Вы тут

За гады вайны было знята больш за тры з паловай мільёны метраў плёнкі


Кінахроніка апавядае пра найважнейшыя баявыя аперацыі, вызваленні населеных пунктаў, знаёміць з героямі, сведчыць пра зверствы, што чыніліся фашыстамі. Кінааператары ваеннага перыяду разам з байцамі Чырвонай Арміі і партызанамі ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, таму акрамя камеры ў іх з сабой часта былі аўтамат, пісталет і дзве гранаты. Зброяй даводзілася карыстацца даволі часта, бо ў пагоні за каштоўнымі кадрамі яны імкнуліся трапіць у цэнтр падзей.


Усяго на лініі фронту і ў партызанскіх падраздзяленнях працавала 308 франтавых кінааператараў. Кожны чацвёрты з іх загінуў.

Даведацца больш пра кіналетапісцаў вайны, паглядзець знятыя імі кадры і пазнаёміцца з дакументамі тых часоў можна было падчас прэзентацыі мультымедыйнага праекта «Іх зброя — кінакамера». Яго падрыхтавалі Нацыянальны архіў РБ, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Музей гісторыі беларускага кіно і кінастудыя «Беларусьфільм».

Беларускія аператары з Мінскай студыі кінахронікі з першых дзён вайны ўвайшлі ў склад спецыяльных франтавых кінагруп. Іосіф Вейняровіч трапіў на Браншчыну, Уладзімір Цяслюк — пад Смаленск, Майсей Бераў — на Заходні фронт. Знятыя сюжэты адсылаліся ў Маскву на Цэнтральную студыю дакументальных фільмаў. Многія з аператараў атрымалі высокія ўзнагароды, пра што сведчаць дакументы, якія захоўвае Нацыянальны архіў.

Ваенны кіналетапіс вёўся з першых дзён вайны. Ужо праз месяц пасля яе пачатку за разгортваннем падзей на франтах сачыла каля сотні аператараў.

У Беларускім дзяржаўным музеі кінафотафонадакументаў захоўваецца самы ранні сюжэт, прысвечаны партызанскаму руху. Ён быў зняты ў Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласці ў 1941 годзе, калі толькі з'яўляліся першыя партызанскія атрады.

Іосіф Вейняровіч некалькі разоў перасякаў лінію фронту, у 1943—1944 гадах ён вёў здымкі на тэрыторыі акупаванай Беларусі — на поўначы ў раёне Бягомля, Лепеля, Полацка. Там ён зняў вялікую колькасць сюжэтаў, прысвечаных такім вядомым партызанскім камандзірам, як Мінай Шмыроў, Іван Ціткоў, Уладзімір Лабанок.

У фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваюцца экспанаты, якія апавядаюць пра мужнасць і смеласць франтавых кінааператараў, прысвечана ім і асобная экспазіцыя. Старшы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Наталля Обухава расказала, што з 1951 да 1990 года Іосіф Вейняровіч пастаянна наведваў музей, перадаў установе свае фатаграфіі, пасведчанне, з якім працаваў на фронце, і кінакамеру.

Дарэчы, на Віцебшчыну здымаць фільм пра партызанскую Беларусь акрамя Вейняровіча былі закінуты таксама Мікалай Пісараў, Ацілія Рэйзман і Марыя Сухава. Гэтая група здымала не толькі баявыя дзеянні, але і тое, як будаваўся партызанскі аэрадром ва Ушачах, як рамантаваліся ровары для разведкі.

Маладым дзяўчатам-аператарам даводзілася дзяліць з партызанамі ўсе нягоды ваеннага жыцця. Баявыя камандзіры вельмі цёпла адгукаліся пра работу «баявой» Марыі, згадвалі, як яна здымала фільм, як хадзіла ў партызанскія атрады, размаўляла з жыхарамі вёсак. Знятыя дзяўчынай кадры былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы фільма «Народныя мсціўцы», стварэнні кінасюжэтаў пра рэйкавую вайну. Суровая зіма 1944-га была асабліва цяжкая, немцы сціскалі кола блакады. Было прынята рашэнне ісці на прарыў, разам з партызанамі спрабавалі выйсці з акружэння і аператары. Падчас Ушацкага прарыву загінулі Мікалай Пісараў і Марыя Сухава. Супрацоўнікі Нацыянальнага архіва знайшлі дакумент, датаваны маем 1943 года, які сведчаць аб смерці Марыі Сухавай. Апошнія яе словы былі пра тое, дзе схаваны знятыя матэрыялы...

Кінахроніка расказвае пра вызваленне Беларусі. У кінафільме «Мінск наш», дзе падае свастыка з фасада Дома ўрада, выкарыстоўваліся кадры, зробленыя аператарамі Беравым і Вейняровічам: адзін здымаў знізу, другі — з даху.

Кінастужкі паказваюць населеныя пункты такімі, якімі іх заспелі ў першыя гадзіны пасля вызвалення Чырвонай Арміяй. Многія кадры сведчаць пра злачынствы, якія чыніліся на акупаванай тэрыторыі, паказваюць спаленыя вёскі, вызваленне вязняў канцэнтрацыйнага лагера «Азарычы», трасцянецкага лагера смерці, лагера ваеннапалонных пад Віцебскам. Таму гэтая хроніка адыграла вялікую ролю ў Нюрнбергскім працэсе.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Кінахроніка сведчыць...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».