Вы тут

Alen Hit: Я яшчэ выступлю з сусветнай зоркай!


Ён — прыклад артыста, які без сувязяў, хаджэнняў «па галовах» і музычнай адукацыі змог дабрацца да вяршынь шоу-бізнесу, пры гэтым застаючыся добрым сябрам і пазітыўным чалавекам. Пра сакрэты поспеху, пра тое, як гэта — быць удзельнікам папулярных ТБ-конкурсаў кшталту «Х-фактар», «Голас», і многае іншае расказаў Алег Шчуцкі, які выступае пад псеўданімам ALEN HІT.


— Чаму вырашыў займацца творчасцю не пад сваім імем?

— Пад псеўданімам выступаю ўжо амаль десяць гадоў. Зразумеў, што трэба нешта мяняць, у самым пачатку свайго шляху. Маё прозвішча цяжка вымаўляць на англійскай мове. Нават на рускай яго часта блытаюць. У мяне палова дыпломаў падпісана як «Шуцкий», а не «Щуцкий». А для слухача важна, каб імя артыста было простае і запамінальнае. Таму вырашыў узяць псеўданім і стаў не Алег, а ALEN HІT. ALEN сугучна з маім імем, а HІT азначае поспех, і хацелася, каб кожная мая песня была хітом.

— У які момант жыцця музыка перарасла з захаплення ў работу?

— Здаецца, з самага дзяцінства жадаў, каб яна стала маёй прафесіяй. У школе быў салістам хору. Дарэчы, першае выступленне адбылося менавіта там, яго запомніў назаўсёды! (Смяецца.) Гэта была «лінейка» на першага верасня, і мы спявалі песню «Чорны кот». А далей кожнае лета ладзіў канцэрты ў бабулі ў двары — яна заўсёды верыла, што я буду артыстам.

— А бацькі цябе падтрымлівалі?

— Спачатку былі супраць. Існуе такі стэрэатып, што без грошай і сувязяў гэта немагчыма. І яны сумняваліся, што мае імкненні сур'ёзныя і да чагосьці прывядуць. Я паступіў у каледж на спецыяльнасць, звязаную з праграмаваннем, але музыкай займацца не пераставаў. Пачынаў як самавучка, а потым сам наймаў для сябе выкладчыка па вакале. Родныя прынялі гэты выбар гадоў пяць таму, калі мая творчасць перайшла на самаакупнасць. Але ведаю, што яны заўсёды ганарыліся мной, і для іх было галоўнае, каб я быў шчаслівы.

— Ты згадаў сваё першае непрафесійнае выступленне... А што наконт выхаду на вялікую сцэну?

— Маё жыццё як сапраўднага артыста пачалося, па-мойму, у 2011 годзе. Тады ўсё так навалілася, што вылучыць канкрэтна, з чаго пачаўся «зорны шлях», цяжкавата. Амаль дзесяць гадоў таму было! Для сябе вылучаю тры этапы. Першы — гэта выступленне ў Палацы спорту на першага верасня, толькі гэтым разам не для школьнай аўдыторыі, а для студэнтаў БДУ. Затым мяне паклікалі на конкурс «Новая хваля — 2011». Я быў вельмі здзіўлены і ў нейкай ступені эмацыянальна не гатовы, бо гэта спаборніцтва — сапраўднае нашэсце зорак эстрады. Ну а затым я выйграў свой першы кліп у конкурсе «ёМАё».

— Калі б усё ж такі меркаванне бацькоў перамагло, то ў якой сферы хацеў бы развівацца па жыцці?

— Ну, паколькі ў мяне ёсць адпаведная адукацыя, то ў кірунку вэб-дызайну. Я і цяпер часта карыстаюся навыкамі з гэтай сферы. Раблю сабе розныя афішы, пасты для сацыяльных сетак, часам знаёмыя артысты звяртаюцца з просьбай стварыць што-небудзь ім. Акрамя гэтага спрабую сябе ў ролі вядучага. У мяне нават была свая тэлевізійная праграма на канале «Еўропа плюс», але, на жаль, з-за праблем фінансавання праект давялося закрыць.

