Вы тут

Без рэверансаў і кампліментаў, альбо Хто любіць крытыку?


Цяпер добра вядомыя імёны Рыгора Бярозкіна, Віктара Каваленкі, Уладзіміра Гніламёдава, Алеся Марціновіча і іншых літаратурных крытыкаў і літаратуразнаўцаў, але нямала ёсць і паўзабытых, сярод якіх, лічу, і імя таленавітага творцы Якава Герцовіча. Між тым у другой палове 1950-х — першай палове 1970-х гадоў яго імя ведалі многія чытачы.


Пра жыццёвую і мастацкую праўду

Народныя пісьменнікі Беларусі Міхась Лынькоў, Янка Брыль, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Іван Чыгрынаў, літаратуразнаўцы Міхась Мушынскі, Віктар Каваленка і Варлен Бечык высока ацэньвалі творчую спадчыну Якава Герцовіча, хоць і дадавалі, што не ва ўсім згодны з яго пунктам погляду.

Літаратурную дзейнасць Якаў Герцовіч пачаў 17-гадовым юнаком з вершаў, а з 1934 года выступаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі. У біяграфічным артыкуле «Герцовіч Якаў Бенцыянавіч» (Беларускія пісьменнікі. Біябібліяграфічны слоўнік. Т. 2. Мн., 1993) яго дзейнасць характарызуецца як «аўтар некалькіх кніг літаратурна-крытычных артыкулаў».

Гэта зборнікі артыкулаў «На перадавых пазіцыях» (1957), «Літаратура і жыццё народа» (1960), «Герой і сучаснасць» (1963), «Пісьменнікі, кнігі, героі» (1966), «Творчае крэда» (1970), кніжка гумарэсак «Не пугай адзіна» (1969), франтавыя нататкі «На вайне як на вайне» (1969) — сем кніг, без уліку соцень часопісных і газетных артыкулаў ды рэцэнзій.

У кнігах «На перадавых пазіцыях» і «Літаратура і жыццё народа» аўтар вёў гаворку аб жыццёвай і мастацкай праўдзе ў творах беларускіх празаікаў, прысвечаных мірнай працы савецкіх людзей у пасляваенны перыяд. Вось што пісаў адзін з аўтарытэтных літаратуразнаўцаў Павел Дзюбайла ў рэцэнзіі на кнігу «Літаратура і жыццё народа»: «Сучаснасць мастацкага слова вызначаецца не толькі надзённасцю яго тэматыкі, а, галоўным чынам, яго высокімі мастацкімі якасцямі, важнасцю тых пытанняў і праблем з жыцця народа, якія ўзнімаюцца ў ім. З гэтага пункту гледжання падыходзіць Я. Герцовіч да рамана М. Лынькова “Векапомныя дні” (“Народ і яго авангард”). Тэма Вялікай Айчыннай вайны нестарэючая. “Векапомныя дні” крытык разглядае як нацыянальны раман-эпас. Ён бачыць нацыянальныя прыкметы твора не ў знешнім каларыце, а ў саміх характарах людзей, у  іх светаадчуванні, іх узаемадачыненнях з прыродай і людзьмі...»

Адносна раманаў І. Шамякіна «Глыбокая плынь», «Крыніцы» Якаў Герцовіч Без рэверансаў і кампліментаў, альбо Хто любіць крытыку? вызначае адпаведнасць ідэйна-мастацкага зместу твора яго форме ў іх складаным дыялектычным адзінстве.

На думку П. Дзюбайлы, кніга «Літаратура і жыццё народа» разлічана на шырокае кола чытачоў. Яна напісана сталым крытыкам. Не сухое выкладанне вядомых палажэнняў, а падрабязны разгляд твораў, жывая вобразная мова характарызуюць зборнік Якава Герцовіча.

Пра набліжэнне да рэчаіснасці

Зборнік «Герой і сучаснасць» з’яўляецца працягам тае ж размовы аб далейшым набліжэнні беларускай савецкай літаратуры да жывой рэчаіснасці, аб выхаванні новага чалавека сродкамі мастацкага слова. Пісьменнік разглядаў раманы І. Мележа, А.  Кулакоўскага, Т.  Хадкевіча, У. Карпава, творы маладзейшых празаікаў І. Навуменкі, І. Пташнікава, Б. Сачанкі. Літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Алесь Макарэвіч акцэнтаваў увагу на тым, што найлепшыя старонкі кнігі «Герой і сучаснасць» напісаны з разуменнем спецыфікі мастацкай літаратуры і  законаў яе развіцця. Яны ўзбагачаюць чытача новымі адкрыццямі, свежымі думкамі, сведчаць пра сур’ёзную тэарэтычную і эстэтычную падрыхтоўку крытыка.

