Вы тут

Асоба і час. Міхал Клеафас Агінскі


Вяртаюцца з небыцця, нібы чароўная птушка Фенікс, многія стагоддзямі занядбаныя мясціны маёй любімай Смаргоншчыны — куточка Беларусі з багатай гісторыка-культурнай, архітэктурнай і духоўнай спадчынай. Шмат якія ацалелыя храмы могуць прэтэндаваць на званне помнікаў сусветнай культуры, манументальныя збудаванні ды палацы нагадваюць пра колішнюю значнасць мясцін і ўплывовасць іх гаспадароў...


Імя Міхала Клеафаса Агінскага яшчэ ў 2013-м — напярэдадні 250-годдзя з дня яго нараджэння — Генеральная канферэнцыя ЮНЕСКА вызначыла як прыярытэтнае сярод памятных юбілейных дат, а 2015 год быў абвешчаны Годам Агінскага. Яго згадваюць у ліку выдатных дзеячаў як у Польшчы, так і ў Расіі і, зразумела ж, у Беларусі.

Нарадзіўся Міхал Клеафас 25 верасня 1765 года ў Гузаве, што каля Варшавы. Ён быў сынам каралеўскага сенатара і ваяводы Троцкага Анджэя Агінскага і яго жонкі Паўліны з Шэмбекаў. Ва ўзросце 21 год Міхал Клеафас быў абраны дэпутатам сейма ад Троцкага ваяводства і прызначаны фінансавым упаўнаважаным Фінансавай камісіі.

Гады жыцця і дзейнасці князя Міхала Клеафаса Агінскага — гэта эпоха падзелаў Рэчы Паспалітай суседнімі дзяржавамі і наступнай пасля нацыянальна-вызваленчай барацьбы, час абуджэння антыманархічных настрояў. За сваё вельмі насычанае падзеямі жыццё прадстаўнік слаўнага роду Агінскіх пабываў у ролі дэпутата сейма ў Варшаве, паўстанца пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі і Якуба Ясінскага, быў прадстаўніком паўстанцкіх арганізацый у Канстанцінопалі і сенатарам Расійскай імперыі, сустракаўся з імператарам Францыі Напалеонам і рускім царом Аляксандрам І.

У сусветную гісторыю Міхал Клеафас увайшоў як буйны палітычны дзеяч, дыпламат, паўстанец, музыкант. Сапраўдную славу ён займеў як кампазітар і аўтар цудоўнага паланэза «Развітанне з Радзімай». Знаўцы сцвярджаюць, што напісаны гэты шчымліва-душэўны музычны твор быў менавіта на Смаргоншчыне, дзе і сёння ў аграгарадку Залессе стаіць у атачэнні старажытных дрэў колішняга англійскага парку чароўны палац. Сучаснікі, прыхільнікі творчасці Міхала Клеафаса, называлі гэтыя мясціны паўночнымі Афінамі.

Драўляная сядзіба ў Залессі перайшла ў спадчыну Міхалу Клеафасу ў пачатку дзевятнаццатага стагоддзя ад яго бяздзетнага дзядзькі, кухмістра ВКЛ Францыска Ксаверыя. Праз нейкі час новы гаспадар пачаў будаваць побач мураваны палацык у стылі класіцызму, а навакольную тэрыторыю добраўпарадкоўваць у адпаведнасці з тагачаснай модай. Непаўторную чароўнасць надавалі парку маляўнічы стаў з Лебядзіным востравам, шматлікія альтанкі, масткі, кветкавыя клумбы, аранжарэя з унікальнымі экзатычнымі раслінамі.

На жаль, час і ваенныя падзеі не пашкадавалі гэтую прыгажосць. Тым не менш на працягу дзесяцігоддзяў дзякуючы энтузіязму мясцовых жыхароў і прыезджых аматараў даўніны, прыхільнікаў Агінскага, захоўваўся будынак сядзібы, папулярызавалася творчасць кампазітара. У 2014 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё будынка пасля рэстаўрацыі, а налета завяршылася абсталяванне экспазіцыі. Адкрыццё музея стала сапраўдным ушанаваннем памяці славутага дзеяча ВКЛ і падарункам для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.

Дарэчы, Міхал Клеафас быў выдатны педагог. Варты ўвагі яго ліст-наказ сыну Ірэніушу, які збіраўся ад'язджаць на вучобу ў Італію. І сын, і дочкі ўсё жыццё імкнуліся адпавядаць бацькоўскаму запавету. Так, набыўшы адукацыю за мяжой, Ірэніуш яшчэ ў 1838 годзе, прыехаўшы на сталае месца жыхарства ў Жамойцію, адмяніў тут прыгонны лад. Але адмяніў не такім чынам, як зрабілі ў Расійскай імперыі праз дваццаць гадоў пасля яго, пакінуўшы сялян ні з чым. Ірэніуш разам з камандай спецыялістаў распрацоўваў і ўкараняў праграму, якая дапамагала былым прыгонным пачынаць самастойную гаспадарчую дзейнасць. Пры ім пачалі дзейнічаць сістэма ашчадных кас, крэдытныя саюзы для кожнага сектара работнікаў. Пазней была адкрыта першая ў Літве сельскагаспадарчая бясплатная школа, выкладанне ў якой вялося на мове мясцовага насельніцтва. Развіваліся навука і мастацтва.

Ёсць мудрая прыказка: хто не памятае пра мінулае, не мае будучыні. Маючы магутныя карані, у тым ліку духоўную спадчыну Міхала Клеафаса Агінскага, беларусы могуць смела глядзець у заўтрашні дзень.

Антон АНТОНАЎ, вучань СШ № 1 г. Смаргонь

Загаловак у газеце: Славуты сын трох народаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.