Вы тут

Калі гэта не Хрыстос перад намі, то хто?


Рэцэнзія для тых, хто ўжо паглядзеў польскі шэдэўр «Божае цела».

Выкусіце, клерыкалы: гэтым разам вас навучыць жыццю не святар, што было б лагічна, а зняволены, які ім прыкінуўся. У рэжысёра Яна Камасы сапраўдныя падзеі ператвараюцца ў поўную падрыўных падтэкстаў гісторыю, скрозь якую абсалютнай метафарай праходзіць чалавечае, татуіраванае, заганнае «божае» цела. Місія лжэксяндза Томаша, якая адвяргае цырыманіяльныя правілы і сама не без граху, не кажучы ўжо пра тое, што нічога добрага тут не здарылася б без падману, поўніцца прыцягальнай гарэзлівасцю. Намінаваная на «Оскар» польская карціна «Божае цела» з магічным Барташам Бяленем у галоўнай ролі выйшла ў беларускі пракат і прыгожа пастукалася ва ўнутраныя бар’еры гледача.


Мала паказаць па сутнасці кур’ёзны сюжэт, у якім малады чалавек па дарозе з калоніі да выпраўленчых работ спыняецца ў маленькім горадзе і на поўным сур’ёзе іграе ў ім ролю святара, — трэба зрабіць з дваццацігадовага Даніэля сучаснага Хрыста. І яшчэ радыкальней увасобіць у ім чалавечую прыроду боскага: цягнучы за сабой злачыннае мінулае, Даніэль дыміць цыгарэтай, танцуе пад электронную музыку і займаецца сексам, што супярэчыць сталым стэрэатыпам аб святасці.

Тым не менш увасабленне ў ксяндзу Томашу сучаснага варыянта божага стаўленіка з развіццём падзей становіцца ўсё больш відавочным. Ён захоплівае таленавітымі пропаведзямі, вылечвае жыхароў гарадка — праўда, зямнымі спосабамі — ад глыбокіх траўмаў і суправаджаецца атрыбутамі свайго біблейскага прататыпа. Хоць бы здраднікам Юдам у выглядзе былога «калегі» па зняволенні, які здае Даніэля кіраўніцтву калоніі, а потым раскайваецца, або пралітай крывёю, толькі не ад цярновага вянка, а ад бойкі ў фінале, сімвалічнасць якой пацвярджаецца яе пазакантэкстнасцю — канфлікт не мае ні прычын, ні перадгісторыі.

Дваістая — узнёслая і зямная — прырода галоўнага героя падмацоўваецца кампазіцыяй планаў і іх унутраным мантажом, а ў эстэтыцы кіно Ян Камаса аказаўся вельмі добры. Ракурс, з якога твар Даніэля перакрываецца крыжом з атрыбутыкі набажэнстваў, яшчэ ў калоніі вянчае яго боскім пачаткам — перад ад’ездам ён будзе маліцца ў адзіноце, і ў камеры выключыцца святло, якое «вернецца» толькі ў фінальнай сцэне, калі Даніэль, наадварот, выйдзе з цёмнага памяшкання на яркае дзённае асвятленне, маўляў, місія завершаная, канец фільма, а суседства цёмнага і светлага ўсім усё растлумачыла.

Паміж гэтым — напрыклад, надзвычай вытанчаная і сімвалічная сцэна своеасаблівага распяцця, у якой ксёндз Томаш, стоячы перад алтаром і паглядзеўшы на ўкрыжаванага Хрыста за ім, здымае перад парафіянамі адзенне, разводзіць рукі і паказвае ім сваё тленнае «божае» цела, з-за чаго фармальная прывязка назвы фільма да каталіцкага свята, напярэдадні якога пачынаецца дзеянне, здасца, вядома ж, спрошчанай. Ды і што казаць, з «незямной» знешнасцю абранага на галоўную ролю Барташа Бялені ўжо ўсё зразумела — варта прабегчы па гэтых буйных планах, у якіх Даніэль водзіць вуснамі, плануючы наступнае дзеянне, каб падумаць: калі гэта не Хрыстос перад намі, то хто?

(З гэтага пункту гледжання самым блізкім «Божаму целу» фільмам сярод намінантаў на «Оскар» з’яўляецца, як ні дзіўна, «Джокер» Тода Філіпса, які таксама «крамольна» пераасэнсоўвае вобраз Хрыста і выкарыстоўвае выдасканаленыя да яго адсылкі.)

