Вы тут

Жоўты "Мустанг" для Марыі


Я слухаю маю гераіню, і ўвесь час думаю: «Вось тут трэба ўдакладніць, і гэта таксама...» Незнаёмых для мяне слоў і паняццяў шмат, што вельмі радуе, бо, калі ты думаеш, што ўжо ўсё ведаеш і ва ўсім разбіраешся, вось тут і з'яўляецца ў тваім жыцці такая Маша Вашкевіч!


На ўсялякі выпадак, слоўнічак да нашай гутаркі:

  • Контраварыйная падрыхтоўка — сiстэма навучання кіроўцаў транспартных сродкаў, якая выходзіць за межы звычайных ПДР і асноў кіравання аўтамабілем. Мэта гэтай сістэмы складаецца ў забеспячэнні бяспекі (зніжэнні рызыкі ДТЗ) шляхам папярэджання небяспечных сітуацый, насуперак неспрыяльным умовам і памылкам іншых удзельнікаў дарожнага руху. Змест контраварыйнай падрыхтоўкі максімальна прывязаны да рэальнага гарадскога ваджэння, усе контраварыйныя прыёмы дастасавальныя на дарогах агульнага карыстання, а навучанне павышае бяспеку кіравання.
  • Экстрэмальнае кіраванне — гэта «квазі-спорт», кіраванне аўтамабілем з выкарыстаннем прыёмаў гоншчыкаў-ралістаў ці блізкіх да іх. Прыёмы экстрэмальнага кіравання непрыдатныя на дарогах агульнага карыстання.
  • Гоначны касцюм павінен быць трывалым, лёгкім, зручным і не абмяжоўваць рухаў. Адна з галоўных умоў — гарачатрываласць. Паводле дзеючых патрабаванняў, «касцюм» пілота павінен супрацьстаяць адкрытаму полымю не менш за 12 секунд, каб, у выпадку пажару, гоншчык паспеў пакінуць аўтамабіль. Пальчаткі павінны перадаваць максімум інфармацыі ад органаў кіравання, ідэальна аблягаць руку. Шыюць пальчаткі з номекса з прасякнутымі ўстаўкамі са скуры і замшу.
  • Трэк — гэта кантактны від гонак, дзе дазволена сутыкацца адзін з адным.
  • Мустанг — культавы аўтамабіль класа «Pony Car» вытворчасці «Ford Motor Company». Першапачатковы варыянт 11233 (1964-1973 гг.) Быў створаны на базе агрэгатаў сямейнага седана «Ford Falcon» (Лі Якока і яго каманда). Першы серыйны «Mustang» сышоў з канвеера 9 сакавіка 1964 года як мадэль 1965-га. Гэта была адна з самых удалых прэм'ер у гісторыі аўтамабілебудавання. Аўтамабіль паскараецца з месца да 100 км/г за 5,8 секунды і максімальна разганяецца да 250 км/г.
  • Дрыфт — тэхніка праходжання завароткаў і від аўтаспорту, які характарызуецца выкарыстаннем кіраванага заносу на максімальна магчымых для ўтрымання на трасе хуткасці і кута да траекторыі. Спаборніцтвы праводзяцца на асфальце, лёдзе, трасах з вялікай колькасцю паваротаў.
  • Корцен — (яе яшчэ называюць картэнаўская сталь). Па сутнасці, гэта — лісты металу, пакрытага адмысловым саставам. Пасля ўстаноўкі панэль пачынае акісляцца і ржавее. З часам іржа ператвараецца ў плёнку, вонкавы від панэлі «кансервуецца», і далейшай карозіі металу не адбываецца.
  • Рэбокс прапаноўвае наборы прадуктаў з фотарэцептамі, па якіх любы чалавек зможа прыгатаваць дамашнюю вячэру як у рэстаране і на кожны вечар, і з асаблівай нагоды.
  • Коргі — пароды пастуховых сабак з Уэльса. Паводле адной з легенд, шчанюкоў людзям падарылі феі, у якіх парода выкарыстоўвалася ў якасці ездавых. Адносяцца да сямейства аўчарак, мініяцюрныя. Адданыя, любяць сям'ю свайго гаспадара. Яны лаяльна ставяцца да ўсіх людзей і іншых жывёл, лёгка ўжываюцца з катамі.

Мая гераіня Марыя родам з Магілёва, там скончыла школу, потым атрымала прафесію юрыста. Выбрала яе таму, што ёсць старэйшы брат, за ім Маша хвосцікам бегала ў дзяцінстве, удзельнічала ва ўсіх хлапечых вайнушках і забавах, вучыліся яны ў адной школе, і брат шмат чаго сястрычцы тлумачыў, дапамагаў з урокамі. Вось услед за ім Маша і юрыстам стала. А потым шляхі-дарогі разышліся: брат так і застаўся ў юрыспрудэнцыі, а Маша, трохі папрацаваўшы ў прыватнай фірме юрыстам, нешта засумавала. Думала: «Што, вось так і прасяджу з гэтымі сумнымі паперамі?» Дарэчы, каб скончыць лінію брата, адзначу: адносіны ў іх па-ранейшаму вельмі сяброўскія, дзяцей Машы брат песціць, ладзіць ім пастаянна «святы непаслушэнства» з забавамі, піцай і іншымі смакоткамі.

