Вы тут

Марцін Пачобут-Адляніцкі (1728—1810)


У яго гонар манарх Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі адчаканіў медаль з надпісам Sіc іtur ad astra — «так ідуць да зорак». Гэта стала належным прызнаннем заслуг Марціна Пачобута-Адляніцкага. Ён быў асыпаны каралеўскімі міласцямі, карыстаўся пашанай у грамадстве, яго імя ведалі ў Еўропе — але толькі на старасці гадоў. Да таго часу Марцін Пачобут-Адляніцкі прайшоў не такі і лёгкі шлях навукоўца і асветніка. Больш за дваццаць гадоў кіраваў ён Галоўнай школай Вялікага Княства Літоўскага, рэарганізаванай пры ім у Віленскі ўніверсітэт. Пяць разоў запар яго выбіралі рэктарам.


Сына гарадзенскага крайчага Казіміра Пачобута-Адляніцкага і Алены з Глябовіч, здавалася, чакае звычайны лёс шляхціца: ці дзяржаўная служба, ці прыслужванне ўплывовым магнатам, а можа, жыццё ў родавым маёнтку. Пасля заканчэння вучобы ў Гарадзенскім езуіцкім калегіуме ў 1743 годзе малады Пачобут доўга не мог вызначыцца з жыццёвым шляхам. Бацька не ўхваляў яго жаданне працягваць вучобу, лічыў, што сын павінен служыць манарху і краіне — досыць з яго навукі. Упарты юнак насуперак бацьку ўступіў ў манаскі ордэн езуітаў, адмовіўся ад свецкага жыцця. Затое ў яго з'явілася магчымасць працягваць вучобу: спярша ў Слуцкай гімназіі, а пасля ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Маладога чалавека прыцягвала філасофія, а таму ён яшчэ два гады вывучаў яе ў Віленскай акадэміі.

Там Пачобут захапіўся астраноміяй, у якой убачыў і таямніцы непазнанага, і паэтычную чароўнасць, і філасофскую мудрасць. Практычную карысць астраноміі Пачобут-Адляніцкі добра разумеў, але ён меў паэтычную душу, і зоркі чаравалі яго сваёй загадкавасцю і хараством. Таму ў дзённіку назіранняў ён даваў ім азначэнні: «Гэта прыгожая зорка», ці «Гэта вельмі прыгожая зорка», і нават свае навуковыя паведамленні любіў прадстаўляць у вершах.

Пасля вучобы ў парыжскай Сарбоне, дзе Марцін вывучаў фізіку і матэматыку, ён апантана заняўся стварэннем у Вільні абсерваторыі. З манаха-езуіта атрымаўся не святар, хоць яму і далі парафію, а навуковец-даследчык, не прыхільнік дагматаў, а шукальнік новага. «Мы маем шмат прыкладаў як са сферы зямной, гэтак і нябеснай фізікі аб тым, што ўсё тое, што на сённяшні час з'яўляецца вельмі карысным, раней здавалася нам не вартым увагі і працы фізікаў або астраномаў. Ранейшыя забабоны і памылкі таму павінны служыць нам папярэджаннем, каб мы не зрабілі новых», — лічыў Марцін.

У Марціна не было ні прафесійных памочнікаў-астраномаў, ні патрэбных прылад, ў 1761 годзе ён зноў адправіўся ў Еўропу па веды і абсталяванне. У абсерваторыях Марселя, Авіньёна і Неапаля Марцін два гады памнажаў свае веды, назіраў за зоркамі і вынікі доследаў друкаваў у французскай астранамічнай літаратуры. Пасля былі гады выкладання матэматыкі ў Наваградскай гімназіі і астраноміі ў Віленскай акадэміі. Адначасова ён абсталяваў абсерваторыю на адной з вежаў корпуса акадэміі і займаўся доследамі. Пачобут-Адляніцкі вылічыў геаграфічную шырату і даўгату Вільні і іншых гарадоў ВКЛ, за што атрымаў тытул каралеўскага астранома.

У 1772 годзе ён адкрыў новае сузор'е, назваў яго «Шчытом Сабескага», а самую яркую зорку ў ім — у гонар караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага «Каралеўскі цялец Панятоўскага». Адкрыццё прынесла Пачобуту-Адляніцкаму еўрапейскую славу і новыя турботы. У сувязі са скасаваннем езуіцкага ордэна маёмасць акадэміі перайшла да Адукацыйнай камісіі. Пачобут аддаў шмат сіл, каб захаваць абсерваторыю, на якую камісія не давала сродкаў. Ён нават заявіў, што пойдзе ў свет з кіем і торбай шукаць міласціну. Гэты дэмарш прымусіў караля знайсці сродкі, падтрымаць вучонага і выдаць у яго гонар медаль, каб не абляславіцца на ўвесь свет.

Калі ў Еўропе заслугі Пачобута-Адляніцкага ацанілі, выбралі членам-карэспандэнтам Парыжскай каралеўскай акадэміі, то на радзіме ён залежаў ад капрызаў і волі старшыні Адукацыйнай камісіі віленскага біскупа Масальскага, які траціў адукацыйныя грошы на свае патрэбы. Толькі ў 1780 годзе, калі ўсёмагутны Масальскі ўжо не змог працівіцца агульнаму выбару, Пачобута-Адляніцкага аднадушна выбралі рэктарам. Пасля ён яшчэ чатыры гады перавыбіраўся на гэтую пасаду. З акадэміі вучоны зрабіў Галоўную школу Вялікага Княства Літоўскага, дзе студэнты атрымлівалі свецкую адукацыю. Пачобут захаваў сваю ўстанову ў нялёгкія часы захопу краю Расіяй, паўстання Касцюшкі (на якое ён ахвяраваў свае зберажэнні), змены ўлад. Часам яму даводзілася быць дыпламатам. У 1802 годзе імператар Аляксандр І наведаў школу, у абсерваторыі назіраў за новаадкрытым астэроідам Цэрэрай. Гэтая сустрэча і прыватная гутарка са славутым вучоным паспрыялі выхаду ўказа ад 4 красавіка 1803 года аб адкрыцці на аснове школы ўніверсітэта.

Жыццё Марціна Пачобута-Адляніцкага завяршылася ў славе і пашане. Ён працаваў у абсерваторыі — дакладна вызначыў размяшчэнне Меркурыя, а па яго звестках славуты французскі астраном Жан Лаланд склаў новыя астранамічныя табліцы, — сачыняў лацінскія вершы. Адмовіўся ад сану біскупа, каб не траціць час на пустыя заняткі. Апошнія два гады жыцця ён правёў у Дынабургскім езуіцкім кляштары, нібыта хацеў аддаць і Богу часцінку сваёй светлай душы.

Вітаўт Чаропка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?