У гэтую нядзелю ратавальнікі Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Работнікаў і ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях павіншаваў Прэзідэнт, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
— Знаходзячыся пастаянна ў баявой гатоўнасці, вы абараняеце народны здабытак, стаіце на варце дзяржаўных інтарэсаў, — гаворыцца ў віншаванні. — Ваша небяспечная праца патрабуе велізарнай мужнасці, стойкасці і самаадданасці. Вы заўжды першыя там, дзе людзі маюць патрэбу ў дапамозе і падтрымцы. Пры гэтым падрыхтоўка і майстэрства беларускіх ратавальнікаў вядомыя па ўсім свеце. Нашы спецыялісты шмат разоў дапамагалі краінам, якія пацярпелі ад прыродных катастроф або ваенных канфліктаў.
І ўжо па традыцыі перад прафесійным святам у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях узнагародзілі найлепшых супрацоўнікаў ведамства.
Міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка зазначыў: людзі, якія атрымліваюць узнагароды, кожны дзень працуюць над сабой, няспынна павышаюць сваю кваліфікацыю.
— Найбольш цяжка стаць найлепшым начальнікам каравула, ратавальнікам, кіроўцам, — адзначыў Уладзімір Вашчанка. — Натуральна, што гэта хлопцы, якія сумленна адносяцца да справы, тонка ўсведамляюць, куды яны прыйшлі, разумеюць сваю значнасць.
Сярод узнагароджаных — пілот Андрэй Крыштопа і авіяцыйны інжынер Віктар Жылевіч з ДААВУ «Авіяцыя», ратавальнік Ігар Жалткевіч, які працуе ў Глыбоцкім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, вадалаз Яўген Мікульскі і ратавальнік-плывец Анатоль Чыслаў з Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння, кіроўца пажарнага аўтамабіля Аляксандр Абрамчук з Маларыцкага РАНС, пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства Раман Пяськоўскі (дарэчы, нядаўна пра яго пісала «Чырвонка. Чырвоная змена»).
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Прэв'ю: Мінск-Навіны
Як работнікі МАЗа рыхтуюцца да выпрабаванняў у пустыні.
У зоне абслугоўвання — дзесяць вёсак.
На прасторах яе вялікасці кнігі.