Аналізуючы раман Івана Мележа «Людзі на балоце», Якаў Герцовіч раскрывае сакрэт яго надзвычайнай прыцягальнасці для чытачоў. Тыя праблемы, якія паставіў пісьменнік: выхаванне новага чалавека, пераадоленне перажыткаў старога, гуманістычная сутнасць сацыялістычнага ладу жыцця, піша крытык, — гучаць вельмі актуальна і сёння. Крытык дапамагае чытачу ўбачыць магчымасці духоўнага абнаўлення Васіля Дзятла.

Адметны і артыкул, прысвечаны творчасці Янкі Брыля. Як палічыў Алесь Макарэвіч, артыкул — адзін з лепшых у зборніку, спрыяе глыбейшаму разуменню творчасці Янкі Брыля, адчуванню яе прыгажосці. «Герцовіч гаворыць аб уменні Янкі Брыля знаходзіць у жыцці залатыя россыпы паэзіі, паказваць высокароднасць чалавечых адносін, даследаваць псіхалогію характараў. Крытык здолеў выявіць найважнейшыя асаблівасці брылёўскай прозы, паказаць яе адметнае, што робіць яе задушэўнай, шчырай і сапраўды паэтычнай».

Па-новаму ўдалося прачытаць Якаву Герцовічу першы раман «Глыбокая плынь». Характарызуючы вобразы гэтага твора, крытык сцвярджае думку аб схільнасці пісьменніка да псіхалагічнага аналізу, аб адсутнасці просталінейнасці і спрошчанасці ў паказе жыццёвых з’яў, падзей, чалавечых характараў. Гаворачы пра Карпа і Таццяну Маеўскіх, крытык вызначае ў іх рысы беларускага нацыянальнага характару.

Агульны вынік аб творчасці Івана Шамякіна гучыць аргументавана. Доказна. Героі пісьменніка, сцвярджае крытык, з’яўляюцца добрым прыкладам, узорам для пераймання, асабліва для моладзі.

На высокім узроўні напісаны і артыкулы аб творчасці Аркадзя Чарнышэвіча, Янкі Скрыгана, Алеся Асіпенкі, Івана Пташнікава. Многія старонкі кнігі чытаюцца як мастацкія творы.

Пра гумар

Быў Якаў Герцовіч і таленавітым сатырыкам. У прадмове да яго кнігі «Не пугай адзінай» адзначалася: «...Аўтар шэрагу кніг літаратурна-крытычных артыкулаў і зборніка замалёвак ваеннага часу “На вайне як на вайне” пачаў усміхацца. Зразумела, яшчэ ў дзяцінстве.

Але па-сапраўднаму яго смех загучаў у 1953 годзе, калі Я. Герцовіч прыйшоў працаваць у рэдакцыю часопіса “Вожык”, дзе сістэматычна пачалі з’яўляюцца яго трапныя фельетоны на надзённыя тэмы.

Праўда, не забываўся ён на смех і раней: і калі вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі, і калі да вайны працаваў рэдактарам Шклоўскай раённай газеты, а затым загадчыкам аддзела ў “Звяздзе”, у “Літаратуры і мастацтве”, і калі ў час вайны быў ваенным карэспандэнтам франтавой газеты “Красноармейская правда”, дзе таксама было на ўзбраенні трапнае сатырычнае слова.

Але сабраў усё лепшае са свайго смеху Якаў Герцовіч толькі цяпер...».

А вось некаторыя афарызмы, што належаць пяру Якава Герцовіча:

Пасля выдалення жоўцевага пухіра крытык змяніў прафесію. Чарнілам пісаць ён не прывык.

Юда Іскарыёт зарабіў трыццаць срэбранікаў. Цяперашніх юдушак гэтак танна не купіш: цану сабе яны ведаюць.

«Не ўсе празаікі лезуць у кішэню па слова: у некаторых яна пустая.

