова, каб яго сведка быў католікам. А высветлілася, што ўсе Генкавы таварышы ды стрыечныя браты або хрышчоныя ў праваслаўі, або жанатыя, або наадварот — замаладыя для такога даручэння. Жаніх ужо быў і не рады, што пайшоў на прынцып, але, на шчасце, згадаўся Косця — пляменнік далёкай сваячкі Зосі. Хлопец, як казалі, быў абыякавы і да царквы, і да касцёла. Генку нічога не заставалася, як згадзіцца.

І вось перада мной стаяў Выдрык. І, здаецца, здзіўлены не менш за мяне. Ён не мог ведаць, што яго сваяк сустракаецца з маёй школьнай сяброўкай, бо яны пазнаёміліся ўжо пасля нашага з Косцем расстання.

Калі Генка ўвайшоў у дом, да мяне падскочыла другая школьная сяброўка — Верка. Ёй ніколі не падабаўся Косця. Яшчэ ў той цёплы восеньскі вечар, калі ён упершыню прапанаваў правесці дадому, Верка адвяла мяне ўбок і насцярожана прагаварыла: «Калі не хочаш з ім ісці, скажу, што сёння ты начуеш са мной». Не скарысталася я тады прапановай сяброўкі...

— Спраўлюся, — сказала я Веры. Але сяброўка глядзела рашуча: адзін няправільны Косцеў рух — і гэты дзень ён запомніць назаўсёды.

Пакуль сват зачытваў «вянок», я, як у тумане, уплятала Вольцы пад вэлюм галінкі мірты: перад вачыма плылі вобразы мінулага кахання, якое скончылася так дзіўна. Не было ні сваркі, ні абразы, ні здрады. Проста неспадзявана Косця вырашыў скарыць сталіцу. А мяне ў гэтае бясконцае падарожжа не запрасіў. Я здзівілася, абурылася і, замест таго каб паабяцаць чакаць яго да канца сваіх дзён, спытала: «Гэта канец?» Выдрык толькі моўчкі паціснуў плячыма. «Ну, то здзяйснення ўсіх мар», — абыякава сказала я і, не аглядаючыся, пайшла. Ён не затрымліваў і не прасіў вярнуцца.

Пасля да мяне даходзілі чуткі, што ў Мінску ён уладкаваўся на добрую работу, купіў кватэру і машыну. Чула і аб тым, што ён збіраецца жаніцца. «Усяму свой час!» — з усмешкаю адказвала я плеткарам. Але душою крывіла: мне было балюча. Бездань, утвораную незразумелым расстаннем, не знаходзіла чым запоўніць. І тут выяўляецца — не ажаніўся! А можа... і ён пакутуе без мяне? Надзея, кажуць, памірае апошняя, але магіла маёй ужо даўно парасла травой.

* * *

Вядоўца, безумоўна, нават не здагадваўся, у якім мы апынуліся становішчы: нам з Косцем давялося ўдзельнічаць ва ўсіх конкурсах. Разам. Я, як магла, цярпела, але калі пачалі крычаць «горка сведкам», не вытрымала. І так цэлы вечар я сядзела каля гэтага здрадніка — глянуць яму ў твар яшчэ раз я не здолела. Вяселле вяселлем, але з мяне хопіць.

Не зважаючы на крыкі залы, я ўстала і ўпэўненым крокам выйшла на двор. Мне хацелася знайсці хоць якую лаўку, каб прысесці, супакоіцца і абдумаць тое, што здарылася. Пасёлак быў незнаёмы — і я дайшла да самай ускраіны, да ракі. На шчасце, тут была альтанка. Я прасядзела мо з паўгадзіны, злуючыся на сябе за тое, што не здолела прыхаваць пачуццяў. І раптам здрыганулася — пачула яго голас. Вырашыла не азірацца.

— Я ведаў, што ты пойдзеш да ракі, — ціха сказаў мне першыя за гэты дзень словы.

— Не ведала, што тут ёсць рака, — стрымана адказала я. У той момант адчувала сябе абражанай Скарлет О'Харай.

— Віка, паслухай, я не хацеў цябе пакрыўдзіць.

— Навошта ты прыйшоў?! — рэзка павярнулася да яго. Мой позірк яго спалохаў.

— Віка, я не ведаў, што так атрымаецца. Я нават уявіць не мог, што нявеста — Воля. Калі б ведаў, ніколі б не згадзіўся...

— Пры чым тут Воля? Пры чым тут сёння! — крычала я. — Ты знік! Знік! — і слёзы градам сыпалі з маіх вачэй.

— Віка, мілая, Віка... — разгубіўся ён.

— Мілая?! Прэч, прэч адсюль!

І ён пайшоў. Так, як і тры гады таму. Не змагаўся, ні на чым не настойваў... Але раптам — у той дзень усё адбывалася нечакана — павярнуўся да мяне і пайшоў насустрач.

— Не, я не магу так проста пайсці. Я павінен аддаць тое, што належыць табе, — і ён уклаў мне ў далонь залаты пярсцёнак з блакітным каменьчыкам у форме сэрца. Менавіта такі заручальны пярсцёнак я ўяўляла з дзяцінства. О, як я ўзрадавалася б такому падарунку некалькі гадоў таму! Цяпер жа было толькі абурэнне.

Па скамянелым выразе твару і нервова дрыжачым вуснам Косця здагадаўся, што зараз пачнецца страшнае, і паспяшаўся гэта апярэдзіць:

— Дарагая, — стараўся, як умеў, супакоіць мяне, — гэты пярсцёнак я нашу з сабой ужо пяць гадоў. Гэта твой, толькі твой пярсцёнак. Я не аддам яго нікому іншаму. І прапанову, што робяць з такім падарункам... Віка, будзь маёй жонкай!

Як?! Як можна насіць пярсцёнак у кішэні і не прапанаваць шчаслівую будучыню, а проста з'ехаць? А цяпер, праз столькі часу, з'явіцца, як быццам нічога не здарылася, і бессаромна прапанаваць замужжа?! Што робіць гэты вар'ят?

— Не, — сабраўшы рэшткі мужнасці і годнасці, спакойна, але рашуча адказала я. Бо ведала: мне шчаслівую будучыню не абяцаюць.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».