На пасаду фальшывага ксяндза Даніэля і праўда прыводзіць як бы прадбачанне, якому ён беспаспяхова супраціўляецца, але місію сваю — у канцы мы бачым яе вынік — выконвае, яшчэ і з азартам. Антыклерыкальны выпад Яна Камасы зразумелы: рэлігійнасць стала толькі прычынай лічыць сябе добрым чалавекам, хоць зусім не гарантуе адпавядання маральным якасцям. Крывадушны прыход у «Божым целе» шчыра выконвае знешнія каталіцкія фармальнасці, наведвае богаслужэнні, вызнаецца, моліцца за загінулых у аўтакатастрофе маладых людзей, але назапашвае нянавісць і нецярпімасць, якія нядаўняя траўма толькі дапамагае выявіць.

Пачынаючы са слоў сапраўднага ксяндза ў пачатку фільма, маўляў, маліцца можна дзе заўгодна і Бог паўсюль, «Божае цела» метадычна развенчвае царкву і рэлігійнасць як такую. Таму ясна, чаму аўтарам трэба было зрабіць больш «годным» кагосьці адкрыта неідэальнага. Да таго ж менавіта ў не абцяжараным унутранымі ўстаноўкамі і ўяўленнямі Даніэлю з яго заганамі і цыгарэтай паміж пальцамі знайшлася якасць Хрыста, якой не хапіла жыхарам мястэчка, — здольнасць не асуджаць і дараваць. А калі кагосьці закране ўзвышэнне зняволенага, ён усё роўна наўрад ці зможа яго аспрэчыць, бо згодна з фільмам ксяндзом — мы гэта бачым па шматлікіх візуальных знаках — Даніэля прызначыў ледзь не сам Бог. І меў рацыю.

Ян Камаса паўстаў паважлівым да гледача і захапляючым апавядальнікам — ён не задае складаных галаваломак, а практычна ў лоб, затое вельмі прыгожа, паказвае, хто ёсць хто. Вуснамі свайго галоўнага героя рэжысёр не забывае іранічна пакрытыкаваць скнарнасць (вось і чарговая адсылка да Хрыста), а цела Даніэля аддаць таксама і каханню — да актуальнай у Ватыкане дыскусіі аб тым, ці павінен каталіцкі святар даваць зарок бясшлюбнасці.

Дарэчы, сексуальная сувязь ксяндза Томаша становіцца пэўным актам ініцыяцыі, у чым бачыцца паралель з «Ідай» Паўла Паўлікоўскага, таксама ў свой час намінаваным на «Оскар» польскім фільмам («Оскар» ён урэшце і атрымаў), дзе перад тым, як стаць манашкай, галоўная гераіня Ганна выходзіць з манастыра і праводзіць ноч з прывабным музыкам. Яшчэ адна адсылка да Паўлікоўскага гучыць бесперапыннай народнай песняй у выкананні Элізы, як гэта было ў «Халоднай вайне», дзе ў адной са сцэн камера павольна агінала галоўную гераіню Зулу, пакуль тая спявала «Dwа sеrduszkа, сztеrу осzу». Ой-ой-ой.

Уся гэта раскоша з маштабнымі алюзіямі, містычным паўзмрокам і стрыманым гумарам — адзін з самых бліскучых бунтаў у сучасным кіно. Кур’ёз, які ляжыць у аснове фільма, выкарыстоўваючы ў тым ліку сваю недарэчнасць, ператвараецца ў падрыўное для кансерватыўных катэгорый выказванне. Крытыка каталіцкай царквы загучала іншымі, бясспрэчна пераканаўчымі, інтанацыямі і настаяла, што часам Бог у нейкім іншым месцы, але не ў касцёле, а тым, што мы робім адпаведна з рэлігіяй, хутчэй за ўсё песцім свае ўнутраныя абмежаванні.

На Мінскім міжнародным кінафестывалі «Лістапад» «Божае цела» атрымала Прыз за найлепшую рэжысуру, Спецыяльны прыз журы і Прыз глядацкіх сімпатый. У беларускі пракат карціна на польскай мове з субцітрамі на рускай выйшла ў абыход расійскаму дзякуючы «Арт Карпарэйшн» і Польскаму інстытуту ў Мінску і будзе паказвацца да 29 студзеня.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.