Вы тут

У Гродне былы банк саступіў месца найстарэйшай бібліятэцы Беларусі


У Гродне справіла наваселле абласная бібліятэка імя Яўхіма Карскага. Доўгі час яна месцілася ў Новым замку, але плошчаў для яе фондаў не хапала. Свой будынак прапанаваў Нацыянальны банк. Дарэчы, аб'ект быў пабудаваны ў 30-я гады мінулага стагоддзя менавіта як сховішча грошай. Цяпер у былых бункерах будуць захоўвацца каштоўныя выданні ХVІ—ХVІІІ стагоддзяў.


Фота Мікалая Лапіна.

У верасні Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Карскага спаўняецца 190 гадоў. Гэта найстарэйшая бібліятэка краіны з багатымі і рэдкімі фондамі. Тут захоўваецца больш за 600 тысяч экзэмпляраў кніг на 75 мовах свету. Нямала эксклюзіўных выданняў знаходзіцца ў аддзеле рэдкай кнігі.

— Мы вельмі задаволены, што бібліятэка атрымала свой будынак, гэта сапраўдны падарунак да юбілейнай даты, — падкрэсліла дырэктар бібліятэкі Лідзія Мальцава. — Да гэтага ў нас не было кнігасховішчаў, зараз з 2,5 тысячы квадратных метраў пабудовы фонды займаюць 600 «квадратаў». Акрамя таго, у адным з бункераў на стэлажах 1931 года мы размясцілі рэдкія выданні. У другім бункеры — самыя каштоўныя выданні беларускай літаратуры, яе залаты фонд, які чытаюць ва ўсім свеце.

У новым будынку будуць функцыянаваць чатыры залы, аснашчаныя сучаснай тэхнікай, медыйнымі сродкамі. Тут мяркуецца праводзіць масавыя мерапрыемствы. Абсталяваны дзіцячы пакой з кніжкамі, лялькамі, развівальнымі гульнямі. Ёсць кабінет робататэхнікі, электронная бібліятэка. Пры аддзеле краязнаўства будзе працаваць экспазіцыя, прысвечаная Гродзенскай губерні і вобласці, дзе плануюць экспанаваць найлепшыя рэдкія выданні не толькі з фондаў бібліятэкі, але і з прыватных калекцый гродзенцаў. І такая дамоўленасць ужо ёсць. Напрыклад, падчас адкрыцця бібліятэкі госці знаёміліся з выданнямі, якія прапанаваў вядомы гродзенскі калекцыянер і гісторык Аляксандр Сявенка.

Выставачная зона вельмі прасторная, і, па словах дырэктара, дазволіць больш поўна дэманстраваць наведвальнікам найцікавейшыя кнігі з фондаў бібліятэкі. Таксама тут мяркуюць у поўнай ступені выкарыстоўваць прыгожы дворык з яблыневым садам — праводзіць у ім кніжныя пікнікі і іншыя адмысловыя мерапрыемствы.

Будынак пасля рамонту быў перададзены банкам у другой палове мінулага года. Яшчэ некалькі месяцаў заняў пераезд. Гэта сапраўды вельмі добры падарунак ад банкіраў, адзначыў намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк. На яго думку, бібліятэка цяпер набывае ў грамадстве новы статус — сацыякультурнай установы, становіцца нечым накшталт універсітэта для ўсіх пакаленняў наведвальнікаў.

Падчас адкрыцця бібліятэкі ўпершыню былі ўзнагароджаны самыя актыўныя чытачы мінулага года. Такую цырымонію тут плануюць зрабіць традыцыйнай.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Ад грошай да кніг

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.