Вы тут

Працаваць з людзьмі і для людзей


Да такога падыходу заклікала на сустрэчы членаў Савета Рэспублікі ад Мінскай вобласці старшыня верхняй палаты парламента Наталля Качанава. Нарады з сенатарамі ад канкрэтнага рэгіёна — новая форма работы. Спікер ужо сустрэлася з прадстаўнікамі дэпутацкага корпуса ад Віцебшчыны, Гомельшчыны, Мінска, а 16 студзеня — са старшынямі раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў Віцебскай вобласці. У сераду Наталля Качанава абмеркавала праблемы прысталічча. Яна падкрэсліла, што Мінская вобласць — няпросты рэгіён. Праблем хапае па зямельных пытаннях, будаўніцтве жылля, добраўпарадкаванні тэрыторый, развіцці гарадоў-спадарожнікаў. Імкнуцца да вырашэння гэтых пытанняў па запыце кожнага жыхара рэгіёна і павінны члены Савета Рэспублікі новага склікання.


Знайсці падыход да кожнага

Работа з людзьмі — тэма, якая стала лейтматывам усіх сустрэч з сенатарамі. «Калі ёсць пытанне, якое неабходна вырашаць аператыўна, а ў вас не атрымліваецца, — калі ласка, тэлефануйце, — адзначыла старшыня Савета Рэспублікі. — Дзе трэба, хутка, аператыўна, усе разам падключымся. Любыя пытанні, якія датычацца любой праблемы. Гэта вельмі важна — нам трэба імгненна рэагаваць на тое, што кажуць людзі». Асабліва такі падыход актуальны для пытанняў невялікіх заробкаў і іх нясвоечасовай выплаты.

Кожны член Савета Рэспублікі павінен імкнуцца вырашыць праблему на сваім узроўні, а калі не атрымліваецца, неабходна звяртацца да калег. Людзі павінны бачыць работу і ведаць сваіх прадстаўнікоў у верхняй палаце парламента.

Савет Рэспублікі ўвядзе ў практыку перад пасяджэннем сесій даваць слова пэўнаму сектару, які раскажа пра дзейнасць на месцы. Таксама прадстаўнікі парламента будуць паведамляць аб рабоце са зваротамі грамадзян — колькі людзей прынялі, пытанняў разгледзелі і дапамаглі вырашыць.

Акрамя гэтага, спікер Савета Рэспублікі прапануе засяродзіць увагу на вылучэнні ў кожным доме старшынь дамавых камітэтаў ці саветаў. Такія прадстаўнікі мясцовага самакіравання стануць своеасаблівым звяном паміж уладамі і жыхарамі. «Я ўсім кажу заўсёды — трэба знайсці падыход да людзей. Начальнікі твае, якія побач з табой, яны выстраяцца пад цябе. Людзей нельга падманваць. Сказаў — зрабіў. Не можаш — скажы, што не можаш сёння, няма магчымасці», — падкрэсліла старшыня верхняй палаты парламента.

Па яе словах, старшыня райвыканкама, побач з якім сенатар і дэпутат Палаты прадстаўнікоў, — гэта сапраўдная сіла. Член Савета Рэспублікі — гэта і ўнікальная магчымасць для мясцовай улады данесці інфармацыю і праблемы рэгіёна да органаў кіравання самага высокага ўзроўню.

Заканатворчасць для жыцця

На гэтым тыдні адбылася сустрэча старшынь пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, дзе былі вызначаны кірункі сумеснай работы. Наталля Качанава ўпэўнена: сенатары павінны падключацца да работы над законамі на пачатковым этапе, каб не ўносіць карэктывы пастфактум. «Так было і ў мінулым скліканні. Нашы калегі гаварылі пра тое, што яны так працавалі. Так правільна, таму што сёння мы дакладна разумеем: усе законы, якія распрацоўваюцца, прымаюцца ў нашай краіне, павінны ісці ад жыцця. Прэзідэнт гэта дакладна сказаў», — паведаміла спікер.

Абгрунтаваныя, актуальныя пытанні і праблемы грамадзян павінны знаходзіць увасабленне ў законапраектах. Як адзначыла Наталля Качанава, у Савет Рэспублікі прыходзяць вельмі цікавыя і плённыя звароты. З гэтай прычыны неабходна крыху перагледзець структуру верхняй палаты, каб імі займалася большая колькасць спецыялістаў. Уключаны сенатары і ў дзейнасць па ўдасканаленні Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, якая цяпер актыўна ідзе ў органах улады.

Пачуць запыты на змены ў заканадаўстве магчыма, толькі сустракаючыся з людзьмі. Так, на ўласным вопыце Наталля Качанава адзначыла неабходнасць унесці карэктывы ў Дэкрэт № 18. Падставу дае гісторыя з жыцця: разведзеная пара не можа раз'ехацца з адной кватэры, а абвастрае канфлікт маці, пазбаўленая бацькоўскіх правоў.

Работа, дастойныя заробкі і даступныя цэны — тыя складнікі годнага жыцця грамадства, над якімі павінны працаваць у тым ліку і сенатары. Галоўнае ў іх дзейнасці — гэта людзі і сумленныя адносіны да іх. «Сумленнасць павінна быць ва ўсім. Калі чалавек бачыць несумленнасць у ахове здароўя, адукацыі, культуры, эканоміцы, на прадпрыемстве, не трэба праходзіць міма яго звароту», — заўважыла Наталля Качанава.

Парадак работы на будучыню

Спікер Савета Рэспублікі заклікала калег да актыўнага супрацоўніцтва са сродкамі масавай інфармацыі. На экранах тэлевізараў, у матэрыялах прэсы павінна з'яўляцца не толькі кіраўніцтва палат парламента.

Члены Савета Рэспублікі ў найбліжэйшы час вырашаць, хто будзе працаваць у міжпарламенцкіх супольнасцях (сумесных органах Саюзнай Дзяржавы, групах дружбы і іншых).

Пастаўлена задача для сенатараў — рыхтавацца да чарговага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Сфарміраваны аргкамітэт на чале з намеснікам старшыні Савета Рэспублікі Анатолем Ісачанкам. Плануецца, што сёлета мерапрыемства прыме Мінск і вобласць. Па тэматыцы форум зробіць акцэнт на святкаванні 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

«Ужо зараз трэба актыўна займацца гэтым, таму што пытанняў будзе шмат. Год будзе насычаны ўсімі падзеямі. І палітычна вельмі важны год, і ў сацыяльным плане важны год. Таму нам цяпер трэба дакладна выбудоўваць гэтую работу», — заўважыла Наталля Качанава.

У найбліжэйшы час пачне працаваць даўно анансаваны маладзёжны парламент, якія сфарміруецца пад патранатам Савета Рэспублікі.

Марыя ДАДАЛКА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.