Вы тут

Летась беларусы купілі ў аўтасалонах амаль 65 тысяч новых машын


Учора Беларуская аўтамабільная асацыяцыя агучыла вынікі продажаў аўтамабіляў мінулага года. Беларусы купілі ў аўтасалонах 64 504 новыя легкавыя аўтамабілі, пабіўшы ўсе папярэднія рэкорды. Бо ў 2018-м было прададзена на 22 % менш (52,8 тысячы новых аўто).


У першай пяцёрцы самых прадаваных марак невялікія змены. Расійская Lada ўсё ж выйшла на першае месца па агульным аб'ёме продажаў, зрушыўшы з верхняй прыступкі Renault. У лідара 16 281 прададзены аўтамабіль супраць 11 370 штук у другога месца. З такім вынікам Lada займае 27 % рынку. Volkswagen застаўся на трэцім месцы з паказчыкам 7258 аўто і ахопам 12 % рынку. Geely, нягледзячы на амаль двухразовы прырост продажаў у параўнанні з папярэднім годам, па-ранейшаму на чацвёртым месцы з вынікам 6894 аўтамабіляў. Але адставанне ад трэцяга месца не такое вялікае. Паколькі завод дамовіўся з банкамі на падаўжэнне льготных умоў крэдытавання, ён мае шанц заскочыць на п'едэстал гонару налета. Тым больш у айчыннага вытворцы ў лютым з'явіцца яшчэ адна мадэль красовера, якая павінна прыцягнуць новых пакупнікоў, але пра гэта пазней.

А самы прадаваны клас асобных машын у 2019 годзе — В (груба кажучы, бюджэтныя седаны). На яго долю прыпадае 46,7 працэнта ўсяго рынку. Зыходзячы з гэтага, цалкам лагічна, што лідарам продажаў стала Lada Vesta з паказчыкам 7585 аўтамабіляў. На другім месцы па папулярнасці — Volkswagen Polo (5804 машын). І на трэцяе месца (замест Logan) вырваўся Geely Atlas. Усяго наш завод летась прадаў 3320 красовераў гэтай маркі. У асацыяцыі такі паказчык назвалі вялікім дасягненнем для «БелДжы». У дзясятку самых прадаваных машын заскочыў сабрат Atlas — Emgrand X7, які рэзка набраў абароты: з 500 машын у 2018 годзе да 2237 у 2019-м.

Увогуле беларускі завод летась вырабіў 20 151 аўтамабіль, а ўсяго з яго канвеера сышло больш за 50 тысяч адзінак гэтай складанай тэхнікі. Дырэктар прадпрыемства «БелДжы» Генадзь Свідзерскі лічыць, што брэнд Geely імкліва набірае папулярнасць. Калі ў 2017 годзе аб'ём вытворчасці ў краіне складаў усяго 480 аўтамабіляў, то ўжо ў 2018-м ён вырас амаль у 10 разоў. Летась у завода новыя паказчыкі: 6894 Geely прададзена айчыннаму пакупніку. Завод умацаваўся на расійскім рынку, тут аб'ём продажаў склаў больш за 100 мільёнаў долараў. Акрамя таго, цяпер актыўна вядуцца перагаворы з прадстаўнікамі такіх краін, як Арменія, Казахстан, Азербайджан, Украіна, Сербія, Літва, Польшча і Таджыкістан.

Акцыянернае таварыства «БелДжы» мае намер у лютым гэтага года вывесці на рынак Беларусі новы красовер Geely SX11. На пытанне, ці пашыраць банкі на новую мадэль праграму крэдытавання з ільготным перыядам, Генадзь Свідзерскі адказаў: «Думаю, што так». Пры гэтым ён дадаў, што ўсё будзе вызначаць попыт.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв'ю: shutterstock.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».