Хлопчык дзівіўся: з бацькі на службе штодзень здымаюць стружку, а татуля не танчэе.

Чарговы дыспут быў прысвечан тэме: «Што лепей — пнём аб саву ці савой аб пень». Думкі разышліся.

Хоць паэт і палівае свой кволенькі талент, не шкадуючы паўлітровак, вершы яго здзіўляюць сваёй сухасцю.

Бязрукасць не перашкаджала гаспадарніку да таго часу, пакуль у яго была рука ў міністэрстве.

Адам, у адрозненне ад многіх нашчадкаў, зусім не маніў, калі гаварыў Еве: “Ты ж у мяне адна”.

У дурнях часцей за ўсё застаецца той, хто намагаецца быць разумнейшым за ўсіх. Д

арэмна людзі баяцца, што чалавецтву пагражае водны голад. З адных толькі тоўстых раманаў можна выціснуць столькі вады, што яе хопіць на стагоддзі».

Пра трагедыю вайны

Асаблівае месца ў творчай спадчыне Якава Герцовіча займае кніга «На вайне як на вайне. З франтавога блакнота». Былы карэспандэнт франтавой газеты расказвае пра сустрэчы з салдатамі і афіцэрамі Заходняга і 3-га Беларускага франтоў, якія абаранялі Маскву, вызвалялі Смаленшчыну, Беларусь, Літву, штурмавалі Кенігсберг.

 Цікава, што ў кароткай прадмове кнігі аўтар прызнаецца:

«Мяркую, што чытачы не будуць дакараць аўтара за тое, што ён амаль не карыстаецца домыслам і строга трымаецца фактаў...».

У сакавіку 1970 года ў часопісе «Полымя» з’явілася рэцэнзія на гэту кнігу. Генадзь Шупенька падкрэсліваў: «…Па адной невялічкай дэталі можна ўзнавіць усю трагедыю лейтэнанта Андрэева, які не паспеў выратаваць жонку і дачушку. Фашысты знішчылі іх перад самым адыходам з яго роднай вёскі. І вось “счарнелы лейтэнант невідушчымі вачыма” глядзіць на нерухомую жанчыну з пасмамі сівых валасоў. Тое, што ўбачана і перажыта аўтарам, бачыць і адчувае чытач».

Адным-двума штрыхамі аўтар здолеў намаляваць жывое аблічча, даць абагульнены вобраз фашысцкага ваякі, лічыць Генадзь Шупенька.

Цікава, што сам Якаў Герцовіч думаў пра сваё прызванне. У адным з аўтабіяграфічных нарысаў ён прызнаецца: «Гэта парадокс, але па сабе ведаю, што мы, крытыкі, не заўсёды любім... Крытыку і самакрытыку. А мы ж працуем у такім жанры, дзе вельмі патрэбны палеміка, шчыры абмен думкамі, без рэверансаў і без кампліментаў. Люблю спрачацца. Гаварыць праўду ў  вочы кожнаму. Без гэтага я, мусіць, не мог бы напісаць свае тры кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў, часта выступаць у друку. Не разумею тых калег, што пры сустрэчы са складанымі і супярэчлівымі літаратурнымі з’явамі абавязкова хочуць выказацца толькі апошнімі, што дае ім магчымасць станавіцца ў зручную позу арбітраў. Што  ж, не зайдрошчу іх спакойнаму жыццю. На футбольным полі такі суддзя патрэбны, каб залічваць ачкі, прызначаць штрафныя ўдары.

Скажу па шчырасці, не заўсёды была ў мяне ўпэўненасць, што нашы творчыя спрэчкі патрэбны не толькі дзвюм сотням літаратараў рэспублікі, але і шырокай грамадскасці. Цяпер ужо не думаю так. Сотні фактаў гавораць за тое, што і праца крытыка, калі яна натхняецца надзённымі інтарэсамі літаратуры, клопатамі аб яе высокіх ідэйна-мастацкіх вартасцях, не прападае марна. Сам я вельмі не люблю крытыкаў, што або кіруюцца суб’ектыўнымі меркаваннямі, або прызнаюць толькі чужыя аўтарытэты».

Гэтыя перакананні Якава Герцовіча не страцілі сваёй актуальнасці і цяпер.

Эмануіл ІОФЕ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».