Вы тут

На асабісты прыём грамадзян да Сяргея Сіўца запісаліся 14 чалавек


На асабісты прыём грамадзян да старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргея Сіўца запісаліся 14 чалавек з разлікам на станоўчае вырашэнне самых розных пытанняў.


Усе наведвальнікі былі пачуты, іх заявы былі прыняты для дадатковага вывучэння.

Напрыклад, жыхарка з Ракава якая заблыталася з працэдурай выкупу дома. Ён некалі быў выдзелены ёй для пражывання як работніцы завода ацяпляльнага абсталявання. Аднак пакуль доўга і марудна рухалася працэдура афармлення дакументаў, прадпрыемства абанкруцілася. У завода з'явіўся антыкрызісны кіраўнік, які змяніў умовы выкупу жылля і запатрабаваў згодна з новай ацэнкай кошту дома адначасова выплаціць усю яго суму (28 тысяч рублёў). У іншым выпадку дом выставяць на аўкцыён. Такіх грошай жанчына не мае, іншага жылля ў яе няма. Што рабіць? Вось і просіць Савет Рэспублікі дапамагчы.

Жыллёвае пытанне таксама прывяло ў Савет Рэспублікі 82-гадовую мінчанку. Яна не згодная з тым, як была праведзена прыватызацыя яе ведамаснай кватэры з аплатай у растэрміноўку на 40 гадоў.

А ў двух жыхароў Гродзенскай вобласці ўзніклі сур'ёзныя рознагалоссі з судова-прававой сістэмай. Незадаволеныя рашэннем суда першай інстанцыі, яны звярталіся і ў Вярхоўны суд, і ў Генеральную пракуратуру, але атрымалі адмоўныя адказы. Таму і запісаліся на прыём да старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве. Сяргей Сівец быў вымушаны правесці кароткі прававы лікбез аб межах кампетэнцыі Савета Рэспублікі, яго магчымасцях і паўнамоцтвах.

Ён нагадаў, што па сваім статусе Савет Рэспублікі з'яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. У сувязі з гэтым арганізацыя асабістых прыёмаў грамадзян сенатарамі, на яго погляд, адзін з самых эфектыўных і дзейсных спосабаў даведацца непасрэдна ад саміх людзей аб праблемах у рэгіёнах.

Што датычыцца сённяшняга прыёму, то пераважалі звароты прыватна-прававога характару, звязаныя з рэалізацыяй суб'ектыўных правоў грамадзян, паведаміў потым журналістам Сяргей Сівец. Але ён прыгадаў і звароты публічна-прававога характару. Напрыклад, людзі прапануюць захады па ўдасканаленні дзейнасці органаў дзяржаўнага кіравання, уносяць канкрэтныя прапановы па карэкціроўцы заканадаўства. Такія звароты сведчаць пра актыўную жыццёвую пазіцыю нашых суграмадзян, іх неабыякавасць, шчырае жаданне быць карыснымі радзіме, адзначыў сенатар.

Як запэўніў Сяргей Сівец, усе звароты наведвальнікаў у Савет Рэспублікі стануць аб'ектам пільнай і сістэмнай увагі, па кожным будзе дадзены кваліфікаваны адказ. Таксама дэталёва прааналізуюць праблемы, з якімі людзі прыйшлі на прыём.

Леанід Тугарын

Загаловак у газеце: Эфектыўны спосаб даведацца аб праблемах у рэгіёнах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Квадробіка — гульня ці паталогія?

Ці варта бацькам падымаць трывогу, калі дзіця захапілася гэтым відам спорту?

Адукацыя

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Якія прыярытэты ў сучаснай дашкольнай адукацыі?

Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.