Вы тут

Летась Бераставіцкі раён увайшоў у бязвізавую зону. Што там цікавага?


Пра тое, што цікавага ёсць у раёне і што будзе зроблена для таго, каб прывабіць турыстаў, мы гутарым са старшынёй Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта Антонам Кулісевічам.


— Антон Станіслававіч, Бераставіцкі раён традыцыйна ў ліку перадавых у сельскагаспадарчай галіне. Пра гэта сведчаць і шматлікія ўзнагароды, якія вы атрымліваеце падчас абласных дажынак. Не выключэнне і гэты год. І ўсё ж цяпер вам давядзецца звярнуць увагу і на новы кірунак дзейнасці, звязаны з бязвізавай зонай. Як збіраецеся ў ім працаваць? Якія ёсць для гэтага ўмовы?

— Сапраўды, з 10 лістапада 2019 года Бераставіцкі раён разам з нашымі суседнімі раёнамі стаў бязвізавым. Для гэтага ёсць і перадумовы, бо тут знаходзіцца адзін з найбуйнейшых у вобласці міжнародных пунктаў пропуску, а раён мяжуе з Рэспублікай Польшча. Таму бязвізавыя турысты змогуць адразу ўязджаць на яго тэрыторыю.

У сувязі з гэтым распрацаваны план мерапрыемстваў па развіцці турызму на 2020 год, створана рабочая група па іх рэалізацыі. Тут будуць задзейнічаны розныя ўстановы. Гэта аб'екты грамадскага харчавання, культуры, аховы здароўя. Асаблівая ўвага будзе звернута на прыдарожны сэрвіс, добраўпарадкаванне аўтамабільных дарог і тэрыторыі, якая прылягае да пункту пропуску.

— Хоць прайшло не так шмат часу, што ўдалося зрабіць? На які кірунак у першую чаргу звяртаеце ўвагу?

— Лічу, што ў першую чаргу трэба забяспечыць інфармацыйнае суправаджэнне. З гэтага, уласна кажучы, і пачалі. Размясцілі інфармацыю на інтэрнэт-сайтах зацікаўленых устаноў, рэгіянальных СМІ, выпусцілі 800 экзэмпляраў тэматычных буклетаў. У аграгарадку Пагранічны каля аўтатрасы ўстанавілі білборд, які інфармуе аб бязвізавай зоне. Зроблены вулічныя карты-схемы турыстычнай інфраструктуры Вялікай Бераставіцы і ўсяго раёна. У хуткім часе дарожныя службы ўстановяць указальныя знакі да значных турыстычных аб'ектаў.

— Чым можа зацікавіць турыстаў ваш раён? Што тут ёсць адметнага?

— Нядаўна ў нас быў распрацаваны цікавы веламаршрут працягласцю 45 кіламетраў, які ахоплівае каля дзесяці знакавых для раёна месцаў. Большасць аб'ектаў — гэта храмы, касцёлы, але не толькі. У маршрут уключаны помнік прыроды мясцовага значэння «Старажытная паркавая сядзіба «Стары Дворац», Верхаўлянскае свяцілішча, мемарыяльныя знакі, устаноўленыя ў памяць воінаў Вялікай Айчыннай вайны. На маршруце ёсць і месцы адпачынку, і аб'екты харчавання. Мяркуецца, што велатурыст зможа адолець гэты шлях за 2,5 гадзіны. У раёне ўсталявана каля дзесяці веласіпедных і пешаходных дарожак.

— Ці ёсць у вас брэндавае свята?

—- Так. І не адно. Летам у нас праходзіць раённае свята «Бераст-Фэст». Гэта свята майстроў. Яны з'язджаюцца з усіх куткоў Беларусі са сваімі вырабамі, праводзяць майстар-класы. Не абыходзіцца без выступлення нашых самадзейных калектываў і зорак беларускай эстрады.

Заваёўвае папулярнасць адкрыты раённы фестываль польскай культуры і побыту «Эйсмантаўскі фэст». Ён пачынаецца са службы ў мясцовым касцёле ў аграгарадку Вялікія Эйсманты. Затым свята пераходзіць на цэнтральную плошчу, дзе падворак «Заможны фальварак» запрашае паспрабаваць нацыянальныя польскія стравы. У аграгарадку Малая Бераставіца вось ужо два гады запар праводзіцца фестываль «Бульба-Мэб». Тут гаспадарыць наш традыцыйны прадукт, арганізаваныя выстаўка-продаж элітных сартоў бульбы, дэгустацыя страў з яе. Яшчэ адзін летні фестываль збірае аматараў суда- і авіямадэльнага спаборніцтва. Тут можна ўбачыць выстаўку мадэляў самалётаў, паветраныя баі, палёты гідрасамалётаў і многае іншае.

— А што цікавага ў вас адбываецца зімой?

— У нас вось ужо другі год працуе рэзідэнцыя старажытнага міфалагічнага беларускага гаспадара зімы — Зюзі і яго гаспадыні Завірухі. Сёлета для наведвальнікаў падрыхтавана анімацыйная праграма-квэст. Рэзідэнцыя знаходзіцца ў дзіцячым летніку, які цяпер задзейнічаны і ў зімовы час. Цяпер тут працуюць не па заяўках, як летась, а сістэмна, у вызначаны дзень і час. На тэрыторыі раёна ёсць пяць аграсядзіб, якія прапануюць нацыянальную кухню, сямейны адпачынак, рыбную лоўлю. Спадзяёмся, што нашымі брэндавымі святамі зацікавяцца і бязвізавыя турысты.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Прэв'ю: holiday.by

Загаловак у газеце: Новы вектар развіцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?