Вы тут

Проста казачны падарунак!


Нашы юныя супляменнікі з Латвіі былі гасцямі на Прэзідэнцкай ёлцы ў мінскім Палацы Рэспублікі


Дзеці з Даўгаўпілса з іх настаўніцай на свяце

Цуды, кажуць, здараюцца ў Калядную пару. І вучням Беларускай нядзельнай школы “Вясёлка” Даўгаўпілскага беларускага культурна-асветнага таварыства “Уздым” пашчасціла да іх дакрануцца: яны 26–27 снежня 2019 года пабывалі на святочным прадстаўленні ў Беларускім дзяржцырку і на Прэзідэнцкай ёлцы ў Палацы Рэспублікі. Гэта, заўважым, знакавыя імпрэзы вялікай Навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, якая штогод праходзіць па ўсёй Беларусі.

Спачатку, як прыехалі мы ў Мінск, запрасілі нас у цырк. Прадстаўленне праходзіла паводле казкі “Царэўна-Несмяяна”. Сюжэт яе вядомы: Баба-Яга начаравала — і прынцэса перастала смяяцца, радавацца жыццю. Цар-бацька запрашае ўсіх прыдворных зняць чары з дачкі: а на арэне тое рабілі жанглёры, клоўны, вярблюды, сабачкі з трукамі на скейтбордах. Нас найбольш уразіла шоу, калі артысты ў яркіх святлодыёдных касцюмах прыгожа танцавалі ды адначасова каляровымі посахамі малявалі карціны.

Пасля смачнай вячэры ў гімназіі, у самым цэнтры беларускай сталіцы, мы гулялі па вячэрнім горадзе, які зіхацеў у навагодняй ілюмінацыі. Прыгажосць! А потым у інтэрнаце (там начавалі школьнікі з розных месцаў Беларусі, з іншых дзяржаў, якія прыехалі на свята) зладзілі дзіцячую дыскатэку. Госці змаглі й пазнаёміцца, і нават знайсці новых сяброў.

Раніца 27 снежня. Дзеці ў прадчуванні Ёлкі. У Палацы Рэспублікі ўсё зіхаціць-пераліваецца, паўсюль прыгожыя кампазіцыі для фотасесій, велізарная ёлка. Аніматары — малайцы: дапамаглі дзецям разняволіцца, яшчэ больш іх падзарадзілі святочным настроем.

Перад Навагоднім прадстаўленнем выступаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Ён павіншаваў дзяцей і настаўнікаў з Новым годам.

Спектакль жа быў у стылі мюзікла: добрая гісторыя з дзяцінства Дзеда Мароза з цікавай версіяй, чаму ж па свеце столькі розных Дзядоў Марозаў. Несумненна, шчасцем было для дзяцей атрымаць падарункі ад Прэзідэнта: вялікія наборы беларускіх цукерак, мяккія цацкі-Мышкі, віншавальныя паштоўкі. Эксклюзіў!

Мы перамяшчаліся па Мінску ў спецаўтобусах, у суправаджэнні міліцэйскага эскорту. Як адказная за дзетак, зазначу, што ў пытаннях арганізацыі мерапрыемстваў, бяспекі ўсё было прадумана да дробязяў.

Дарога дадому нікому не падалася доўгай. Ва ўдзельнікаў паездкі ў Мінск пра гэтае замежнае, не вельмі блізкае, святочнае й дзівоснае падарожжа засталіся самыя пазітыўныя ўражанні. Казалі: пра такі навагодні падарунак можна толькі марыць! А яшчэ дзеці зразумелі, што паездка на Прэзідэнцкую ёлку ў Мінск — гэта ўзнагарода ім за поспехі ў вучобе, актыўнасць у Беларускай нядзельнай школе. Дарэчы, на Прэзідэнцкай ёлцы ў Мінску з Латвіі былі й вучні Рыжскай беларускай асноўнай школы, беларускага нядзельнага класа з Рэзэкнэ. Ведаю, былі на свяцей й нашы юныя супляменнікі з Літвы. А выхаванцы “Вясёлкі” падзельнічалі ў дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў Беларусі ўжо другі раз — дзякуючы падтрымцы Амбасады Беларусі у Латвіі, за што “Уздым”, як і бацькі, дзеці-шчасліўчыкі дыпламатам бязмежна ўдзячныя. Асобныя словы нашай падзякі: Генеральнаму консульству Беларусі ў Даўгаўпілсе — за вырашэнне візавых пытанняў; віцэ-мэру Даўгаўпілса Янісу Дукшынскаму ды Упраўленню адукацыі, яго кіраўніцы Марыне Ісупавай — за вырашэнне транспартнага пытання; шафёру Чэславу Кезіку — за высокі прафесіяналізм. Дзякуем і памежным службам Латвіі ды Беларусі — за аператыўнае вырашэнне пытання з перасячэннем дзяржаўнай мяжы, праўленню беларускага таварыства “Уздым” — за вырашэнне ўсіх аргпытанняў. А ўрэшце вялікі “механізм навагодніх цудаў” спрацаваў як мае быць — і гэта здорава! З прафесіяналізму, разумных і ўзважаных учынкаў многіх спецыялістаў абедзвюх дзяржаў, розных структур склалася агульная добрая справа: нашы дзеці атрымалі незабыўны падарунак да Новага года, пашырылі свой кругагляд, умацавалі дружалюбныя стасункі Латвіі ды Беларусі.

Алёна Радзівонава, настаўніца, кіраўніца дэлегацыі, г. Даўгаўпілс

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.