Вы тут

Ці вернецца азеляненне дарогі Грэск—Капыль?


«Прашу вас прыняць меры па садзейнічанні азеляненню дарогі Грэск—Капыль, якая праходзіць праз вёску Грозава. Справа ў тым, што па рашэнні мясцовага райвыканкама былі высечаны ўсе дрэвы абапал аўтатрасы ад Грозава да Капыля. Вызваленыя плошчы засеяны кукурузай да самай дарогі. У адказ на мой зварот мясцовыя ўлады паведамілі, што гэтыя дрэвы былі аварыйныя, а ўзамен іх зроблены кампенсацыйныя пасадкі. Цяпер выгляд дарогі стаў пачварны. Як можна нявечыць пейзажы? Гэта ж турыстычны патэнцыял краю! Калі сапраўды таполі былі крохкія, чаму б не пасадзіць замест іх ліпы?» — такі ліст атрымала рэдакцыя ад свайго чытача з Капыльскага раёна.


У свой час таполі даволі шчыльна высаджвалі не толькі ў гарадах, але і паўз абочыны дарог за межамі населеных пунктаў. Гэтаму ёсць тлумачэнне: дрэвы хутка растуць. Але жыццё іх не такое доўгае, як, напрыклад, у дуба — ствалы хутка трухлеюць унутры і з цягам часу ствараюць пагрозу для людзей і іх маёмасці. Таму ў раёнах пастаянна праводзяцца планавыя аб'езды, вядзецца ўлік патэнцыйна небяспечных дрэў. У першую чаргу высякаюцца галіны і дрэвы, што навісаюць над газаправодамі, трасамі, магістралямі і нясуць небяспеку для жыццядзейнасці грамадзян і работы камунікацый.

— Таполі, якія раслі абапал аўтатрасы з боку Грозава, зрэзалі пры рэканструкцыі дарожнай артэрыі, ім было больш за сорак гадоў, — расказала старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Ірына КІСЛЯК. — Што датычыцца кампенсацыйнага азелянення, то яно ўяўляе сабой аднаўленне або пасадку зялёных насаджэнняў замест ссечаных або пашкоджаных. Толькі летась на тэрыторыі сельсаветаў мы пасадзілі больш за дванаццаць тысяч дрэў, у населеных пунктах з'явіліся цэлыя плантацыі, ліквідавана шмат пустуючых участкаў.

Напрыклад, настаўнікі, вучні Ванелевіцкай сярэдняй школы Доктаравіцкага сельсавета ў пачатку мая высадзілі 75 бярозак, а восенню — алею з дубкоў і каштанаў. У Новых Доктаравічах з'явілася рабінавая алея, каля Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі зазелянела 70 маладых елак, а ў аграгарадку Цімкавічы ўладкаваны Парк сямейных дрэў.

На прылеглай тэрыторыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з'явіўся «Белы сад». Асаблівасць участка ў тым, што на ім растуць саджанцы, якія цвітуць у адной колеравай гаме — белай. Азеляненне і ўпрыгажэнне роднага краю — не толькі ініцыятыва мясцовых улад, грамадскіх арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў раёна: да справы ўсё больш актыўна падключаюцца і самі жыхары. Прынамсі, шматдзетная сям'я Калыханаў жыве ў вёсцы Душава, а побач цераз невялікую пустку — у Крывым Сяле — іх бабуля. Вось і вырашылі яны «перакінуць» своеасаблівы масток паміж вёскамі — пасадзіць дрэвы. Іх ідэю падтрымаў старшыня Пацейкаўскага сельвыканкама Сяргей Цвірко і дапамог знайсці саджанцы. У выніку тут зазелянела сорак маладых соснаў. Такіх руплівых, неабыякавых людзей, якія дбаюць аб развіцці сваёй малой радзімы, з кожным годам становіцца больш.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв'ю: mota.ru

Загаловак у газеце: Масток паміж вёскамі... з дрэў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.