Вы тут

Умацаванне здароўя насельніцтва — задача не толькі медыцынскай службы


13 студзеня шэраг членаў прэзідыума Савета Рэспублікі на чале з яго старшынёй Наталляй Качанавай наведалі Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах.


Сенатары разам з маленькімі пацыентамі гэтай медыцынскай установы, іх бацькамі з задавальненнем паглядзелі «Зімовую казку» — навагодняе прадстаўленне артыстаў Беларускага драматычнага маладзёжнага тэатра, якое стварыла святочны настрой прысутным напярэдадні святкавання Новага года па старым стылі. Госці не толькі павіншавалі маленькіх пацыентаў, наведалі палаты з хворымі, але і падарылі Цэнтру карысныя для лячэння тэхнічныя сродкі. У адказ сенатары атрымалі падарункі, зробленыя рукамі дзяцей.

У праграме візіту сенатараў была і другая не менш важная частка, якая датычылася пацыентаў і дактароў. За круглым сталом адбылося прадметнае абмеркаванне пытання аб стварэнні апякунскага савета пры Цэнтры. Разам са спікерам верхняй палаты парламента ў размове з медыкамі ўдзельнічалі міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Анатоль Ісачанка, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч.

Сёння вынікі дзейнасці медыкаў Цэнтра супастаўныя з дасягненнямі вядучых роднасных замежных цэнтраў. Ужо 23 гады ў Бараўлянах аказваюць спецыялізаваную дыягнастычную і лячэбную дапамогу дзецям з анкалагічнымі гематалагічнымі захворваннямі і першаснымі (прыроджанымі) імунадэфіцытамі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Выконваюцца складаныя аперацыі, у аддзяленні трансплантацыі касцявога мозгу праводзіцца трансплантацыя ствалавых клетак.

На базе Цэнтра функцыянуе банк ствалавых клетак. Попыт на яго паслугі ў грамадзян Беларусі стабільна высокі. Летась тут адкрылася лабараторыя генетычных біятэхналогій, што дае магчымасць выйсці не толькі на новы ўзровень дыягностыкі, але таксама індывідуалізаваць лячэнне, зрабіць яго больш эфектыўным. Няўхільна расце экспарт медыцынскіх паслуг. Сярод замежных пацыентаў Цэнтра прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі, Азербайджана, Таджыкістана, Казахстана, Украіны, Малдовы, Узбекістана, Ірана, Сірыі, Кітая.

І тым не менш у Цэнтра ёсць значныя рэзервы для актывізацыі барацьбы з анкалагічнымі захворваннямі. Як павысіць выкарыстанне патэнцыялу гэтай установы, дапамагчы яе медыкам выйсці на новы ўзровень работы, вялі гутарку за круглым сталом. Адзін са шляхоў агучылі сенатары: стварыць апякунскі савет пры Цэнтры. Як адзначыла Наталля Качанава, Савет Рэспублікі прапануе супрацоўніцтва, каб аказаць дапамогу, па меры магчымасцяў далучыцца да вырашэння актуальных пытанняў. На яе думку, кваліфікаваная медыцынская дапамога павінна быць даступная кожнаму дзіцяці ў нашай краіне, у тым ліку з глыбінкі.

Наталля Качанава запэўніла, што сенатарскі корпус гатовы падставіць плячо і дапамагчы ў канкрэтных сітуацыях. А, магчыма, нейкія пытанні давядзецца вырашаць на заканадаўчым узроўні, падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік адзначыў у размове з журналістамі, што ініцыятыва Савета Рэспублікі заслугоўвае ўвагі і падзякі. Гэта дапаможа наладзіць разуменне паміж грамадствам і медыцынай, будзе спрыяць развіццю шырокага дыялогу паміж імі. Па яго словах, умацаванне здароўя насельніцтва — гэта задача не толькі медыцынскай службы, неабходна яшчэ і скаардынаваная работа грамадства, бізнесу, сістэмы аховы здароўя.

Што плануецца зрабіць на найбліжэйшую перспектыву, пра што канкрэтна ішла гаворка за круглым сталом? Пераважна пра далейшае развіццё Цэнтра, у тым ліку і пра будаўніцтва жылля для медыкаў, умовы працы для маладых спецыялістаў і іншае.

Леанід Тугарын

Фота Яўгена Пясецкага

Загаловак у газеце: Патрэбная дапамога

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Брэстчына адзначыла юбілей

Брэстчына адзначыла юбілей

Падарункі да свята і слаўная гісторыя.

Музыка

Святлана Агарвал: Музыка — гэта мая душа

Святлана Агарвал: Музыка — гэта мая душа

Спявачка апявае каларыт і шматграннасць беларускай і індыйскай культур.