Вы тут

Сырая цёплая зіма: ратаваць кветкі ці махнуць рукой?


Такой цёплай зімы не было за ўсю гісторыю метэаназіранняў. І як вынік гэтай анамаліі — зазелянела трава, пачалі распускацца першыя кветкі, нават абрыкосы зацвілі.

Зразумела, што такое пацяпленне не найлепшым чынам адбіваецца на раслінах, якія прывыклі да суровых зім. Якіх наступстваў трэба чакаць і што рабіць з адчувальнымі да перападаў тэмператур садовымі кветкамі?


У чым небяспека?

Цёплае і вільготнае надвор'е зімой нясе небяспеку для раслін. Яно можа справакаваць іх рост, а маразы, калі раптам прыйдуць, загубяць набраклыя пупышкі і зялёныя парасткі. Ад гэтага вясной цвіценне можа быць слабае ці ўвогуле адсутнічаць. Расліны не загінуць, але вясной іх трэба будзе падлячыць і падкарміць.

З-за адсутнасці снегу пры паніжэнні тэмпературы да -10 °C можа пацярпець каранёвая сістэма ягадных культур і садовых кветак. Каб гэтага не здарылася, міжраддзі каля іх каранёў варта замульчыраваць пластом сухога пілавіння або ігліцы таўшчынёй не менш за 5 сантыметраў. Не зашкодзіць і ўкрыццё лапнікам.

Ураджайнасць і прыгажосць цвіцення раслін часта залежаць ад таго, чым яны замульчыраваны.

Да гібелі мнагалетнікаў могуць прывесці грыбковыя інфекцыі, узбуджальнікі якіх асабліва добра сябе адчуваюць ва ўмовах павышанай вільготнасці і плюсавых тэмператур. Спрыяе такое надвор'е і лепшай зімоўцы шкоднікаў, якія не вымерзнуць у сваіх сховішчах. Таму з пачаткам вясны з імі трэба будзе весці барацьбу.

Мнагалетнік у цёплую зіму

Выжывуць ці не любімыя кветкі, залежыць ад таго, як зменіцца надвор'е і наколькі хутка пахаладае, а таксама ад своечасова ажыццёўленых дзеянняў па іх выратаванні. Калі маразы надыдуць рэзка, гэта выкліча стрэс і пашкоджанні ў раслін, але наўрад ці загубіць іх. Значна больш небяспечнае для іх чаргаванне пахаладання і адлігі.

Найбольш адчувальныя да перападаў тэмператур ружы, гартэнзіі, дэкаратыўны бружмель, лаванда і некаторыя іншыя кветкі, Таму іх і хаваюць на зіму. Аднак калі гэтае сховішча глухое, то-бок не праветрываецца, а ад плюсавых тэмператур глеба пад ім не замерзла, выдзяляецца кандэнсат, і расліны могуць папрэць і вымакнуць.

Каб гэтага не здарылася, а таксама і для прытоку кіслароду да мнагалетнікаў неабходна перыядычна іх раскрываць. Калі ж вы схавалі свае кветкі на зіму пад лапнікам, мешкавінай або агравалакном, якое дыхае, то можаце быць спакойныя: выправанне ім не пагражае. Такое сховішча не мае патрэбы ў праветрыванні.

Найлепшая «апратка» для раслін

Калі ўвосень не праведзена апрацоўка шматгадовых культур, то засцерагчы іх ад хвароб і шкоднікаў можна і зараз, пакуль трымаецца плюсавая тэмпература. Для гэтага расліны трэба вызваліць са сховішча і апрацаваць 3-працэнтнай бардоскай вадкасцю, якая абароніць іх ад мучністай расы і іншых грыбковых інфекцый.

Замест гэтага прэпарату для апырсквання таксама можна выкарыстоўваць 3-працэнтны раствор меднага або жалезнага купарвасу. Пры апрацоўцы медным купарвасам гіне да 70 % лічынак і дарослых шкоднікаў, якія зімуюць, а таксама міцэліі і споры грыбоў, узбуджальнікі іншых захворванняў. Жалезны купарвас спалучае ў сабе ўласцівасці інсектыцыду, фунгіцыду і мікраўгнаення. Ён таксама эфектыўны супраць шкоднікаў, а яшчэ мхоў і лішайнікаў, выкарыстоўваецца для прафілактыкі і лячэння грыбковых захворванняў, такіх як мучністая раса, шэрая гнілата і іншыя.

Некаторыя ж мнагалетнікі зімуюць проста пад мульчай з лістоты. Ад вільготнага надвор'я пад ёй могуць развівацца грыбковыя інфекцыі. Таму лістоту лепш прыбраць, а расліны пасля апрацоўкі фунгіцыдамі ўкрыць іншай сухой мульчай.

У час адлігі могуць з'явіцца парасткі цыбульных кветак. Але з надыходам халадоў яны адамруць. Кветкавыя ж пупышкі мароз, хутчэй за ўсё, не закране, бо яны знаходзяцца ў зямлі. Таму ёсць надзея ўбачыць іх цвіценне вясной. На жаль, першацветы, якія ўжо распусціліся, другі раз за сезон не зацвітуць.

Вільготная і цёплая зіма небяспечная для шматгадовых культур. Але калі правесці апрацоўкі і зрабіць укрыццё, якое праветрываецца, праблем ад неспрыяльных умоў надвор'я можна пазбегнуць.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.