— Цяпер трэнд на песні на беларускай мове, ты будзеш яго прытрымлівацца?

— На ёй цяпер спрабуюць спяваць усе! Прычым не толькі артысты, але і простыя людзі, якія вядуць у сацыяльных сетках каналы і запісваюць каверы. У мяне ёсць толькі адна песня на роднай мове, яе пераклаў Мікіта Найдзёнаў. Каб пісаць па-беларуску, мовай трэба дасканала валодаць. На жаль, у мяне няма дастатковых ведаў, каб тварыць гэтак жа лёгка і прыгожа, як на рускай або англійскай мове (я вучыўся ў школе з англійскім ухілам, напэўна, таму мне гэта прасцей даецца). Вядома, магу перакласці пару слоў, але дакладна не ўвесь тэкст.

— Ці шмат часу патрабуецца для напісання новага хіта?

— Натхненне прыходзіць заўсёды раптоўна. Я такі чалавек, які ўсюды спрабуе знайсці нейкія знакі. Мне не важнае месца, у якім знаходжуся, — матыў самай пазітыўнай песні да мяне прыйшоў, калі праходзіў міма... могілак. Проста задумаўся аб нечым сваім, і натхненне накрыла (смяецца). Апошнім часам я пачаў пісаць больш глыбокія песні. На шчасце, мае слухачы іх успрынялі таксама на «ўра!».

— Калі параўнаць тэлевізійныя вакальныя шоу «Х-фактар» ва Украіне і расійскі «Голас»...

— Гэта досыць цяжка зрабіць. Яны вельмі розныя нават па фармаце. Асабіста мне больш спадабаўся «Х-фактар» сваёй душэўнасцю. Мама не хацела мяне на яго адпускаць з-за складанай абстаноўкі ва Украіне на той час. Аднак я рады, што паехаў і нават прайшоў у наступны этап. Калі вярнуўся дадому, мяне знайшоў украінскі лэйбл і падпісаў са мной кантракт. Я стаў адным з нямногіх беларускіх артыстаў, чые кліпы транслююцца на ўкраінскім тэлеканале.

Што датычыцца шоу «Голас», то на ім былі рэчы, якія мяне крыху расчаравалі... Да таго моманту, як я выйшаў на сцэну, журы, магчыма, трохі стамілася. Білан адцягнуў увагу на валасы Градскага, якія развяваліся ад ветру, — яны выказалі здагадку, што ён едзе ў машыне пад песню, якую я выконваў... На жаль, у наступны этап не прайшоў. Аднак і ў гэтым конкурсе знайшоў для сябе плюсы, напрыклад, выступленне пад жывы аркестр.

— З набыццём вопыту хваляванне знікае?

— Хутчэй, ты проста не так моцна яго заўважаеш. Хоць бываюць моманты, калі хвалюешся з двайной сілай. Напрыклад, нядаўна ў мяне быў сольны канцэрт, вось там я хваляваўся за кожную дробязь: ад арганізацыйных пытанняў, тэхнічнага абсталявання да таго, у якім касцюме буду. Але, нягледзячы на ўсе перажыванні, выступленне прайшло выдатна!

— У кожнага вядомага артыста ёсць свая адметная «фішка»...

— Кепка! Заўсёды выступаю ў іх, нават выпусціў сваю лінію гэтага галаўнога ўбору. Я настолькі часта нашу яго, што часам, калі здымаю, здаецца, нібы гэта два розныя чалавекі (смяецца).

— Калі б прапанавалі выступіць у дуэце з любой зоркай, каго б ты выбраў?

— Хутчэй за ўсё, гэта была б амерыканская славутасць, Пінк або Рыяна. А наогул я заўсёды дамагаюся таго, чаго хачу! Таму не выключана, што я яшчэ праспяваю са сваімі кумірамі (смяецца).

Ангеліна НОВІКАВА, студэнтка ІІІ курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў

Фота дадзена героем матэрыялу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».