Вы тут

Будні правізара ў фармаце 24/7


— Я загадчыца адной з кругласутачных сталічных аптэк «Белфармацыі», таму даводзіцца вырашаць пытанні ледзьве не 365 дзён у год, — ці то жартам, ці то ўсур'ёз расказвае правізар Віялета ЕРМАЛОВІЧ. — Сюды па размеркаванні прыйшла летась. Сама родам з Беразіна, скончыла Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «фармацыя». Навучальная ўстанова была абрана мною свядома, бо я з дзяцінства марыла толькі аб медыцыне. Таму ў ВНУ лёгка атрымлівалася сумяшчаць вучобу, навуковую і творчую дзейнасць, — дзеліцца суразмоўніца.


Пад­час ву­чо­бы Ві­я­ле­та час­та бы­ла вя­ду­чай роз­ных ме­ра­пры­ем­стваў.

Пачаткак любові да медыцыны ў Віялеты звязаны з сумнай гісторыяй, якая адбылася з яе бабуляй...

— Калі мне было паўтара года, яна памерла ад анкалогіі. У маіх дзіцячых уяўленнях я была абавязана ў будучыні знайсці лекі ад раку. Калі стала дарослая, перакананні не зніклі. Спадзяюся, мне пашчасціць апынуцца ў якасці спецыяліста ў кантрольна-аналітычнай або выпрабавальнай лабараторыі і зрабіць важнае адкрыццё для многіх людзей. Яшчэ адзін успамін з тых часоў — заўсёды прасіла бацькоў купіць мне дзіцячыя наборы доктара, а таксама гумавыя мячыкі. Тата і мама здзіўляліся, чаму яны так хутка знікаюць, а я сціпла маўчала, бо «лячыла» іх ад розных хвароб пластмасавым шпрыцам, ад чаго яны здзьмуваліся. Іншыя цацкі атрымлівалі ад мяне такую ж «тэрапію».

Цяпер, будуючы кар'еру, наш правізар дакладна адчувае сябе на сваім месцы. Дзяўчына адзначае, што ў яе рабоце галоўнае — гэта адказнасць, кампетэнтнасць і любоў да людзей. Самае прыемнае для маладога спецыяліста — бачыць удзячнасць у вачах наведвальнікаў, якім змагла дапамагчы...

— Бываюць цікавыя выпадкі. Часта прыходзяць са словамі: «Я не памятаю назву таблетак, што мне патрэбныя, але яны блакітненькія». А яшчэ часам прыязджаюць па лекі, якія параілі купіць... сябры або суседзі. Пытанне запісу на прыём да ўрача ў наведвальнікаў нават і не ўзнікае, бо, маўляў, знаёмыя ведаюць лепей. Але так ставіцца да свайго арганізма нельга, бо пасля прыёму самастойна прызначаных медыкаментаў могуць быць непрыемныя наступствы, — працягвае суразмоўніца.

У жыцці Віялета актывістка і выдатніца: вучылася ў школе мастацтваў, скончыла клас па фартэпіяна, сальфеджыа, танцавала ў балеце, хадзіла на тэатральныя курсы, наведвала розныя іншыя гурткі і секцыі.
У студэнцкія гады дзяўчына была камандзірам валанцёрскага атрада, супрацоўнічала з паліятыўнымі цэнтрамі. Таксама публікавала навуковыя работы ў ВНУ, праводзіла канцэрты і конкурсы, была карэспандэнтам універсітэцкай газеты. Ды і цяпер наша гераіня не спыняецца ў самаразвіцці, займаецца шматлікімі праектамі. З апошніх — удзел у гарадскім конкурсе «Найлепшы малады спецыяліст года — 2019», дзе яна заняла другое месца ў намінацыі «Найлепшы малады спецыяліст установы аховы здароўя», а таксама ў рэспубліканскім «Валанцёр года — 2019».

Гераіня расказала, што падчас удзелу ў іх ніколькі не хвалявалася.

— А навошта? Усе, хто адпраўляе заяўкі на такія конкурсы, ведаюць уласныя магчымасці і тое, што хочуць сказаць сваім выступленнем. Дабрачыннасцю займаюся, колькі сябе памятаю. Такую пазіцыю абрала ўся мая сям'я. З дзяцінства бачыла жаданне дапамагчы, спачуванне з боку родных да іншых людзей і жывёл. Валанцёрства ахоплівае розныя кірункі. Гэта і наведванне дзіцячых дамоў, і ўдзел у розных мерапрымствах: дабрачынных канцэртах (Віялета дагэтуль штогод з'яўляецца вядучай аднаго з такіх ва ўніверсітэце), выстаўках і многім іншым, што прыносіць карысць тым, хто мае патрэбу. Спадзяюся, што мае самыя знакавыя падзеі ў валанцёрскай дзейнасці яшчэ наперадзе, — зазначыла дзяўчына.

— Калі пісалі навуковыя работы ў медуніверсітэце, якія тэмы вас хвалявалі больш за ўсё?

— Іх так многа, што згадваць давядзецца доўга. Самая дарагая майму сэрцу закранала развіццё хоспісаў у краіне. Калі збірала звесткі, размаўляла з рознымі людзьмі і разумела, што многія не ведаюць, што такое паліятыўная медыцына. Лічу, так быць не павінна, таму не пакінула задуму толькі на паперы, а ператварыла яе ў сацыяльны праект. На базе спецыялізаванага дома дзіцяці працуе паліятыўны цэнтр у Віцебску. Ужо шэсць гадоў там дзейнічае акцыя «Заўсёды выратавальнае дабро», якую я заснавала.

Віялета — доўгачаканае дзіця для сваіх бацькоў. Мама, педагог з трыццацігадовым стажам, выхоўвала дзяўчыну ў строгасці, аднак не павышаючы голас, а размаўляючы на роўных. Тата, больш мяккі чалавек, песціў любімую дачушку, але заўсёды паўтараў, што толькі яна сама нясе адказнасць за свае рашэнні.

— Родныя ці сябры крыўдзіліся за тое, што вы вельмі шмат часу праводзіце на рабоце?

— Яны заўсёды мяне падтрымліваюць, бо разумеюць, што сапраўды амаль не бываю вольная. Я вельмі камунікабельны чалавек, аднак цаню свой асабісты час, якім распараджаюся рацыянальна. Не хаджу на свецкія мерапрыемствы, на якія мяне перыядычна запрашаюць, не сустракаюся з сябрамі ў кавярні. Удалае планаванне — гэта тое, што дапамагае мне дасягаць сваіх мэт. Абраную прафесію вельмі люблю. і лічу, што гэта ўзаемна!

Ад Віялеты дазналіся, што яе хобі — напісанне вершаў, заняткі жывапісам, роспіс тканін, захапленне псіхалогіяй і гістарычнымі раманамі... Спіс можна працягваць доўга! З апошняга — навучанне ў расійскім філіяле «Федэральнай школы радыё», якое дзяўчына распачала паўгода таму.

— Калі ўсё бяжыць у такім рытме, і ты бяжыш. Упэўнена, што чым менш вольнага часу, тым больш ты паспяваеш, — лічыць дзяўчына.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.