Вы тут

Новасібірская “Лявоніха"


Фестывалі беларускай творчасці “У гасцях у Лявоніхі” ўжо традыцыйныя, штогадовыя. Але кожны раз яны маюць асаблівасці, бо праводзяцца ў розных раёнах Новасібірскай вобласці.


Анастасія Дзяменцьева вітае гасцей і ўдзельнікаў фестывалю

Песні, музыка, танцы, адзенне, рамёствы, абрады, стравы… Хоць і шмат усяго рознага паядноўвае беларусаў у замежжы з Бацькаўшчынай, ды найбольш — беларуская мова. “Дык шануй, Беларус, сваю мову!” — так у адным з вершаў выгукнуў Алесь Гарун. Многія з маладзейшых беларусаў на памяць вучылі гэты твор у школьныя гады, а ў савецкую пару, падаецца мне, мала хто й ведаў пра творчасць паэта. Розныя былі часы ў беларускай гісторыі, розныя сімвалы, арыенціры на шляху ў будучыню. Аднак мова — заўсёды была й застаецца “душою народа”. Хоць, на жаль, далёка не ўсе пра тое задумваюцца, не ўсе прыслухоўваюцца да меркаванняў мудрых людзей. Чаму? Адказ паспрабаваў калісьці даць паэт Алесь Ставер, так разважыўшы: “Каб любіць Беларусь нашу мілую,/ Трэба ў розных краях пабываць…”. У далёкім Новасібірску мы й сапраўды па-новаму пачынаем разумець, любіць і цаніць Бацькаўшчыну. І як цудоўна бывае, калі “часцінка” мілай Беларусі можа прыехаць да нас!

Новасібірскі Цэнтр беларускай культуры і Беларуска-Расійскі ўніверсітэт (Магілёў) супрацоўнічаюць не першы год. Не раз прыязджала да нас і Валянціна Панежа — старэйшая выкладчыца БРУ. І кожны яе семінар — як асобная гісторыя: са сваёй назвай, адметным зместам. А ў якасці назвы для лістападаўскага семінара па беларускай мове якраз быў выбраны згаданы радок з верша Алеся Гаруна. Сагравае душу й тое, што кожны раз на семінар прыходзіць усё больш аматараў беларускай мовы. Мінулай восенню разам з Валянцінай Васілеўнай да нас прыязджалі яшчэ дзве яе калегі: Алена Шарапава й Наталля Мурадзян. Абедзьве — на стажыроўку, аднак Алена Васілеўна знайшла часу, каб паўдзельнічаць і ў семінары: цікава расказаць новасібірцам пра нацыянальную беларускую кухню.

Нашы магілёўскія госці былі прыемна здзіўлены, калі даведаліся, што змогуць пабываць на чарговым Фестывалі беларускай творчасці “У гасцях у Лявоніхі”. Ён хоць і штогадовы, але кожны раз мае асаблівасці, бо праводзіцца ў розных раёнах вобласці. Для нас жа, як арганізатараў, фестываль — гэта магчымасць задзейнічаць у ім як мага больш менавіта мясцовых жыхароў. Бо ў кожным сяле, у кожнай вёсцы таленты ёсць, аднак далёка не заўсёды маюць людзі з сібірскай глыбінкі магчымасць прыехаць у абласны цэнтр, недзе выступіць. У лістападзе 2019‑га “Лявоніха” запрашала ўсіх у горад Балотнае. Выбар не выпадковы: у раёне ў вёсках Бярозаўка і Баратаеўка й цяпер кампактна жывуць нашы супляменнікі-беларусы. Пераважная большасць з іх, праўда, у Беларусі ніколі й не бывала…

Перад пачаткам канцэртнай праграмы госці фэсту здзейснілі праменад па своеасаблівай алеі народных майстроў. Колькі там усяго цікавага! Майстры-рамеснікі прывезлі свае работы ў розных тэхніках: саломапляценне, вырабы з бісеру, з атласных стужак, лялькі, пано з саломы. І стравамі беларускай кухні можна было пачаставацца, пры тым халаднік, дранікі-дзеруны, бульбяныя зразы, бабка бульбяная, піражкі з рознымі начынкамі прыцягвалі асаблівую ўвагу. А пасля такіх смакоццяў гасцей чакалі майстар-класы па выцінанцы, прадзенні на верацяно, вышыванні ручнікоў. Ганаровымі гасцямі фестывалю былі на гэты раз прадстаўнікі Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Томскай вобласці (якой кіруе Любоў Адаскевіч). Падрыхтавалі яны не толькі вакальныя нумары, але й цікавы майстар-клас па вырабе лялькі-дзесяціручкі. Да таго ж на суд гледачоў і журы фестывалю была прадстаўлена конкурсная выстава “Беларуская лялька”.

Майстар-клас па прадзенні праводзіць Валянціна Жорава з вёскі Баратаеўка

Тым часам за кулісамі — апошнія прыгатаванні перад пачаткам канцэрта. У часе ўрачыстай цырымоніі адкрыцця з вітальным словам да ўсіх звярнулася (і гэта ўжо традыцыя!) Анастасія Дзяменцьева — вядомая ў нашым краі спявачка, вядучая на розных імпрэзах, кіраўніца Новасібірскага Цэнтра беларускай культуры. Гучала са сцэны й дзівосная беларуская мова, на якой Валянціна Панежа вітала ўдзельнікаў і гасцей свята, гледачоў у зале. Пасля й пачалася канцэртная частка свята. “Белавежская пушча”, “Купалінка”, “Рэчанька”… Шмат родных кожнаму беларусу песень гучала ў той дзень. А інтэрпрэтацый колькі было, творчых знаходак!

Для супрацоўнікаў ЦБК фестываль “У гасцях у Лявоніхі” — штогадовая, звычная, здавалася б, падзея. Але кожны раз, як бачыш зацікаўленасць, захапленне, а часам і слёзы радасці ў вачах людзей — разумееш: мы ж такую вялікую справу робім! Мы ўсе разам тчэм непаўторныя ўзоры сібірскага жыцця з надзвычай каштоўнага матэрыялу пад назвай “беларуская культура”. Якая — жывая ў кожную хвіліну, калі да яе звяртаешся, якая — бясконца энергетычная, надзвычай пластычная, здольная пранікаць праз многія сцены й бар’еры: таму й знаходзіць шчыры водгук у сэрцах сібіракоў розных узростаў, прафесій.

Калі ж мы вярталіся пасля фестывалю назад у Новасібірск, то нашы госці з Магілёва, узрушаныя ўбачаным у сібірскай глыбінцы, прызнаваліся: “Нават і ўявіць сабе не маглі, што ў Сібіры столькі аматараў беларускай культуры!” І чуць такія словы было нам вельмі прыемна. Бо кожная “Лявоніха” для нас — гэта ж і радаснае Жніво, і адначасова дзівосная Сяўба на ўраджайнай ніве беларускай культуры.

Таццяна Нялюбіна, метадыстка Новасібірскага Цэнтра беларускай культуры.

Фота аўтара.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Спорт

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

Павел Старасвецкі: «Зоркі, здольныя ззяць на сусветным узроўні, павінны загарацца ў рэгіёнах»

У новай рубрыцы «Малыя адрасы вялікага спорту» пастараемся растлумачыць, чаму ўся Беларусь жыве спортам у прамым сэнсе гэтага слова.

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.