1-2 лютага грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчны», воўчы блог vouk.by сумесна з нацыянальным паркам «Белавежская пушча» і Белавежскім нацыянальным паркам Польшчы арганізуюць «Ноч ваўкоў», каб развеяць распаўсюджаныя стэрэатыпы пра іх і натхніць як мага больш людзей далучыцца да аховы роднай прыроды.
У нашым грамадстве да ваўка склалася жорстка негатыўнае стаўленне і гэта адмоўна ўплывае на стан дзікай прыроды Беларусі. Воўк — драпежнік найвышэйшага парадку, а значыць, ён падтрымлівае біялагічную разнастайнасць і самарэгуляцыю экасістэмы, у якой жыве. Але яго ролю пачаў прымяраць на сябе чалавек. Ён вырашае, колькі і якіх відаў патрэбна канкрэтнаму лесу ці асабліва ахоўнай тэрыторыі. Беспадстаўна перакройваючы экасістэму на свой капыл, чалавек парушае раўнавагу дзікай прыроды, у якой усё ўзаемазвязана.
Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» займаецца вывучэннем сітуацыі па ваўку ў Беларусі з 2013 года. У межах анлайн-кампаніі vouk.by усе могуць паглядзець на свет вачыма звера. Дапамагаюць у гэтым палявыя супрацоўнікі. Яны ўсталёўваюць фотапасткі, па слядах высочваюць ваўкоў, каб падлічыць іх, робяць генетычны аналіз груп. Усё гэта дзеля адной вялікай мэты — спыніць татальны адстрэл ваўкоў. У ваўчынай кампаніі АПБ дапамагае Франкфурцкае заалагічнае таварыства.
Цяпер АПБ і Франкфурцкае заалагічнае таварыства сумесна з Нацыянальным паркам «Белавежская пушча» і польскім Белавежскім нацыянальным паркам праводзяць першую трансгранічную Ноч ваўкоў.
Два дні ў Белавежскай пушчы з абодвух бакоў дзяржаўнай мяжы будуць вабіць ваўка, прымяраць на сябе ролю следапытаў. Удзельнікі мерапрыемства даведаюцца пра жыццёвы распарадак, звычкі драпежніка, яго стасункі з чалавекам і ў сваёй сям’і.
У канцы першага дня ўсіх чакае вячэрняя экскурсія па слядах ваўка і начное вогнішча на Царскай паляне.
Удзел у экскурсііі бясплатны, але па папярэдняй рэгістрацыі
У праграме ваўчыных лекцый:
• Ігар Бышнёў — выбітны кінарэжысёр-анімаліст, аўтар больш чым 60 фільмаў і сацыяльных відэаролікаў пра прыроду. Пакажа свае кінапрацы пра ваўка Беларусі, Калмыкіі і Каўказа.
• Дзмітрый Шамовіч і Анастасія Кузьмянкова — навукоўцы, важакі ваўчынай зграі. Выгадавалі трох ваўкоў і раскажуць пра асаблівасці жыцця з імі.
• Валерый Дамброўскі — навуковец. Раскажа пра даследаванні ваўкоў у Чарнобыльскай зоне — унікальным месцы, дзе чалавек мінімальна ўмешваецца ў дзікую прыроду.
• Віктар Фянчук — каардынатар воўчага праекта, чалавек, якому vouk.by абавязаны сваім існаваннем. Раскажа пра тое, колькі ваўкоў у Белавежскай пушчы і як ім тут жывецца.
• Мацей Шэўчык — вучоны-генетык з Польшчы, спецыялізуецца на даследаваннях генетычнай структуры папуляцыі. Раскажа пра асаблівасці ваўкоў, якія рэкаланізуюць Цэнтральную Еўропу.
• Ірына Кашпей — прыродаахоўны спецыяліст і студэнтка магістратуры Эдынбургскага ўніверсітэта. Натхніла аўдыторыю TEDxMinsk сваёй любоўю да ваўка і цяпер падзеліцца ёй з вамі.
Больш падрабязна з праграмай «Ночы ваўкоў» можна пазнаёміцца тут.
Надзея НІКАЛАЕВА
На прасторах яе вялікасці кнігі.