Вы тут

Сведчаць тыя, што выжылі


Дочкі рэпрэсаванага пісьменніка Андрэя Мрыя выдалі кнігу ўспамінаў


Наталля Прушынская з дачкой Аннай у Коласаўскім музеі. Мінск, 2014 г. Фота Івана Ждановіча

200-старонкавае выданне “Незримо рядом. Памяти Андрея Мрыя и Василя Шашалевича” выйшла летась у санкт-пецярбургскім выдавецтве “Гйоль”. Даслала кнігу ў рэдакцыю з Петразаводска Наталля Прушынская. Дзве аўтаркі: Н. А. Прушинская ды О. А. Рюхина. Недасведчанаму чытачу іх крэўную роднасць з Андрэем Мрыем (Андрэем Шашалевічам) выдае ж толькі ініцыял А. Спадарыні Аксана й Наталля абедзьве — Андрэеўны. Яны цудам ацалелі ў жорсткім свеце й часе, дзе згінулі два браты-пісьменнікі Шашалевічы. І напісалі пра тое, што перажылі, маючы бацькам “ворага народа”.

Сталыя чытачы “Голасу Радзімы”, пэўна, памятаюць нашы публікацыі, што прыадкрывалі старонкі сямейнай драмы Шашалевічаў: “Тонкія ніткі ўспамінаў” (26. 09. 2013), “Белыя ночы, доўгія дні” (3.10.2013), “Негаўскі бераг дзяцінства” (20.02.2014) ды іншыя. У тэксце “Андрэй Мрый з Доўгавіч” (10.12.2014) сцвярджалася, што вядомы пісьменнік, аўтар рамана “Запіскі Самсона Самасуя”, нарадзіўся ў вёсцы, якая цяпер знаходзіцца ў Мсціслаўскім раёне. Наталля Андрэеўна зрабіла запыт у архіў КДБ Беларусі, атрымала дзве фотакопіі з асабістай справы № 10194-С. Гэта — анкета арыштаванага Андрэя Шашалевіча, яе бацькі. На фотакопіях у радку “откуда происходит” написана: “Губ. Могилевская... вол. Долговичская... уезд Чериковский... село Долговичи”. Цяпер Доўгавічы — у Мсціслаўскім раёне.

Чаму, аднак, тое не была ўстаноўлена раней? Мы выказалі тады меркаванне: “А што не ведалі ў Мсціслаўскім раёне пра таленавітага земляка — на тое былі прычыны. Пра “ворагаў народа” стараліся раней не згадваць, і што Андрэй Мрый быў пасмяротна рэабілітаваны ў 1956-м — не ўсе ж ведаюць.”

Анкета, справа, пра якую гаворка, запаўняліся ў Мінску 22. ІІ. 1934 года, калі Андрэю Шашалевічу было 40 гадоў: ён родам з 1893-га. У Мінску заставаліся жонка Соф’я (35 гадоў, “на иждив. мужа”), сыны Юрый (5), Артур (3), дачка Аксана (паўтара года), з імі жыў і брат Шашалевіч Васіль, “писатель”. Тады Андрэя Мрыя асудзілі на 5 гадоў, саслалі ў Карагандзінскі канцлагер. Аднак, піша ў кнізе Наталля Прушынская са слоў маці, яму ўдалося на апошнім спатканні праз жонку перадаць заяву ў Пракуратуру, на імя старшыні Вярхоўнага суда СССР. І заява падзейнічала! Справу перагледзелі, у лістападзе 1934-га пісьменнік быў вызвалены, яго адправілі на вольнае пасяленне ў горад Вельск (Валагодская вобласць). Высылка закончылася на пачатку 1937-га, пісьменнік пабачыў жонку, дзяцей, і пасля доўгіх пошукаў яму ўдалося знайсці працу ў пасёлку Кола (Мурманская вобласць). Дзякуючы той “перадышцы” між рэпрэсіямі й з’явілася на свет дзяўчынка Наталля: было тое “перад Новым 1940 годам”, як успамінае яе сястра Аксана. І такім чынам: віншуем Вас з юбілеем, шаноўная Наталля Андрэеўна!

Другі раз Андрэй Мрый быў арыштаваны 3 чэрвеня 1940 года, сасланы, і да родных ужо не вярнуўся. Але ж і першы арышт раструшчыў на часткі сям’ю пісьменніка. Жонка яго, Соф’я, пакінула пры сабе толькі сына Юрыя. Вымушана была дачку Аксану аддаць у сям’ю Хрысанавых (родная сястра Андрэя Мрыя, Ксенія Антонаўна, і гадавала яе ў Петразаводску разам з мужам Мікалаем Хрысанавым, якога ў 1937-м рэпрэсавалі, а 28 снежня й расстралялі). Аксана толькі раз, і то нядоўга “ў свядомым жыцці”, як сама піша, бачыла бацьку: летам 1937-га. Артур выхоўваўся ў іншай сям’і: Зыкавых Івана Андрэевіча (родны дзядзька, брат маці) і Яўгеніі Антонаўны, якія жылі ў Гомелі.

Па сутнасці, абедзьве дачкі бацьку-пісьменніка не ведалі. Аднак іх успаміны, сабраныя й сістэмна, з навуковым падыходам прааналізаваныя дакументы (вялікую работу правяла Наталля Андрэеўна: у выданні звыш 140 спасылак на розныя крыніцы!) чытаць надзвычай цікава. Пад такім ракурсам пра разбуральныя наступствы сталінскіх рэпрэсій, мабыць, яшчэ ніхто не глядзеў, не пісаў. А глыбокія ж раны ад іх атрымалі, пранеслі праз усё жыццё не толькі самі рэпрэсаваныя.

У кнізе пададзены шэраг іншых цікавых матэрыялаў пра повязі паміж Карэліяй і Беларуссю.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.