Вы тут

Што рабіць з нядобрасумленнай канкурэнцыяй?


Сенатар Таццяна Рунец правяла ў Мінску свой першы асабісты прыём грамадзян у якасці старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах.


І першы ж наведвальнік з Магілёва агучыў пытанне, якое нават пры дэтальным разглядзе ў час прыёму акрэсліла дастаткова злабадзённую праблему.

Сутнасць звароту ў наступным. Прыватнае прадпрыемства магіляўчаніна з'яўляецца афіцыйным перавозчыкам па маршруце Магілёў—Гомель. Для гэтага задзейнічаны сем мікрааўтобусаў умяшчальнасцю ад 16 да 21 чалавека (чатыры аўтобусы 2018 года выпуску). Транспартнае прадпрыемства спраўна плаціць з прыбытку ўсе неабходныя зборы і падаткі.

І ўсё было б нічога, пакуль не з'явіліся, мякка кажучы, нядобрасумленныя канкурэнты. Яны нахабным чынам крадуць кліентаў і, канешне, не плацяць нічога ў бюджэт. Паводле слоў заяўніка, робіцца ўсё надзвычай адкрыта. Нелегальныя перавозчыкі за 7—10 хвілін да адпраўлення мікрааўтобуса законапаслухмяных канкурэнтаў падганяюць сваю маршрутку з добра бачным надпісам «Магілёў—Гомель» на прыпынак грамадскага транспарту побач з вакзалам, забіраюць пасажыраў і наперад. У выніку афіцыйны перавозчык апынуўся на мяжы банкруцтва. Бо нават калі ў яго мікрааўтобус набудуць білет два чалавекі, трэба выязджаць у рэйс. А гэта немалыя страты.

Так, былі звароты ў інстанцыі горада і вобласці, у пракуратуру, Камітэт дзяржкантролю, падатковую інспекцыю, ДАІ, Транспартную інспекцыю з просьбай не даць несумленным канкурэнтам зруйнаваць прадпрыемства. Аднак сам факт запісу прадпрымальніка на прыём да старшыні Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах сведчыць пра тое, што пытанне засталося нявырашанае. Ён не верыць у тое, што на мясцовым узроўні яго можна зварухнуць з месца. Таццяна Рунец пастаралася ўнікнуць у розныя аспекты праблемы, задала шмат дакладных пытанняў па тэме. Прызналася, што падобная праблема існуе і ў Мінску, дзе таксама вырашаецца цяжка і марудна. Але пытанне цікавае, і яна бярэ яго пад кантроль.

Тут трэба мець на ўвазе, што сёння ўсе прыватныя структуры ў той ці іншай ступені існуюць ва ўмовах канкурэнцыі. У прынцыпе гэта нармальная, правільная і станоўчая з'ява. Менавіта канкурэнцыя спрыяе развіццю эканомікі, асабліва сферы паслуг, у цэлым зніжэнню цэн. Адсутнасць канкурэнцыі вядзе да застою. А куды ж вядзе нядобрасумленная канкурэнцыя? У ценявую эканоміку і як мінімум ва ўхіленне ад падаткаў.

Таццяна Рунец паабяцала грунтоўна разам са спецыялістамі разабрацца як у магілёўскай, так і ў іншых праблемах, з якімі ў той дзень да яе звярнуліся людзі. Іх пытанні датычыліся зямельных спрэчак з мясцовай уладай, паслуг ЖКГ, рамонту сацыяльнага жылля. Старшыня Пастаяннай камісіі запэўніла, што звароты грамадзян не застануцца па-за ўвагай і мясцовых органаў улады, куды спярша звярнуліся людзі і дзе іх не пачулі. Сенатар адзначыла, што прыёмы грамадзян дазваляюць з першых вуснаў даведвацца пра тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца людзі. У гэтым вялікая каштоўнасць такой формы работы.

Леанід Тугарын

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?