Вы тут

Вяртанне на радзіму князёў Друцкіх-Любецкіх, або трагедыя старадаўняга роду


У вёсцы Новае Поле непадалёк ад Ракава знаходзіцца старадаўні сядзібна-паркавы ансамбль князёў Друцкіх-Любецкіх. У адным з будынкаў (дарэчы, помніку архітэктуры XІX стагоддзя), месціцца вучэбны корпус дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа. У Музеі народнай славы гэтай навучальнай установы невялікі пакой адведзены пад экспазіцыю, якая расказвае пра гісторыю княжацкага роду. Упершыню вывучаць і даследаваць радавод князёў пачаў беларускі гісторык Ігар Мельнікаў. Нядаўна вучоны адшукаў новыя здымкі, дакументы, успаміны, артэфакты, якія датычацца Друцкіх-Любецкіх. Азнаёміцца з матэрыяламі ўсе зацікаўленыя змаглі падчас выстаўкі «Новае Поле: на мяжы цывілізацый». Пра апошніх гаспадароў маёнтка, дзейнасць кантрабандыстаў, работу савецкіх і польскіх пагранічнікаў на ўчастку граніцы Новае Поле — Ракаў даследчык гатовы апавядаць гадзінамі...


— Геранім Друцкі-Любецкі, адзін з апошніх прадстаўнікоў славутага роду, нарадзіўся ў 1861 годзе ў Пінску. Ён быў адукаваны чалавек, яго кар'ера развівалася паспяхова: сябра рады Мінскага сельскагаспадарчага таварыства, сябра назіральнай рады Таварыства ўзаемнага страхавання, старшыня аддзела па справах сельскай гаспадаркі і патрэб Палескага таварыства сельскай гаспадаркі. Землеўласнік удзяляў значную ўвагу павышэнню ўзроўню сельскагаспадарчай культуры і адукацыі сярод сялян, збіраў тэарэтычную інфармацыю для правядзення сельскагаспадарчых рэформаў у Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі. Гэтую работу заўважылі і накіравалі ў камітэт пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі і дзяржаўнай маёмасці. У сакавіку 1905 года Геранім у складзе дэлегацыі вёз петыцыю Мінскага сельскагаспадарчага таварыства, у якой падкрэслівалася неабходнасць увядзення ўсеагульнай асветы на родных мовах для жыхароў беларускіх губерняў, у Маскву. У 1906 годзе князь быў абраны дэпутатам Першай Дзяржаўнай думы ад Мінскай вобласці, — расказвае Ігар Мельнікаў.

У 1919 годзе сям'я з'ехала ў Польшчу, але ўжо ў снежні бацька захварэў на іспанку і памёр у Варшаве. Уладара маёнткаў Стары Ракаў і Новае Поле на Міншчыне, Лунін на Піншчыне пахавалі на цэнтральных варшаўскіх могілках у Павонзках.

У сям'і Гераніма і Марыі Друцкай выхоўвалася чацвёра дзяцей: Марыя, Хрысціна, Юзаф і Канстанцін. Князь Канстанцін камандаваў Віленскай кавалерыйскай брыгадай. Падчас вераснёўскай кампаніі 1939 года ён трапіў у савецкі палон і вясной 1940-га быў расстраляны пад Кіевам. Трагічна склаўся лёс і Хрысціны. 6 мая 1921 года яна пераходзіла савецка-польскую граніцу, каб трапіць у радавы маёнтак. У пэўны момант князёўна ўбачыла ўзброеных чырвонаармейцаў, якія яе затрымалі. На гранічнай заставе яна папрасілася ў прыбіральню і, выбраўшы момант, пабегла. Яе заўважылі мясцовыя жыхары і закрычалі, маўляў, лаві арыштантку. На крык выбеглі пагранічнікі на чале з камандзірам Васілём Баравіком. Дзяўчына прапанавала ім грошы ўзамен на свабоду. Адзін з пагранічнікаў ударыў Хрысціну. Тады яна дастала пісталет і выстраліла ў Баравіка, а затым параніла яшчэ аднаго чырвонаармейца і перабегла граніцу. Але яе дагнала куля. Дабівалі параненую шабляй па галаве.

— Бальшавікі забралі цела князёўны, каб паказаць сваім начальнікам, што забілі польскага шпіёна, пры гэтым ахвяру раздзелі. Магчыма, праз гэта з'явіліся плёткі, што Хрысціну згвалцілі, — кажа Ігар Мельнікаў.

Пахавалі дзяўчыну ў крыпце на каталіцкіх могілках у Ракаве.

Пасля смерці дачкі князёўна Марыя звар'яцела, хадзіла па мястэчку, прыціснуўшы да грудзей фотаздымкі сваіх родных. Так яна і памерла ў лістападзе 1946 года і знайшла спачын побач з Хрысцінай.

Мяжа, якая прайшла па Беларусі 18 сакавіка 1921 года, падзяліла яе на дзве часткі. Больш за чатыры мільёны беларусаў апынуліся пасля Рыжскага мірнага дагавора ў складзе Польшчы. Але самае страшнае тое, што мяжа раздзяліла людзей, братоў, сваякоў, бульдозерам прайшла па іх лёсе. Не сталі выключэннем і Друцкія-Любецкія.

— Ігар Вячаслававіч, як вам удалося атрымаць такія цікавыя дакументы, каб папоўніць экспазіцыю?

— Унікальныя здымкі Канстанціна, Хрысціны, Марыі, асабістыя дакументы, успаміны перадалі нашчадкі славутага роду, якія жывуць у Польшчы. Мне ўдалося звязацца з унукам Канстанціна і праўнукам Іераніма Паўлам Дангелем, які запрасіў мяне прыехаць. Давялося таксама паразмаўляць з яго жонкай, з маці, якой ужо 93 гады. Менавіта яны і перадалі мне цікавыя артэфакты пра гісторыю свайго роду.

— Нашчадкі не сумуюць па радзіме сваіх продкаў?

— Насамрэч сумуюць. Яны ніколі не былі ў Новым Полі, Ракаве. Ім не ўдалося прыехаць на адкрыццё выстаўкі. Але, напэўна, прыедуць пазней.

— Чаму вас зацікавіла менавіта тэма Друцкіх-Любецкіх?

— Тэма даваеннай мяжы, трагедыя людзей, якія тут жылі, паміралі зусім не вывучана ў Беларусі. А цікавасць да яе вялікая як у нашай краіне, так і ў Польшчы. Бо яна аб'ядноўвае і беларусаў, і палякаў. І я раблю стаўку менавіта на тое, што нас аб'ядноўвае.

Дарэчы, выстаўка стане дзейнічаць пастаянна. Новыя артэфакты Ігар Мельнікаў падарыў музею. Пабываць у ім можа кожны ахвотны, папярэдне запісаўшыся на экскурсію.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота hіstorіapobach.lіvejournal.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.