Вы тут

У Мінску абмеркавалі пытанні, звязаныя з сярэднявечнай археалогіяй і нумізматыкай


Вучоныя з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Швецыі, Германіі, Францыі, Канады на мінулым тыдні ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з сярэднявечнай археалогіяй і нумізматыкай. У час канферэнцыі прагучала больш за сотню дакладаў, даследчыкі расказвалі пра апошнія знаходкі, дзяліліся новымі ведамі, абмяркоўвалі актуальныя пытанні, звязаныя з трансфармацыяй пахавальных практык ва Усходняй Еўропе.


Прадстаўнічая канферэнцыя была прысвечана памяці археолага і нумізмата Аляксандра Плавінскага (1952—2019). Ён даследаваў курганныя могільнікі на тэрыторыі Падняпроўя і ў паўночна-заходняй Беларусі, удзельнічаў у раскопках у Мінску і пад Рагачовам, на Уздзеншчыне, Браслаўшчыне, Мядзельшчыне... У апошняй экспедыцыі — гэта быў курганны могільнік Наўры — разам з ім працавалі два яго сыны, якія таксама сталі археолагамі. У лагеры тады нават жартавалі, што гэта «парад планет» — маўляў, тры Плавінскія капаюць у адным месцы.

«Аляксандр Мікалаевіч Плавінскі належаў да тых археолагаў, для якіх прафесійнае рамяство, рамяство палевіка было найважнейшае», — згадаў старшыня аргкамітэта канферэнцыі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк. Ён падкрэсліў, што ніхто не зрабіў столькі для кафедры археалогіі Белдзяржуніверсітэта, як Аляксандр Плавінскі і Валянцін Рабцэвіч: гэтыя таленавітыя вучоныя дапамагалі авалодаць рамяством шматлікім сваім студэнтам, сумесна праводзілі раскопкі курганных могільнікаў Ветачка, Гадзілавічы, Каласы, Мадора, Цагельня, Юдзічы, Гаравец, Навасёлкі, Нагаўкі, Наўры, Мілты, Таўкачэвічы, Харчычы, Ахрэмаўцы, Опса, Укля.

Акрамя палявой работы Аляксандр Плавінскі займаўся кансервацыяй і рэстаўрацыяй археалагічных артэфактаў, працаваў дырэктарам музея гісторыі БДУ, загадчыкам вучэбнай лабараторыі музейнай справы гістарычнага факультэта. Шматлікія яго вучні і калегі з цеплынёй згадваюць пра неверагоднае пачуццё гумару, сціпласць і спагадлівасць свайго настаўніка. Асобныя з гэтых успамінаў можна ўбачыць на выстаўцы «Экспедыцыя працягласцю ў жыццё», якая цяпер праходзіць у Нацыянальным гістарычным музеі. Старэйшы сын Плавінскага Мікалай паведаміў, што тут сабраныя фатаграфіі не толькі з сямейнага архіва, але і прапанаваныя калегамі бацькі, і здымкі ўсё працягваюць паступаць. Гэта не толькі справаздача са шматлікіх экспедыцый, у якіх удзельнічаў вядомы археолаг, але і знаёмства з адной з самых рамантычных прафесій, з побытам даследчыкаў, што дазваляе дакрануцца да аднаго археалагічнага лёсу працягам амаль паўстагоддзя.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Прэв'ю: ulyanovsk.express

Загаловак у газеце: Парад планет

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.