Маша, пакуль была ў дэкрэце, вывучылася на псіхолага, але канкурыраваць з іншымі псіхолагамі, якіх цяпер шмат, не ўмела і не жадала, таму вырашыла заняцца чымсьці іншым. А паколькі любоў да тэхнікі ў дзяўчынкі з вясковага дзяцінства ў бабулі летам, а бацька навучыў яе вадзіць машыну гадоў у дванаццаць, то пайшла Марыя абнавіць веды па ваджэнні на контраварыйныя курсы. І, як той казаў, прапала...

Цяпер яна — адна з лепшых інструктараў на курсах Сяргея Аўчыннікава. Ну і што, што жанчына? Гэта дадае ёй, між іншым, ачкоў, таму што Маша, як і муж яе Павел, — класная аўтагоншчыца. Яна памятае ўсіх сваіх курсантаў па імёнах, шукае падыход да кожнага, вучыць быць уважлівымі да сябе і свайго стану і думае, ці не напісаць кнігу-дапаможнік пра тое, як ездзіць акуратна, без гвалту на дарозе. І яна ўпэўненая, што вадзіць машыну можа кожны, калі ўжо толькі не татальна невідушчы або з вялікімі псіхічнымі адхіленнямі.

Дарэчы, Маша ніколі не думала, што стане гоншчыцай, таму што яна пра гэта ведала, але як бы з боку, як бы нават і не марыла. Гоншчыкі — гэта было залімітава. А потым выявілася, што ўсё побач, блізка і магчыма, і, як кажа Марыя, тут яна «аслупянела». Тады ж зрабіла сабе татУ, таму што стала свабоднай, стала дарослай, стала разумець, што можа кіраваць і сваім целам, і сваім жыццём так, як ёй хочацца.

Машына і гараж для Машы — сімвалы свабоды і сваёй асабістай прасторы, асабістага свету, які толькі твой: «Я з усіх сіл спрабую мяняць свет гвалту на дарогах. Пакуль у нас на дарогах няма месца старым, маленькім машынкам, вадзіцелям-пачаткоўцам. Але пакрысе людзі прывыкаюць». У Машы ёсць машына для трэкавых гонак з дрыфту «Рамонак» — гэта «Жыгулёнак-2».

Чаму сям'я Вашкевічаў два гады таму пераехала ў Астрашыцкі Гарадок? Ім патрэбна была прастора! І месца для рэалізацыі задумак ва ўсім. Таму што Маша і Павел — аўтагоншчыкі. Ім трэба шмат месца для машын. І патрэбна свежае паветра, і камфортныя ўмовы для трох дзяцей. Дом сваёй мары яны збудавалі з нуля, дзе ўвасобілі практычна ўсе дызайнерскія задумкі, як, напрыклад, картэнаўская абшыўка дома. Або сцяна са старых цаглін з печы. Ці графіці ўздоўж усёй лесвіцы ў гараж, а пад другой лесвіцай — дзіцячая гульнявая пляцоўка. Цяпер яны будуюць яшчэ адзін гараж, а лазня ў іх атрымалася сама сабой. Я паказвала б іх дом на экскурсіях за грошы, таму што там няма глянцу і гламуру, няма ідэальнай чысціні, але ёсць утульнасць, стыль і абсалютны камфорт.

Матыватар жыцця ў Машы вельмі просты: «Калі ёсць людзі, якія жывуць, дзе хочуць і як хочуць, і ездзяць на такіх машынах, на якіх хочуць, то чаму гэта не мы?»

Дарэчы, рыхтаваць ежу Маша не асабліва любіць: лічыць, што гэта марнаванне часу! Дзяцей, нагадаю, трое: Адаму 13 гадоў, Ядвізе 11 гадоў, а маленькаму Севасцьяну — 2. Сілкуюцца старэйшыя ў школе, а дома ў іх, па словах Машы, кулінарныя курсы: «Я купляю наборы рэбокс, і дзеці па рэцэптах ўсё самі робяць, вучацца гатаваць, і ежа атрымліваецца рэстаранная, свежая. Я магу арганізаваць, каб ежа была дома, але паўдня марнаваць на прыгатаванне не магу. Няма сэнсу! Мужчыну ў сучасным свеце таксама мамкі-нянькі не патрэбныя. Яму патрэбны таварыш, з якім клёва праводзіць час, з якім важна падзяліцца эмоцыямі і радасцю. Муж яшчэ і ганарыцца мной у мужчынскай кампаніі — ён усюды мяне бярэ з сабой, я не сяджу дома на пятых ролях. Мне важна, каб мой мужчына мяне не саромеўся і не баяўся, чаго я там у сеціве панапісваю...»

Гоначны спецыяльны касцюм быў пашыты для Марыі па яе мерках ў Гомелі. Яна спантанная, крэатыўная, фантануе ідэямі, а муж Павел усе гэтыя яе ідэі ўвасабляе ў жыццё.

На сёння ў яе ёсць чарговая ідэя: купіць машыну «Мустанг», вялікай сям'і яна патрэбна для камфортнага жыцця. Гэтая машына, як Маша лічыць, «не для пантоў, а для кахання, і мы ідзём паціху да гэтай мэты». Колер Маша хоча ярка-жоўты — сонечны. Думаю, што ёй, вельмі прыгожай дзяўчыне, такі колер будзе дужа пасаваць да твару.

Тамара ВЯЦКАЯ

Фота: старонка vk.com/ Марыя Вашкевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.